24 верасня 2018, панядзелак, 3:43
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Гамяльчанка: Не дазволю чыноўнікам груба ўмешвацца ў прыватнае жыццё маёй сям'і

37

Мама 6-гадовай дзяўчынкі падае на дзіцячы садок у суд.

У гісторыі стасункаў маладой маці Наталлі Белай і яе 6-гадовай дачкі Аляксандры, якіх чыноўнікі ад адукацыі прыстрашылі запісаць у спіс тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, будзе разбірацца суд. Такую пастанову прыняла жанчына пасля кансультацый з праваабаронцамі, паведамляе гомельская «Вясна».

Нагадаем, 5 чэрвеня загадчыца садка №160 Савецкага раёна Гомеля Ірына Барысевіч пісьмова апавясціла непрацаўладкаваную два тыдні жанчыну пераводам яе сям'і ў сацыяльна небяспечнае становішча, якая патрабуе падвышанай педагагічнай увагі. Пасля таго, як гісторыя выклікала бурнае абмеркаванне ў сетцы Інтэрнэт, адміністрацыя Савецкага раёну прызнала: дашкольная ўстанова некарэктна паведаміла сям'ю пра фактары сацыяльнай рызыкі.

«Тое, што чыноўнікі называюць «некарэктным» паведамленнем, я называю грубым умяшаннем у прыватнае жыццё маёй сям'і. У найбліжэйшыя дні падам супраць раённага аддзела адукацыі пазоў у суд аб прызнанні факту незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё і кампенсацыі прычыненай маральнай шкоды», - упэўнена заяўляе Наталля.

Са слоў адзінокай жанчыны, гісторыю вакол яе малалетняй дачкі з неадпаведнымі рэчаіснасці фактамі апублікавала гарадская газета «Гомельские ведомости», а таксама раёнка «Советский район», пасля чаго незнаёмыя людзі сталі дадому да іх цацкі прыносіць, што прычыніла і прадаўжае прычыняць ёй глыбокія маральныя пакуты.

«Я не разумею, навошта чыноўнікам спатрэбілася «раздзімаць» скандал на роўным месцы, прыкрываючыся клопатам пра дзіця з прыкметы маёй часовай незанятасці. Бабуля маёй дачкі жыве і працуе ў адной з краін Еўропы, яе даходаў выстарчае і на нашу сям'ю», - дадала маладая жанчына.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які кансультуе жанчыну аб прававой перспектыве судовых разглядаў, адзначае, у канкрэтнай сітуацыі загадчыца садка відавочна злоўжыла сваім правам, тым самым узяла на сябе адказнасць за незаконнае ўмяшанне ў асабістае жыццё канкрэтнай сям'і.

«Кожны з нас мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў ягонае асабістае жыццё. Той факт, што адзінокая маці дзяўчынкі звольнілася і два тыдні з'яўлялася часова не занятай, не даваў законнага права ставіць сям'ю пад кантроль і праяўляць да яе падвышаную ўвагу з боку педагогаў. Такім чынам, сям'я мае права патрабаваць афіцыйных прабачэнняў і ставіць пытанне аб кампенсацыі прычыненай маральнай шкоды ў судовым парадку», - адзначыў юрыст.

Намесніца старшыні камісіі ў справах непаўналетніх Гомельскага гарвыканкама Вікторыя Лапшына назвала ліст, які атрымала Наталля, скіраваным на «паведамляльны і прафілактычны характар».