26 красавiка 2024, Пятніца, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуску ўключылі ў лік 25 людзей, чые ідэі змянілі свет

14
Беларуску ўключылі ў лік 25 людзей, чые ідэі змянілі свет
ФОТА: TED.COM

Нараджэнка Менска вывучае ўплыў роднай мовы на мысленне чалавека.

Псіхалінгвістка Лера Барадзіцкая прачытала лекцыю на знакамітай канферэнцыі TED у ЗША, місія якой заключаецца ў распаўсюдзе ўнікальных ідэй, паведамляе belmir.by.

Нараджэнка Менска выклала сутнасць сваіх даследаванняў, дзякуючы якім навукоўцы ў свеце па-новаму зірнулі на пытанне, ці ўплывае мова, на якой мы гаворым, на наша мысленне.

Што апавяла Барадзіцкая

Паводле словаў Леры, цяпер у свеце існуе блізу 7 тысячаў моваў. І ўсе яны адрозніваюцца адна ад адной мноствам характарыстык: гукамі, словамі, структурай... А гэтыя адрозненні, у сваю чаргу, уплываюць на тое, як іх носьбіты ўспрымаюць навакольны свет.

Напрыклад, у абарыгенаў племя куук тааёрэ, якія жывуць на паўвостраве Кейп-Ёрк у Аўстраліі, няма словаў «справа» або «злева». Замест гэтага яны заўсёды выкарыстоўваюць назвы бакоў свету – поўнач, поўдзень, захад, усход.

– І пад «заўсёды» я маю на ўвазе літаральна заўсёды. Напрыклад, яны кажуць нешта накшталт «Ой, у мяне па паўночным усходзе нагі мурашка паўзе» або «пасунь свой кубак трохі на паўднёвы-паўднёвы захад», – патлумачыла лектарка.

Само прывітанне ў прадстаўнікоў гэтага племені гучыць як «У які бок ідзеш?» І адказ мяркуецца накшталт «Далёка наперад на захад. А ты?» Гэта значыць, любому сустрэчнаму трэба патлумачыць кірунак, у якім ты рухаешся.

Хутка вызначаць бакі свету ператварылася для носьбітаў гэтай мовы ў жыццёва важнае ўменне, бо інакш нават нельга павітацца з іншым чалавекам. У выніку яны сталі вельмі добра арыентавацца ў прасторы, адзначыла Барадзіцкая.

– Значна лепш, чым, як мы раней думалі, увогуле можа чалавек. Мы меркавалі, людзі горшыя за жывёлаў – у нас жа няма магнітаў у дзюбах, лусцэ і гэтак далей. Але не. Калі ваша мова і культура выхоўвае ў вас гэтую якасць, яна разаўецца, – сказала яна.

Лектарка прывяла таксама шэраг іншых прыкладаў. Так, расейскамоўныя значна лепш за ангельскамоўных вызначаюць адценні светла-сіняга і цёмна-сіняга, таму што ў расейскай мове ёсць асобныя паняцці «блакітны» і «сіні», а ў ангельскай – не.

Калі запытацца ў немца, якім можа быць мост, хутчэй за ўсё, ён скажа «прыгожым, вытанчаным» і да таго падобнае. Гішпанец на такое самае пытанне хутчэй адкажа «моцны, доўгі». А ўсё таму, што ў нямецкай «мост» жаночага роду, а ў гішпанскай – мужчынскага.

Хто такая Барадзіцкая

Лера Барадзіцкая, яна ж Валерыя Барадзіцкая, нарадзілася ў 1976 годзе ў Менску, і была адзіным дзіцем у сям'і, дзе і тата, і мама былі інжынерамі.

У 12 гадоў дзяўчынка размаўляла на расейскай, а таксама ў пэўнай ступені валодала беларускай і ўкраінскай. У школе пачала вывучаць ангельскую.

Потым у бацькоў з'явілася магчымасць эміграваць у ЗША. Блізкі сябар сям'і зрабіў гэта на тры месяцы раней і пасяліўся ў штаце Ілінойс, куды скіраваліся і Барадзіцкія.

Як са смехам апавядае сама Лера, у амерыканскай школе за ёй праз біяграфічнае мінулае і любоў да спрэчак замацавалася мянушка «Чырвоная фурыя».

Яна атрымала ступень бакалаўра кагнітыўнай навукі ў Паўночна-Заходнім універсітэце ў Эванстоне, штат Ілінойс, а потым – доктара філасофіі ў галіне кагнітыўнай псіхалогіі ў Стэнфардзе.

Пасля была дацэнтам кафедры мозгу і кагнітыўных навук у Масачусэцкім тэхналагічным інстытуце, а таксама дацэнтам кафедры псіхалогіі, філасофіі і лінгвістыкі ў Стэнфардзе.

Цяпер Лера – ад'юнкт-прафесар кагнітыўных навук ва Універсітэце Каліфорніі ў Сан-Дыега і рэдактарка часопіса «На рубяжах культурнай псіхалогіі».

Вядомая як суаўтарка тэорыі лінгвістычнай адноснасці, якая аспрэчвае ўстоялы пункт гледжання, што чалавечае ўспрыманне ўніверсальнае і не залежыць ад мовы і культуры.

Напісала навуковыя працы пра многія мовы, уключаючы гішпанскую, нямецкую, расейскую, грэцкую, інданезійскую, японскую, іўрыт і гэтак далей.

Даследаванні Барадзіцкай часта цытуюцца мас-медыя. Дзясяткі публікацый з'яўляліся ў New York Times, Economist, Newsweek, Boston Globe і Scientific American.

Часопіс Utne Reader у 2011 годзе за працу над тэорыяй адноснасці мовы назваў нараджэнку Менска ў ліку 25 людзей, чые ідэі змянілі свет.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках