28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Балгарыі адмовіўся купляць знішчальнікі ў Расеі

7
Прэзідэнт Балгарыі адмовіўся купляць знішчальнікі ў Расеі
РУМЭН РАДЗЕЎ
Фота: AFP

Краіна цалкам пераарыентуецца на тэхніку заходняй вытворчасці.

Балгарыя не зможа закупіць у Расеі новыя знішчальнікі праз зацверджаныя патрабаванні аб закупцы тэхнікі ў краінах NАТО. Пра гэта прэзідэнт Балгарыі Румэн Радзеў распавёў у інтэрв'ю газеце «Коммерсант».

План мадэрнізацыі ВПС краіны, на ўзбраенні якіх з савецкіх часоў стаяць знішчальнікі МіГ-29, быў зацверджаны яшчэ ў 2016 годзе і мае на ўвазе закупку новай авіятэхнікі. Аднак, як паведаміў Радзеў, пастаўка новых знішчальнікаў таго ж тыпу з Расеі немагчымая.

«Балгарыя заявіла аб намерах мадэрнізаваць свае вайскова-паветраныя сілы з дапамогай закупкі баявога самалёта новага тыпу. Згодна з патрабаваннямі, зацверджаным балгарскім урадам, знішчальнікі павінны быць зробленыя і знаходзіцца на ўзбраенні прынамсі ў адной з дзяржаў-чальцоў NАТО ці ЕЗ», - растлумачыў кіраўнік Балгарыі.

Радзеў адзначыў, што гэтая пастанова выглядае «лагічна з пункту гледжання нашых супольных абавязанняў». «Так што давайце будзем рэалістамі - купля дадатковых знішчальнікаў МіГ немагчымая», - падсумаваў ён.

Разам з тым Радзеў пацвердзіў, што Балгарыя мае намер і далей з дапамогай Расеі мадэрнізаваць самалёты савецкай вытворчасці, якія стаяць на яе ўзбраенні. «Нягледзячы на тое што Балгарыя з'яўляецца чальцом NАТА, яна прадаўжае ахоўваць сваю паветраную прастору з дапамогай знішчальнікаў МіГ-29, і ў сувязі з гэтым неабходна забяспечваць іх своечасовую тэхнічную падтрымку», - сказаў ён.

Рамачнае пагадненне з расейскай карпарацыяй «МіГ» пра рамонт знішчальнікаў на суму €40,5 млн ён назваў «яшчэ адным довадам неабходнасці аднаўлення ўзаемавыгадных стасункаў з Расейскай Федэрацыяй». У той жа час прэзідэнт Балгарыі адзначыў, што гэтай сумы не дастаткова для таго, каб цалкам развязаць праблему з тэхнічнай падтрымкай знішчальнікаў. Але Сафія ўсё ж зможа «самастойна гарантаваць свой паветраны суверэнітэт», дадаў ён.

На ўзбраенні Балгарыі стаіць 12 баявых знішчальнікаў МіГ-29 і тры вучэбна-баявыя машыны гэтага тыпу. Гэтыя самалёты былі закупленыя ў СССР у канцы 1980-х гадоў. У 2015 годзе балгарскі парламент ухваліў пагадненне аб рамонце рухавікоў шасці машын у Польшчы. Прычынай пераходу на абслугоўванне ў Польшчы ўлады Балгарыі называлі таннасць прапанаванага абслугоўвання.

Кантракт Балгарыі і Польшчы быў укладзены насуперак пратэстам карпарацыі «МіГ», якая сцвярджала, што ў Польшчы няма адпаведнай ліцэнзіі і дакументацыі. Генеральны дырэктар Расейскай самалётабудаўнічай карпарацыі «МіГ» Сяргей Караткоў заяўляў, што неабходную для рамонту дакументацыю Варшава атрымала ад Кіева. «Украіна не мела права перадаваць гэтую інтэлектуальную ўласнасць. Выклікае здзіўленне, як так можна парушаць міжнародныя правы», - сцвярджаў Караткоў.

Аднак па мадэрнізацыю пакінутых на ўзбраенні МіГ-29 Балгарыя ўсё ж пастанавіла звярнуцца да іх вытворцы. У 2017 годзе з адпаведнай прапановай Сафія звярнулася да карпарацыі «МіГ», рамачнае пагадненне было падпісанае ў лютым 2017 года.

Савецкія МіГі павінны яшчэ некалькі гадоў заставацца на ўзбраенні краіны, аднак пазней Балгарыя мае намер іх замяніць на самалёты заходняй вытворчасці. У 2016 годзе спікерка Народнага сходу Балгарыі Цэцку Цачэву заяўляла, што Балгарыя плануе набыць восем ці дзевяць новых або патрыманых знішчальнікаў да 2021 года, у 2023-м павінны быць закуплены яшчэ восем самалётаў. Са звестак Bloomberg, у якасці замены МіГ-29 Балгарыя разглядае швэдскія Saab Gripen C/D, патрыманыя Eurofighter Tranche 1 або амерыканскія F-16 MLU.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках