Папа без дывізій: як Леў XIV разбурае разлікі Пуціна
- Канстанцін Эггерт
- 31.08.2026, 17:05
- 1,460
Пантыфік вярнуў значэнне традыцыйнай дыпламатыі.
Візіт кіраўніка ватыканскай дыпламатыі ў Маскву паказаў: пры Льве XIV Святы Пасад адмовіўся ад ранейшай дваістасці ў стаўленні да агрэсіі РФ супраць Украіны. І Крэмлю гэта наўрад ці спадабаецца.
Найяскравейшай ілюстрацыяй візіту біскупа Пола Рычара Галлахера у Маскву стала яго фота з саветнікам Пуціна Юрыем Ушаковым. Ушакоў літаральна ззяе радасцю — маўляў, перамовы з пункту гледжання Крэмля прайшлі выдатна.
Што паказаў візіт ватыканскага міністра ў Маскву
На твары сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту пры Святым Пасадзе (такі поўны афіцыйны тытул міністра замежных спраў папы рымскага) не відаць нават ценю ўсмешкі. Брытанскі біскуп ясна даў зразумець: гэта для яго не самая прыемная сустрэча. Кантраст з яго цёплай усмешкай на фота сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім падчас візіту ва Украіну ў ліпені, як кажуць, красамоўны. Галлахер у дыпламатычнай службе з 1984 года, сакратаром па міжнародных справах служыць з 2014-га. Ён выдатна ведае, якое паведамленне нясе фота з Ушаковым — тое самае, якое прагучала на яго прэс-канферэнцыі з Сяргеем Лаўровым: «Гэтая вайна павінна скончыцца». І, болей за тое, ясна, хто менавіта павінен ініцыяваць яе завяршэнне — Масква.
Трохдзённы візіт у Маскву пасланца кіраўніка рымска-каталіцкай царквы — другі для Галлахера — быў нестандартны па праграме менавіта праз сустрэчу з Ушаковым, першую для абодвух дыпламатаў. Зносіны з супрацоўнікам адміністрацыі Пуціна мусілі сімвалізаваць асаблівую важнасць, якую пантыфік надае кантактам з Масквой — дзеля спынення расійска-ўкраінскай вайны.
Дакладнасць выказванняў Галлахера адлюстроўвае істотную змену ў падыходах папы Льва XIV да Расіі ў параўнанні з яго папярэднікам. «Папа Бэргольё», як часта называлі спачылага Францішка, мала разбіраўся ў гісторыі наогул, а ў еўрапейскай асабліва. Ён мала што ведаў пра сучасную Расію (хутчэй за ўсё, не хацеў ведаць), затое не любіў Злучаныя Штаты і Еўрапейскі саюз — за, як ён лічыў, несправядлівасці, якія яны чыняць краінам «глабальнага Поўдня». Усё гэта цалкам задавальняла расійскі рэжым і яго слуг — епіскапат РПЦ на чале з патрыярхам Кірылам.
Спадчына папы Францішка і расійскі фактар
Пракрамлёўская «апрацоўка» Францішка прадстаўнікамі РПЦ ішла бесперапынна. У 2015 годзе ён прыняў у Рыме Пуціна — і не прамовіў ні слова пра анексію Крыму. У 2016 годзе Маскве ўдалося ўгаварыць яго сустрэцца з патрыярхам Кірылам, ды яшчэ ў сталіцы расійскага кліента — Кубы. На жаль, першая ў гісторыі асабістая размова кіраўнікоў рымска-каталіцкай і рускай цэркваў адбылася паміж двума іерархамі, аднаго з якіх небезпадстаўна падазраюць у шматгадовай працы на савецкую тайную паліцыю, а другога — у маральнай баязлівасці ў перыяд праўлення вайсковай дыктатуры ў яго роднай Аргентыне.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года Францішак заняў пазіцыю дэманстратыўнай «раўнааддаленасці» ад абодвух бакоў канфлікту і гаварыў толькі пра абстрактны «мір». Розніца паміж агрэсарам і яго ахвярай у афіцыйных заявах Святога Пасаду была фактычна размытая. Для Францішка было важна выглядаць нейтральным у вачах краін глабальнага Поўдня — галоўнай базы росту для каталіцкай царквы.
Бо ў Бразіліі, Індыі, дзяржавах Афрыкі шырока распаўсюджаныя — шмат у чым дзякуючы намаганням крэмлёўскай прапаганды — уяўленні пра тое, што вайна — вынік «няправільнай» палітыкі калектыўнага Захаду ў дачыненні да Расіі. Акрамя таго, Францішак часта выказваўся імправізавана, чым ставіў у нязручнае становішча ватыканскі Дзяржаўны сакратарыят. Дасведчаны бюракрат Галлахер публічна абараняў пазіцыю Францішка, але, калі верыць крыніцам у Рыме, без энтузіязму.
Новая мова ватыканскай дыпламатыі
Пры Льве XIV, абраным на папскі прастол у 2025 годзе, публічная рыторыка Ватыкана прыкметна змянілася. Першы пантыфік-амерыканец, нягледзячы на велізарны досвед жыцця і місіі менавіта на глабальным Поўдні, не спалохаўся абвінавачанняў у «потака́нні Захаду». Кажучы пра вайну, ён настойвае на выкананні міжнароднага права, непарушнасці межаў, асуджае мілітарызм і шавінізм. З кафедры касцёла Бяззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Маскве біскуп Галлахер ад імя папы заклікаў расійскіх католікаў стаць «стваральнікамі міру ў нашым паўсядзённым жыцці» — то бок, па сутнасці, адхіліць дзяржаўную прапаганду нянавісці.
Леў XIV ужывае ў дачыненні да Украіны каталіцкую канцэпцыю «справядлівай вайны»: самаабарона ахвяры агрэсіі і дапамога ёй з боку іншых маральна апраўданыя і вартыя падтрымкі. У адрозненне ад Францішка, цяперашні пантыфік не імправізуе і вярнуў значэнне традыцыйнай дыпламатыі. Праграма і публічныя выступы ватыканскага міністра ў Маскве — прыклад гэтага.
Уладзімір Пуцін і яго кадэбэшнае асяроддзе даўно пазбавіліся страху перад міфічнымі «тайнымі сеткамі ўплыву Ватыкана». За час, калі Юрый Андропаў узначальваў КДБ СССР, гэта было неад'емнай часткай канспіралагічнай лубянскай карціны свету. Сёння Крэмль не лічыць Святы Пасад важным глабальным гульцом — у тым ліку таму, што Ватыкан канцэнтруе ўвагу на Азіі, Афрыцы, праблемах міграцыі і аховы прыроды. У вачах расійскага рэжыму ўсё гэта сведчыць пра адсутнасць рэальнай «сілы».
Чаму маральны аўтарытэт важнейшы за дывізіі
Пуцін цалкам мог бы паўтарыць насмешлівую фразу Сталіна, сказаную ў 1935 годзе французскаму палітыку П'еру Лавалю: «Колькі дывізій у папы?» Аднак папа, з аднаго боку, гаворыць пра гатоўнасць садзейнічаць мірным ініцыятывам, але з другога — не прапануе сябе ў пасярэднікі. Падобна на тое, што менавіта таму, што не хоча даваць Пуціну шанец публічна прынізіць пантыфіка адмовай. Але не толькі таму.
Адначасова папа сур'ёзна разглядае магчымасць прыняць запрашэнне Уладзіміра Зяленскага прыехаць з візітам ва Украіну. Сакратар Галлахер каротка згадаў пра гэта ў ліпені пасля наведвання Кіева. Я ўпэўнены: не прыехаць ва Украіну папа проста не можа. Заявіць, напрыклад, што візіт адбудзецца «толькі пасля дасягнення міру», — значыць выставіць папу баязліўцам і абразіць не толькі Зяленскага, але і больш як чатыры мільёны ўкраінскіх католікаў. Атрымаецца, што Леў XIV кідае іх на волю лёсу дзеля хібна зразуметай дыпламатычнай «нейтральнасці». Акрамя таго, у Рыме мусілі зразумець (дарэчы, і паводле вынікаў паездкі Галлахера): Расія пры гэтым рэжыме вайну не спыніць.
Смеласць як палітычны рэсурс папы
Папа — вольавы чалавек і не раз рызыкваў жыццём. Ён застаўся служыць у Перу ў разгар кампаніі тэрору з боку мааісцкай арганізацыі «Сэндэра Люмінаса». Тэрарысты літаральна палявалі на святароў. Для іх нават самыя левавыя каталікі былі ворагамі.
Думаю, пантыфік будзе гатовы прыехаць не толькі ў Кіеў, але і ў Бучу (дзе ў 2022 годзе ўжо пабываў Пол Рычард Галлахер) і, магчыма, у прыфрантавую зону. Гэты візіт стане сімвалам салідарнасці пантыфіка з ахвярамі вайны і яго вернасці пастырскаму пакліканню. Ён можа падштурхнуць многіх у краінах глабальнага Поўдня інакш паглядзець на агрэсію Расіі, што наўрад ці спадабаецца Крэмлю.
Параўнанняў з паводзінамі Пуціна ў выпадку візіту таксама не ўдасца пазбегнуць. Бо расійскі «вярхоўны галоўнакамандуючы» ніколі не наведваў франтавыя часткі. Ён абмяжоўваўся тылавымі пазіцыямі. Нават у Курскай вобласці пабываў толькі пасля заканчэння ўкраінскай атакі — і ўдалечыні ад месцаў баёў.
У папы рымскага і праўда няма ніводнай дывізіі. Затое ёсць тое, чаго няма ў Пуціна: вера, воля і смеласць.