23 красавiка 2024, aўторак, 11:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты Беларусі звярнуліся да прэзідэнтаў Нямеччыны, Польшчы, Аўстрыі і Ізраіля

8
Актывісты Беларусі звярнуліся да прэзідэнтаў Нямеччыны, Польшчы, Аўстрыі і Ізраіля
ФОТА: «Радыё Свабода»

29 чэрвеня прэзідэнты Нямеччыны, Польшчы, Аўстрыі і Ізраіля маюць намер наведаць Беларусь.

Грамадскія дзеячы Беларусі звярнуліся да кіраўніцтва Нямеччыны, Польшчы, Аўстрыі і Ізраіля з заклікам уключыць наведванне Курапатаў у праграму найбліжэйшага афіцыйнага візіту ў Беларусь.

Шаноўныя спадары - Франк-Вальтэр Штайнмаер, Анджэй Дуда, Ван дэр Бэлен, Рэўвен Рыўлін!

Паводле інфармацыі афіцыйнага Менска 29 чэрвеня запланаваны Ваш візіт у Беларусь на адкрыццё Мемарыялу ў Трасцянцы - нацысцкім лагеры смерці, дзе ў 1941-44 гадах было знішчана больш за 206 тысяч чалавек.

Побач з Мемарыялам Трасцянец знаходзіцца ўрочышча Благаўшчына, месца пахавання ахвяр бальшавіцкага рэжыму. Але над ім не помнік, не крыжы, а гарадскі сметнік. І гэта невыпадкова: беларускія ўлады дагэтуль хаваюць факт камуністычнага генацыду, маштабы сталінскіх рэпрэсій. У Беларусі сотні такіх пахаванняў - і толькі Курапаты сталі адзіным месцам ушанавання ахвяр камуністычнага рэжыму, юрыдычна прызнаным дзяржавай. Але нават тут рэгулярна адбываюцца акты вандалізму.

У пачатку чэрвеня ў ахоўнай зоне найбуйнейшага беларускага нацыянальнага некропаля Курапаты, дзе сталінскія каты ў 1937-1941 гадах расстралялі да 250 тысяч бязвінных людзей, з дазволу ўладаў адкрыўся рэстарацыйна-забаўляльны комплекс.

Курапаты, адзін з самых вялікіх у Еўропе і свеце некропаляў ахвяр таталітарных рэжымаў, стаяць у адным шэрагу з Асвенцымам, Майданекам, Катынню. З'яўленне ў ахоўнай зоне мемарыяла рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу выклікала абурэнне беларускага грамадства. Але на гэты вандалізм ніяк не адрэагавалі афіцыйныя ўлады. Больш за тое, яны пачалі пераслед не тых, хто вінаваты ў здзеку з памяцці закатаваных, а людзей, якія арганізавалі бестэрміновую акцыю пратэсту з патрабаваннем зачыніць рэстарацыйна-забаўляльны комплекс у Курапатах.

Мы просім Вас звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю вакол Курапатаў.

Звяртаемся да Вас, а таксама да афіцыйных кіраўнікоў Вашых дэлегацый, з заклікам уключыць Курапаты ў праграму візітаў у Беларусь. Мы просім Вас ускласці кветкі на магілы безыменных ахвяр камуністычнага тэрору.

Нацысцкія і камуністычныя злачынствы супраць чалавечнасці павінны быць асуджаныя, каб яны не паўтарыліся.

Святлана Алексіевіч, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры

Ірына Вештард, «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)»

Юрась Губарэвіч, Рух «За Свабоду»

Анатоль Лябедзька, «Аб'яднаная грамадзянская партыя»

Алена Макоўская, МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

Вольга Нікалайчык, «Еўрапейская Беларусь»

Уладзімір Някляеў, «Беларускі нацыянальны кангрэс»

Алесь Пашкевіч, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Барыс Пятровіч (Сачанка), ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Павел Севярынец, «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»

Вячаслаў Сіўчык, Рух салідарнасці «Разам»

Ніна Шыдлоўская, МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

Аляксей Янукевіч, «Партыя БНФ»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках