Міністр адукацыі знайшоў вінаватых у перапоўненасці першых класаў
1- 31.08.2026, 16:45
- 1,264
Да чаго прыводзіць «аптымізацыя» школаў у Беларусі.
Напярэдадні Дня ведаў міністр адукацыі Андрэй Іванец працягвае пераконваць бацькоў, што з сістэмай адукацыі ў нашай краіне ўсё выдатна і цудоўна. А (асобныя недахопы https://charter97.org/ru/news/2026/8/19/695295/) — гэта нават перавагі, калі паглядзець з правільнага ракурсу. Ну, або ў створаных праблемах і самі беларусы вінаватыя, піша «Салідарнасць».
Напрыклад, перапоўненыя першыя класы Іванец патлумачыў тым, што ўстановы адукацыі пераходзяць з двухзменнага на адназменны рэжым працы. А пераходзяць, у сваю чаргу, таму што гэта «адчувальнае пытанне для бацькоў»: лічы, для вас жа стараюцца.
Міністр паведаміў, што толькі 15% беларускіх школ у новым навучальным годзе будуць навучаць школьнікаў у дзве змены, а 85% — у адну. І таму, маўляў, дырэктары шукаюць магчымасць «ушчыльніць» дзяцей, і памяшканняў можа не ставаць.
Праўда, Іванец у сваёй звыклай манеры, відаць, забыў: з 2019 года пастановай Савета Міністраў і так былі забароненыя другія змены для першакласнікаў. І для ўсіх астатніх класаў, акрамя 6–7-х і часткова 8-х (калі там не было паглыбленага вывучэння прадметаў).
Акрамя таго, у апошнія некалькі гадоў колькасць першакласнікаў у Беларусі няўхільна скарачаецца: калі ў 2021 годзе ўпершыню селі за парты 118 тысяч дзяцей, то ў цяперашнім — 87,5 тысячы. То-бок справа дакладна не ў малых.
Дык справа ў недахопе памяшканняў, як сцвярджае міністр? Часткова. Але вось яшчэ пара красамоўных лічбаў: толькі за апошнія пяць гадоў у краіне стала на 200 школаў менш. Пагоршылася і сітуацыя з настаўнікамі: калі ў 2019/2020 навучальным годзе, з улікам сумяшчальнікаў, у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі працавалі 111,2 тысячы чалавек, то ў мінулым — крыху больш за 98 тысяч. У сярэднім на 10 вучняў прыпадаў адзін педагог.
І тут ужо круціся — не круціся, абсталёўвай раней не выкарыстаныя памяшканні і дзіцячыя сады пад першакласнікаў ці не — але калі працаваць няма каму, а нагрузка на настаўнікаў каласальная, класы будуць перапоўненыя.
А адносна свабодныя, дзеляцца досведам бацькі многіх школьнікаў, — на супрацьлеглым канцы горада (калі гаворка пра Мінск) або ў іншым населеным пункце (тыпова для сельскай мясцовасці, дзе закрываюць малакомплектныя школы). З гэтай нагоды летась кіраўнік Беларусі выказаўся: маўляў, не праблема сям'і «падвезці дзетак 5 кіламетраў», калі гэтая сям'я «знайшла магчымасць купіць два-тры аўтамабілі». Астатнія, традыцыйна, відаць, павінны круціцца як-небудзь самі.