26 красавiка 2024, Пятніца, 3:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Пратэсты праз пенсійны ўзрост могуць выклікаць «эфект даміно»

14
Яўген Афнагель: Пратэсты праз пенсійны ўзрост могуць выклікаць «эфект даміно»
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Сітуацыя ў нашым рэгіёне нагадвае спалучаныя пасудзіны.

Урад Расеі прыняў пастанову пра павышэнне пенсійнага ўзросту. Практычна адразу петыцыю Агульнарасейскага аб'яднання прафзвязаў з патрабаваннем скасаваць закон падпісалі больш за мільён чалавек, у некаторых гарадах прайшлі першыя акцыі пратэсту. Беларускія ўлады таксама маюць намер пайсці на пазачарговае павышэнне пенсійнага ўзросту.

Як будзе развівацца сітуацыя з улікам росту сацыяльнай напружанасці ў абедзвюх краінах? На пытанне Charter97.org адказвае адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель:

– Расейскі рэжым, і ў яшчэ большай ступені беларускі, знаходзяцца ў сітуацыі, калі ім патрэбныя грошы. Для Пуціна істотную праблему склалі заходнія санкцыі, для Лукашэнкі – скарачэнне фінансавых паступленняў з Масквы. Абодва дыктатары спрабуюць знайсці грошы ўнутры сваіх краінаў.

Улада ў Расеі павышае пенсійны ўзрост, у Беларусі ўлада робіць тое самае плюс уводзіць шматлікія новыя падаткі і паборы, канчаткова руйнуючы народ.

Найноўшая гісторыя паказвае, што «інавацыйныя» спосабы адабрання грошай у насельніцтва працуюць, пакуль людзі не пачынаюць пратэставаць.

Беларускія ўлады ўбачылі гэта ў 2017 годзе і падаліся назад. Расейскія ўлады, магчыма, убачаць масавыя пратэсты ўжо сёлета.

Трэба дакладна разумець: кожны раз, ідучы на непапулярныя меры, аўтарытарныя рэжымы баяцца і спрабуюць намацаць тонкую грань, за якой можа пачацца народнае паўстанне. Прыклад Расеі паказвае: як толькі людзі пачынаюць адкрыта абурацца, хай нават проста збіраць подпісы пад петыцыяй аднаго з прафзвязаў – у калідорах улады пачынаецца лёгкая паніка.

Таму вуліца – наш найлепшы хаўруснік, а выхад на акцыі пратэсту – адзіны спосаб абараніць сябе ад рабавання.

– Калі ў Расеі пачнуцца масавыя пратэсты супраць павышэння пенсійнага ўзросту, ці стане гэта каталізатарам для праявы незадаволенасці і вулічных акцый у Беларусі?

– Як паказваюць падзеі апошніх дзесяцігоддзяў, сітуацыя ў краінах былога СССР, і нават шырэй – у нашым рэгіёне, нагадвае спалучаныя пасудзіны.

Напрыклад, беларуская Плошча 2010 года моцна паўплывала на пратэсты ў Расеі і Майдан ва Украіне. У сваю чаргу Майдан ва Украіне сур'ёзна паўплываў на сітуацыю ў Расеі і Беларусі. Цяпер многія глядзяць на прыклад Арменіі, дзе адбылася класічная негвалтоўная рэвалюцыя.

У любым выпадку пратэсты ў адной з дыктатарскіх краінаў былога СССР заўсёды ўплываюць на суседнія краіны і могуць выклікаць «эфект даміно». Таму масавыя сацыяльныя выступы ў РФ цалкам могуць прывесці да акцый грамадзянскага непадпарадкавання ў Беларусі. І чым больш памылак паспее здзейсніць улада – тым больш магутныя гэтыя акцыі будуць.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках