26 красавiка 2024, Пятніца, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вясёлка вачэй падобная на пончык»

«Вясёлка вачэй падобная на пончык»
ГЕОРГІЙ ТАПУЗІДЫС
Фота з асабістага архіва

Лекар з Менска завёў на YouTube канал пра папулярную медыцыну.

Урач-радыёлаг 10-й гарадской клінічнай лякарні Менска Георгій Тапузідыс ужо крыху больш за месяц вядзе на YouTube канал пра медыцыну Dr. X.

Георгію 23 гады, цяпер ён сканчае інтэрнатуру. Канал адкрыў 12 траўня, і на ім ужо ёсць пяць праграмаў: пра розніцу паміж МРТ і КТ, апёкі, кляшчоў, алергіі і зрок. Праграмы выходзяць кожны аўторак. Іх здымаць і мантаваць дапамагаюць сябры. Пакуль у канала больш за 60 падпісчыкаў, і ў асноўным перадачы глядзяць ягоныя родныя, сябры, знаёмыя і калегі, піша tut.by.

Называецца канал – Dr. X. Паводле словаў Георгія, сімвал «Х» ён абраў, бо яго спецыяльнасць звязаная з іянізавальным выпраменьваннем, то-бок X-ray. Але гэта не адзіная прычына.

– Плюс да ўсяго, калі напісаць рымскай лічбай найменне 10-й лякарні, у якой я працую, то таксама будзе X, – тлумачыць ён.

Георгій стараецца простымі словамі растлумачыць складаныя медыцынскія тэрміны і зрабіць інфармацыю даступнай гледачу.

«Вока складаецца з дзесяці анатамічных структураў, на кожнай з іх мы спыняцца не будзем, толькі зробім акцэнт на вясёлцы. Вясёлка паводле формы нагадвае пончык, у цэнтры якога знаходзіцца зрэнка», – так ён тлумачыць, як выглядае вясёлка вачэй, у выпуску пра зрок.

– Чаму Вы надумалі завесці канал?

– Шчыра кажучы, я люблю сваю працу і мяркую, яна вельмі цікавая. І я кажу не толькі пра радыялогію, а пра медыцыну ў цэлым. Пацыенты часта задаюць лекарам адны і тыя ж пытанні і могуць не ведаць простых паняццяў, і я хачу даць ім гэтыя веды, паказаць, што гэта цікава і крута – і неяк выявіць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

– Як Вы прывабліваеце да сваіх праграмаў іншых лекараў?

– Я стараюся прывабліваць профільных лекараў у залежнасці ад таго, на чым спецыялізуецца ўстанова, у якой яны працуюць. Дапусцім, у нас на базе 10-й лякарні размяшчаецца Рэспубліканскі цэнтр алергалогіі, да нас прыязджаюць пацыенты з усёй краіны. І напрыклад, загадчыца аддзялення Наталля Дударава, у якой я браў інтэрв'ю з нагоды алергіі, – з нашай лякарні. Калі мы працавалі над выпускам пра кляшчоў і інфекцыйныя хваробы, то ездзілі ў інфекцыйную лякарню, пра апёкі здымалі праграму ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры на базе Лякарні хуткай медыцынскай дапамогі.

– Урачы адразу згаджаюцца?

– У плане кантактаў з лекарамі мне вельмі моцна дапамагае наш галоўны лекар 10-й лякарні Віктар Панцялеевіч Ісачкін. Яму гэты праект вельмі падабаецца. І пакуль усе лекары, у якіх я браў інтэрв'ю, вельмі добра ставяцца да гэтай ініцыятывы.

– Колькі часу сыходзіць на адну праграму?

– Калі ёсць натхненне, я пішу сцэнар цягам трох-чатырох гадзінаў. Інтэрв'ю з лекарам займае гадзіну-дзве. На здымку ў студыі сыходзіць яшчэ дзве-тры гадзіны, і яшчэ мантаж – некалькі гадзінаў.

– Хто вам дапамагае рабіць праграмы?

– Мае таварышы. Адзін дапамагае здымаць, другі – мантаваць. Яны не медыкі. Таварыш, які дапамагае мантаваць, здымае і выкладвае сацыяльныя праекты на сваім YouTube-канале, ён даўно гэтым займаецца. Я апавёў яму пра сваю ідэю, і ён сказаў, што гэта крута, і пастанавіў мне дапамагчы.

Георгій з калегамі
Фота з асабістага архіва

– Пацыенты Вас ужо пазнаюць дзякуючы YouTube?

– Пакуль не. Але калі мы толькі пачалі гэта ўсё публікаваць і лекары сталі паміж сабой перасылаць спасылкі на праграмы, то мяне пачалі пазнаваць калегі ў лякарні. Кажуць: «Дабры-ы-ы-дзень, а мы вас ведаем».

– Ці плануеце Вы на гэтым канале зарабляць?

– Я ствараў канал, каб гэта было карысна. Калі рабіць гэта з мэтай манетызацыі, то трэба здымаць нейкае цыркацтва. Калі гэта будзе прыносіць нейкую капейку – добра, калі не – то пакуль у фінансавым плане я магу цягнуць гэты праект. Але самае галоўнае, што мне гэта вельмі цікава і прыносіць задавальненне.

Перадачы носяць адукацыйны характар. У маім разуменні задача аховы здароўя не толькі лекаваць, але і адукоўваць. І гэта вельмі вялікая задача. У будучыні, калі канал раскруціцца, то я хацеў бы хадзіць у школы і чытаць моладзі лекцыі. Не нудныя нейкія, што вось трэба рабіць так і гэтак, а неяк прывабіць і зацікавіць людзей.

Бо медыцына – гэта пра чалавечы арганізм, і гэта вельмі цікава, паверце мне. Калі ты пачынаеш у гэта паглыбляцца, разумееш, наколькі гэта ўнікальна. Людзі лётаюць на Марс і нейкія адкрыцці робяць, гэта ўсё выдатна, але нам трэба глядзець у сябе. І я вельмі хацеў бы гэта паказаць. Маўляў, людцы, паглядзіце на сябе, на нас, на медыцыну. У нас не самая дрэнная медыцына. Так, у нас ёсць нейкія недахопы і памылкі, але мы можам гэта разам выправіць – я веру ў гэта. Я веру ў нашу медыцыну, у тое, што нашы людзі могуць актыўна ўзяць у гэтым удзел – і ўсё ў нас будзе выдатна.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках