Случанка ў Грузіі: Тут я не бачыла п'яных на вуліцах
5- 26.05.2018, 21:10
- 17,436
Ураджэнка Слуцка распавяла, чым беларусы адрозніваюцца ад грузінаў.
Случанка Алеся Шаўцова выйшла замуж за іранца Аміна Шаха чатыры гады таму. Спачатку маладыя жылі ў Тэгеране, а ў гэтым годзе пераехалі з двума дзецьмі ў Грузію, дзе муж Алесі вучыцца на медыка. Алеся распавяла kurjer.info, як ім жывецца ў Грузіі і па якіх прадуктах вельмі сумуе.
Алеся скончыла гімназію №2, потым вывучылася на лекара-анестэзіёлага і прапрацавала ў менскім радзільным доме блізу года. Выйшла замуж і сышла ў дэкрэт. Старэйшаму сыну Даніэлю 1,5 гады, а малодшаму Дзеньяміну - 4 месяцы.
Бэльгійскі шакалад
«З мужам мы пазнаёміліся напярэдадні Новага года. Я проста камунікавала з сябрам у інтэрнэце. Напісала, што хочацца шакаладу. Сябар адказаў, што яго знаёмы цяпер у Бэльгіі, але сказаў, каб я сама папрасіла. Я адмовілася напісаць, тым больш трэба было размаўляць на іншай мове. Амін звязаўся са мной і спытаў пра шакалад. Пачалі размаўляць, сустрэліся толькі пасля Новага года.
Ажаніліся мы праз год, у 2016 годзе. Згулялі тры вяселлі - у Менску, Тэгеране і Слуцку.
Як трапілі ў Грузію
У Іране лекар - гэта прэстыжная прафесія. Медыкі зарабляюць мінімум $3000 за месяц. Амін хацеў вучыцца ў Беларусі, але не атрымалася: ва ўсіх універсітэтах яму адмовілі, бо не падыходзіць па ўзросце. Яму 31 год, а трэба не старэйшыя за 27 гадоў. У Тбілісі навучанне было на тысячу даляраў таннейшае. 27 студзеня 2018 года мы паляцелі ў Грузію.

З АСАБІСТАГА АРХІВА АЛЕСІ ШАЎЦОВАЙ
Здымаем кватэру
Муж знайшоў жыллё загадзя праз інтэрнэт. Фатаграфіі нам спадабаліся, мы патэлефанавалі гаспадыні і зарэзервавалі трохпакаёвую кватэру. Плацім за яе за месяц $400. Вельмі дарагое ацяпленне. За камунальныя паслугі ўзімку сыходзіла $100.
Цікава працуюць ліфты ў шматпавярховіках. Ты не можаш проста націснуць кнопку і паехаць - табе трэба заплаціць. У кішэні заўсёды ёсць манета 5 тэтры. Кідаеш манетку - і ліфт падымае нас на шосты паверх. Спускаемся гэтак жа. Пастаянна перажываеш, каб былі манеты ў кішэні.
Пра адаптацыю
Калі параўноўваць Іран і Грузію, я як быццам у Беларусь прыляцела, у мясцовых жыхароў блізкі мне менталітэт. Толькі што ў Беларусі гор няма. У цэлым тут прыемна знаходзіцца, не адчуваеш сябе замежнікам.
У Тбілісі жыхары ад 30 гадоў і старэйшыя размаўляюць па-расейску. А моладзь - толькі на грузінскай і ангельскай мове.

З АСАБІСТАГА АРХІВА АЛЕСІ ШАЎЦОВАЙ
У нас адбылася смяхотныя сітуацыя праз два-тры тыдні пасля прылёту. Мы ўвечары надумалі замовіць піцу. Служба дастаўкі размаўляла на ангельскай, а кур'еры - не. Мы замовілі а 10 гадзін вечара, а прывезлі нам піцу толькі а 2 гадзіны ночы. Кур’ер нас не разумеў, дзе мы жывем, а мы не разумелі, што ён у нас пытае. Ужо і на ангельскай, і на расейскай, і на іншых мовах спрабавалі. У выніку Амін выехаў ім насустрач. Кур’ер скінуў геалакацыю. Піца была жудасна халоднай, але ўсё адно мы за яе заплацілі.
Пра грузінцаў
Мясцовыя жыхары вельмі спагадныя, больш вясёлыя, не такія хмурныя, як беларусы.
Гаспадыня нашай кватэры вельмі ўзрадавалася, што мы выбралі ейнае жыллё. Кожны раз, калі плацім арэнду, яна нам прыносіць кансэрвы з агуркамі і памідорамі, шакалад. Спачатку было вельмі нязвыкла, няёмка сябе адчувалі.
Калі ў нас у ванным пакоі з'явілася цвіль, гаспадыня прыйшла і сама яе прыбрала. Яна заўсёды падказвае, дзе лепшыя крамы, а дзе горшыя, дзе могуць падмануць, куды схадзіць па дзіцячыя рэчы, дзе паесці.
Тут я не бачыла п'яных на вуліцах. У парках людзі катаюцца на роліках, роварах. Здаровы лад жыцця вельмі папулярны.
Аўтамабілі тут вельмі танныя, але самое кіраванне аўтамабілем ў Беларусі больш акуратнае. Беларусы, у адрозненне ад грузінаў, выконваюць правілы.
Ёсць яшчэ адно адрозненне, якое вельмі адчуваецца. У Беларусі, калі ў цябе праблема, табе ніхто не дапаможа, акрамя бацькоў і сваякоў. У Грузіі ж у мяне ўзніклі праблемы са здароўем. Пакуль мне было дрэнна, муж не хадзіў на заняткі. Дэкан з універсітэта тэлефанавала і пыталася ў Аміна, як жонка, прапаноўвала сваю дапамогу. Мне было вельмі прыемна, я не звыкла да такога стаўлення. Я не кажу, што ў Беларусі людзі горшыя, проста ў нас так не паводзяцца.
Аб прадуктах і напоях
У Тбілісі ёсць адмысловае месца, якое называецца «Вакзал», дзе прадаюць танную садавіну. Напрыклад, патрэбны 1 кг, прадавец узважыць 1,5 кг, а возьме грошы толькі за адзін. Мы купляем садавіны не менш як 2-3 кг кожнага тыпу.
Я звыкла есці шмат малочных прадуктаў. Тут у малочных прадуктаў смак зусім не той, і яны вельмі дарагія. Кошт малака - ад $1 за літр. Калі мы ў Беларусі куплялі па 20 глазураваных сыркоў, то на гэтыя ж грошы я магу сабе дазволіць толькі адзін.
Я так засумавала па сырках і зефіры, што шукала, дзе іх можна купіць у Тбілісі.
У Грузіі мы ямо шмат бараніны, кураціны. Кошты мяса такія ж, як у нас. У Беларусі Амін ездзіў па бараніну са Слуцка ў Менск.