26 красавiка 2024, Пятніца, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску за хабары на $200 тысяч затрыманы галоўны патолагаанатам

80
У Менску за хабары на $200 тысяч затрыманы галоўны патолагаанатам

Лекара ўзялі з довадамі злачынства.

Міліцыя затрымала пры атрыманні хабару начальніка Гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўстановы.

Грошы - 5245 рублёў і 300 даляраў ЗША, галоўны патолагаанатам Менска атрымаў ад прадстаўніка камерцыйнай структуры за спрыяльнае развязанне пытанняў аб укладанні дамоваў на пастаўку рытуальных прылад для крамы, размешчанай на тэрыторыі арганізацыі, і своечасовай аплаце за пастаўлены тавар.

«Інфармацыя аб карупцыйнай дзейнасці фігуранта ў распараджэнне аператыўных супрацоўнікаў паступіла ў канцы траўня. Падчас праведзенай працы ўстаноўлена, што хабары, якія перадаваліся як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, начальнік бюро атрымліваў ужо больш за дзесяць гадоў. Агульная сума склала дзясяткі тысяч даляраў ЗША. Сума штомесячнай «узнагароды» складала 10% ад сумы пастаўленага тавару», - паведамілі ва ўстанове.

Як адзначылі аператыўнікі, апошнім часам фігурант праяўляў асцярожнасць: стараўся атрымліваць грошы штоквартальна, каб паменшыць колькасць сустрэч з прадстаўнікамі камерцыйных структур.

Цяпер вядзецца праца для выяўлення дадатковых фактаў ягонай супрацьпраўнай дзейнасці. Міліцыя ўжо зафіксавала шматлікія факты атрымання фігурантам грашовых сродкаў ад прадстаўнікоў камерцыйных структур. Інкрымінаваная сума - не менш за 200 тысяч даляраў ЗША.

У дачыненні да галоўнага патолагаанатама Менска распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.430 КК Беларусі («Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме»).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі. Абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках