26 красавiка 2024, Пятніца, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска з самалёта, што аварыйна прызямліўся ў Кіеве: Нашых было мінімум чацвёра

15
Беларуска з самалёта, што аварыйна прызямліўся ў Кіеве: Нашых было мінімум чацвёра

У борта было зламанае крыло, шасі і пашкоджаны фюзеляж.

Юлія адпачывала ў Турцыі разам з мужам і дзіцем. Як звычайна, летам у Анталью ляцелі чартарам. На зваротным шляху беларуска сядзела каля крыла і ўпершыню ў жыцці бачыла, як па ілюмінатару цячэ нешта падобнае да авіяпаліва, якое скідвалі на хаду піша «Онлайнер».

НЗ адбылося 15 чэрвеня - пры пасадцы ў міжнародным аэрапорце Кіеў чартэрны рэйс Bravo з Анталіі выехаў за межы ўзлётна-пасадачнай паласы. У борта зламанае крыло, шасі, пашкоджаны фюзеляж. Сярод пасажыраў былі і грамадзяне Беларусі.

- Чаму з Кіева? Мы пакінулі заяўку на падборку тура ў беларускай кампаніі. Нам ператэлефанавалі і прапанавалі тур па вельмі выгадным кошце. З Кіева так з Кіева. Туды прыехалі на машыне. Нармальна прыляцелі, адпачылі, - распавядае Юлія.

Непаладкі з вылетам пачаліся яшчэ да ўзлёту: самалёт затрымалі на некалькі гадзін.

- Цяпер экспэрты пішуць, што ў нас быў «радавы» выезд за межы ўзлётна-пасадачнай паласы. Але я дапускаю, што пра непаладкі стала вядома яшчэ да ўзлёту. З гэтым можа быць звязаная затрымка вылету. Акрамя таго, перад пасадкай самалёт пачаў зліваць паліва. Гэта добра відаць на відэа, - працягвае жанчына. - Пазней мы выпацкаліся ў гэтай газе, калі спускаліся па крыле на зямлю, - ад нас усіх несла за кіламетр.

Юлія пацвярджае інфармацыю, якой ахвотна дзеляцца астатнія пасажыры, - арганізаванай эвакуацыі не было:

- Мужчыны выбівалі дзверы ў аварыйных праходах. Потым мы, як па горцы, спускаліся па крыле і ўцяклі далей. Пад дажджом чакалі аўтобусаў, якія прыехалі хвілін праз 10. Нас адвезлі ў залу аэрапорта і паставілі бутлю з вадой (на 169 чалавек). Крыху пазней са словамі прабачэння падышоў прадстаўнік авіякампаніі Bravo. Усё.

Цяпер Юлія ўваходзіць у групу пасажыраў, якія актыўна ў мэсэнджары абменьваюцца далейшымі планамі. Мяркуючы з іх, пазовы будуць пададзеныя як у дачыненні да тураператара TPG, так і авіякампаніі Bravo.

- Але гэта грамадзяне Украіны. А мы ж тут... - кажа яна. - Я не гатовая ехаць у Кіеў дзеля судовых цяжбаў. На ўсялякі выпадак звярнулася ў страхавую - там паспагадалі, але ўдакладнілі, што ў страхоўцы гаворка ідзе пра бясплатную меддапамогу, а не маральную кампенсацыю за стрэс. Я дакладна ведаю, што сярод пасажыраў была як мінімум яшчэ адна грамадзянка Беларусі. Але яна адмовілася адразу нават кантакты пакідаць пад калектыўным зваротам, баючыся далейшых праблем з выездам за мяжу.

Bravo Airway адрэагавала праз некаторы час. У кампаніі адзначылі, што самалёт трапіў пад парывы моцнага ветру, якія рэзка мянялі свой кірунак, з адначасовым пачаткам ападкаў: «Пілоты выканалі пасадку, аднак самалёт выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы на бакавую паласу бяспекі. На гэты момант сфармаваная камісія Нацыянальнага бюро расследавання авіяцыйных інцыдэнтаў».

Таксама Дзяржаўны музей авіяцыі апублікаваў у Facebook фота самалёта: «Падкрэсліваем, што імгненна распаўсюджаная ў сацыяльных сетках інфармацыя пра пажар, катастрофу і наогул «зраду» не адпавядае рэчаіснасці. Як вы можаце бачыць на фатаграфіі, самалёт цэлы, слядоў гарэння не выяўлена».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках