27 красавiка 2024, Субота, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнты духоўнай семінарыі ў Жыровічах атрымалі позвы ў ваенкамат

17
Студэнты духоўнай семінарыі ў Жыровічах атрымалі позвы ў ваенкамат

У колах духавенства кажуць, што гэта выключны выпадак, раней нікога са святароў у войска не заклікалі.

Каля 20 клірыкаў каталіцкай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні, некалькі выхаванцаў каталіцкай семінарыі ў Пінску, дзясяткі студэнтаў праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Жыровічах атрымалі позвы. Гэта адбылося ўпершыню, раней нікога са святароў у войска не заклікалі, піша bobruisk.ru.

У Менскай духоўнай акадэміі позвы прыйшлі 18 навучэнцам. Таксама выклікі ад ваенкамата атрымалі маладыя святары і дыяканы, якія па ўзросце падпадаюць пад заклік. У некаторых позвах значыцца, што 28 траўня прызыўнікі павінны прыйсці ў ваенкамат з рэчамі.

Раней для праваслаўных і каталіцкіх святароў заўсёды дзейнічала адтэрміноўка ад войска, пакуль не скончаць вучыцца. Заклікалі тых, хто не паспеў стаць святаром або абзавесціся сям'ёй і дзецьмі, святароў, якія дзейнічаюць не заклікалі ніколі. Частка семінарыстаў-прызыўнікоў вераць, што гэта памылка, яны толькі пройдуць медкамісію, а потым працягнуць вучыцца.

- Камусьці далі адтэрміноўку паводле стана здароўя, хтосьці прыдатны. Мне тэлефанавалі з ваенкамата, і мы ўсё ўладзілі. Усю сітуацыю я не ведаю, але нібыта час прызыву перанеслі з 28 на 31 траўня. Можа, і не ўсюды так. Дагэтуль, спадзяемся, усё вырашыцца, - сказаў карэспандэнту «ГС» адзін са студэнтаў Менскай духоўнай семінарыі, якая размяшчаецца ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна.

Каталіцкія біскупы Беларусі 23 траўня звярнуліся да прэзідэнта з просьбай разгледзець пытанне аб выдаванні адтэрміноўкі ад праходжання вайсковай службы семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту, піша tut.by.

Яшчэ ў жніўні 2017 года касцёл падаў інфармацыю для выдавання адтэрміноўкі для святароў і студэнтаў вышэйшых духоўных навучальных устаноў на 2018 год. Аднак у траўні 2018 года семінарысты і святары прызыўнога ўзросту пачалі атрымліваць позвы.

- У сувязі з гэтым, а таксама з улікам усё яшчэ недастатковай колькасці мясцовых святароў для работы ў прыходах Беларусі, і прымаючы да ўвагі тое, што ў выпадку прызыву студэнтаў вышэйшыя духоўныя семінарыі не змогуць існаваць, Канферэнцыя Каталіцкіх біскупаў у Беларусі звярнулася да Лукашэнкі з просьбай разгледзець пытанне аб выдаванні адтэрміноўкі, - гаворыцца ў паведамленні канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Як правіла, згодна з даручэннем Савета міністраў ад 13 красавіка 2006 года ў рамках падрыхтоўкі праекта ўказа прэзідэнта Беларусі Упаўнаважаны ў правах рэлігій і нацыянальнасцяў накіроўвае ў Міністэрства абароны хадайніцтва аб выдаванні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую службу для святароў і студэнтаў вышэйшых духоўных навучальных устаноў. Кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў сказаў «Радыё Свабода», што ведамства «дзейнічае ў рамках заканадаўства». «Калі няма падстаў для адтэрміновак, то выклікаюць. І калі, як вы кажаце, кагосьці заклікаюць, то ўсё робіцца ў межах заканадаўства», - заявіў Макараў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках