Генадзя Фядыніча не выпусцілі з Беларусі
9- 29.05.2018, 13:07
- 21,097
ФОТА: GAZETABY.COM
Лідар прафзвязу РЭП павінен быў узяць удзел у міжнароднай канферэнцыі МАП у Жэневе.
Следчыя не дазволілі часова пакінуць краіну старшыні незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме», паведамляе «Радыё Свабода».
Фядыніча ўключылі ў склад дэлегацыі глабальнага прафзвязу IndustriALL, якая ад 29 траўня ўдзельнічае ў канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэневе.
«Кіраўнік следчай групы сказаў Фядынічу, што калі б за мяжу трэба было ехаць для лячэння, то тады імаверна дазвол бы далі. А міжнародная канферэнцыя не з'яўляецца падставай для паездкі ў Жэневу з такой сур'ёзнай крымінальнай справай», - паведаміў прэс-сакратар РЭП Мікалай Герасіменка.
Генеральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс у лісце на імя Следчага камітэта прасіў дазволіць Генадзю Фядынічу выехаць часова з Беларусі. Прафзвязы бралі на сябе гарантыю вяртання на радзіму прафсаюзнага лідара, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Глабальны саюз IndustriALL аб'ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах свету.
Абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў
Генадзю Фядынічу і бухгалтару прафзвязу РЭП Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачванні ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме» (ч.2 арт.243 КК), за што пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Паводле такога ж артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, якога прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, еўрапейскія і амерыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.
Суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку следчых дзеянняў у жніўні 2017 года застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.