10 траўня 2024, Пятніца, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: Падчас бою з наёмнікамі з РФ у Сірыі загінулі ад 200 да 300 чалавек

NYT: Падчас бою з наёмнікамі з РФ у Сірыі загінулі ад 200 да 300 чалавек

Амерыканцы не страцілі ніводнага чалавека падчас чатырохгадзіннага бою ў правінцыі Дэйр-эз-Зор.

The New York Times, спасылаючыся на апублікаваныя матэрыялы Пентагона і сведчанні вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, распавяла пра чатырохгадзінны бой за нафтаперапрацоўчы завод у правінцыі Дэйр-эз-Зор 7 лютага. Выданне ўказвае, што сярод вайскоўцаў, што наступалі на пазіцыі амерыканцаў, былі ў тым ліку і найміты з Расеі, паведамляе РБК.

Газета ўказвае, што каля завода ў Дэйр-эз-Зоры знаходзіліся 30 амерыканскіх жаўнераў з атрада «Дэльта» і рэйнджараў, якія дапамагалі курдскім атрадам. А 15:00 паводле мясцовага часу яны атрымалі звесткі аб тым, што на іх рухаецца вялікі атрад, а мясцовасць перад імі разведваюць беспілотнікі. Пентагон сцвярджае, што наступала блізу 500 чалавек з праасадаўскіх сіл, якіх падтрымлівалі 27 танкаў і бронемашын. У гэтай сувязі вайсковая авіяцыя ў раёне была прыведзеная ў баявую гатоўнасць, а жаўнеры каля завода падрыхтаваліся да абароны на выпадак магчымага нападу.

Прыкладна а 20:30 паводле мясцовага часу праасадаўскія танкі Т-72 наблізіліся да заводу на адлегласць блізу паўтара кіламетра. Яшчэ праз паўтары гадзіны ў раён падцягнуліся і астатнія сілы наступу, якія а 22:30 адкрылі агонь з артылерыі, мінамётаў і танкаў. Амерыканскія спецназаўцы былі вымушаныя схавацца.

NY Times сцвярджае, што на працягу першых 15 хвілін бою амерыканскія вайскоўцы спрабавалі звязацца з расейскімі калегамі ў Сірыі і пераканаць іх спыніць наступ. «Калі гэтыя спробы пацярпелі няўдачу, спецназаўцы каля завода зрабілі папераджальныя стрэлы. Але праціўнік працягваў наступаць», - гаворыцца ў матэрыяле.

Спыніць атаку атрымалася пасля таго, як да месца прыбылі вайсковыя гелікаптэры Apache, самалёты F-15E, B-52, AC-130. Яны атакавалі бронетэхніку з паветра і змаглі да 01:00 здушыць агонь артылерыі. Гэта дазволіла спецназаўцам, што схаваліся на заводзе, перагрупавацца і пачаць абстрэл праціўніка з процітанкавых гармат і аўтаматычнай зброі. Пры гэтым некалькі з іх рызыкавалі жыццём, наводзячы авіяцыю на наземныя мэты. Але толькі праз гадзіну атрады, якія атакавалі завод, пачалі адступаць. Фактычна а 2:00 бой быў скончаны, а амерыканцы, якія спынілі агонь, дазволілі суперніку сабраць забітых і параненых.

Зыходзячы з матэрыялаў Пентагона, амерыканцы не страцілі ніводнага чалавека, тады як у іх суперніка страты склалі ад 200 да 300 чалавек, сцвярджае NY Times са спасылкай на атрыманыя дакументы. У амерыканскім вайсковым ведамстве ўважаюць, што прычынай такога зыходу бою стаў той факт, што атрад наступу выкарыстоўваў няслушную тактыку атакі ў лоб, ці не ўлічыў магчымую падтрымку суперніка з паветра і іх каардынацыі.

Як паказвае NY Times, у ЗША ўпэўненыя, што расейскія вайскоўцы да нападу недатычныя, а ў атрадзе наступу былі расейскія найміты, якія разлічвалі атрымаць прыбытак ад захопленых імі нафтавых радовішчаў. Аднак пры гэтым крыніцы газеты кажуць, што ў апошнія тыдні расейскае камандаванне ў Сірыі выкарыстоўвае дакладна такія ж беспілотнікі, якія былі заўважаныя амерыканцамі пад Дэйр-эз-Зорам.

У першыя дні пасля падзей у Сірыі з'яўляліся розныя звесткі аб тым, колькі чалавек загінула ў раёне завода. Газета The New York Times паведамляла пра гібель чатырох расейцаў. Агенцтва Bloomberg са спасылкай на двух дасведчаных суразмоўцаў-расейцаў паведамляла, што загінула больш за 200 чалавек, у асноўным расейцы. Амерыканская вайсковая крыніца Bloomberg кажа пра 100 загінулых і 200-300 параненых, не ўдакладняючы пры гэтым колькасць загінулых расейцаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках