18 лiпеня 2018, Серада, 21:13
Рубрыкі

Нічога сабе, даўжок!

38

Самае смешнае – упартыя спробы тутэйшай улады зазірнуць у будучыню краіны.

І заадно спрагназаваць свае каардынаты. Цікава ж убачыць Беларусь 2040 года. Сумненняў у тым, што яны там збяруцца пад кіраўніцтвам усё таго ж незаменнага кіраўніка, няма ні ў каго. І быць не можа. Інакш давялося б ужо даўно расстацца з месцам за вялікім і багатым сталом.

Прадказанне будучыні было любімым заняткам усіх савецкіх правадыроў. З лёгкай рукі ангельскага фантаста неўтаймоўны Ленін нават атрымаў ганаровы тытул крамлёўскага летуценніка. Пра сталінскія фантазіі лепш і не ўспамінаць. А вось Хрушчову, Брэжневу і нават найцішэйшаму таварышу Чарненку мроіліся сібірскія рэкі, якія воляй партыі бягуць на поўдзень, і чамусьці блакітныя гарады.

Усё прайшло і забылася. Аднак ненадоўга. Толькі чалавек з саўгаса «Гарадзец» прабіўся да найвышэйшай улады, як гэта традыцыйны занятак імгненна аднавіўся. Вось толькі мары амбіцыйнага вылучэнца былі нейкімі вельмі ўжо дзіўнымі. Аб'яднаць усіх славянпў. Здабыць у Крамлі нейкую заношаную шапку. Стварыць на падкантрольнай тэрыторыі сацыяльную дзяржаву. І замест панылага для ўсіх камунізму абвесціць новую запаветную мэту – «папіццот».

З усіх гэтых вялікіх задумаў на слыху засталася чамусьці вось гэтая надзвычай сціплая сума сярэдняга заробку, роўная дапамозе ў беспрацоўі ў нашых заходніх суседзяў.

Ды не, усім вядомы Шура Балаганаў з ягоным экзатычным уяўленнем пра поўнае шчасце і колькасць рублёў, для гэтага неабходных, тут не пры чым. У савецкіх уласны гонар. А каб быць бліжэйшымі да народа, гэтую сарамлівую суму, першапачаткова абвешчаную чамусьці ў цвёрдай валюце, спахапіўшыся, перайменавалі ў «няшчасную тысячу» тутэйшых рублёў. І нават канкрэтны тэрмін выканання быў абвешчаны: да такога-та, жэстачайшэ!

А за зрыў тэрмінаў выканання абяцана было «галовы паадрываць». Час ішоў. Запаветная мэта то набліжалася, то зноў, падобна да міражу ў пустэльні, маячыла дзесьці на далёкім даляглядзе. І нават цярплівы і заўсёды ўсім задаволены электарат пачаў раптам глуха наракаць: ды дзе ж гэтая абяцаная тысяча?..

Дзіўнае, аднак, пытанне! Слова «растрата», якога як агню баяліся калісьці савецкія чыноўнікі, увогуле знікла з ужытку. І калі хто-небудзь з наваз’яўленых гаспадароў жыцця змарнаваў казённыя грошы ці проста прамантачыў чужыя грошы, нічога страшнага. Падзяліўся. Страпянуўся. Выйшаў з турмы датэрмінова. І зноў – на кіроўчую пасаду.

А што тут такога? Гэта толькі «няшчасная тысяча» недасяжная. Таму што яна для народа. А тут усё – для вузкага кола. Сябры і паплечнікі. Верныя і паслухмяныя. Хто ж асмеліцца іх пакрыўдзіць?

Як радаваліся прастадушна прыхільнікі ягонага таленту, калі кіраўнік правёў незабыўную фотасесію ў сховішчы Нацбанку. Тэлегледачы былі проста ў захапленні. Сядзіць на золаце – гэта ж трэба, якія ў краіне вялізныя грошы скампанаваныя так заўзята з любімым партрэтам, прытым сямейным! Калі ўзяць, ды падзяліць на ўсіх, проста дух захоплівае ад думкі пра суму магчымага шчасця. Эцюд быў аптымістычны надзвычайна. Ва ўсякім выпадку, любімая фраза ўсякай задужа клапатлівай улады – «чакайце, вам адкажуць!» – напоўнілася глыбокім сэнсам.

Аднак замест усеагульнага дабрабыту прыйшоў чамусьці беспрасветны крызіс. З усімі ягонымі простымі радасцямі – зверскімі падаткамі, неадольным беспрацоўем і імкліва ўзрослымі коштамі. І адразу пачалася бясконцая чарада пацешных фокусаў з курсам валютаў і дэнамінацыяй рубля. Уніз папаўзлі заробкі і пенсіі. Перайшлі ў галоп рахункі за камуналку. І вось тады з нетраў гэтай надзіва цярплівай краіны прагучала простае пытанне: дзе грошы?

Яшчэ зусім нядаўна бачылі на свае вочы: усякай валюты – і тутэйшай, і замежнай – у галоўным банку навалам. І нават гэтага золата, на якім у сапраўдных правадыроў прынята сядзець. Куды ж усё знікла так раптоўна?

Дзіўна, між іншым, што некаторыя людзі задаюць любімай уладзе такія недалікатныя пытанні, не заўважаючы таго, якія шыкоўныя лядовыя палацы ўзвялі за гэтыя гады не толькі зблізку Драздоў, але і ў роднай для ўсіх Александрыі, не кажучы ўжо пра іншыя куткі. А як інакш – мы ж тут краіна Вялікага Хакею. Менавіта тут сустракаюцца пенсіянеры няўрымслівай клюшкі, каб біцца за прыдворны кубак. А якія шыкоўныя закатвае мудрая ўлада дажынкі, славянскія базары, ваенныя парады, старанавагоднія банкеты і іншыя скокі з гіканнем і свістам! Пра якія тут грошы можна пытацца?

А зрэшты, не ўсё так дрэнна, як можа здацца вечна незадаволенаму электарату. Усякая ўлада, асабліва што заседзелася, увесь час думае пра будучыню. Прагназуе яе і нават, калі казаць высокім стылем, мадэлюе чыста канкрэтна. Вось прыкінулі кагадзе наш дзяржаўны даўжок. Раскідалі на гады. Ажно да 2040-га. Але пра гэта лепш памаўчаць – занадта ўжо ганарыста. Крамлёўскую таблетку доўгажыхара аднаго крэсла наўрад ці ў гэты свой візіт будзе Пуцін уручаць хаўрусніку. А таму возьмем толькі лічбы будучых выплатаў у пазыках на найбліжэйшыя некалькі гадоў – да 2025 года. Таксама хораша і надзвычай аптымістычна.

Толькі сёлета краіна павінна выплаціць крэдыторам 3,6 мільярда даляраў. А налета і да 2025 года ўключна – 23,4 мільярда зялёных. Нічога сабе, даўжок! Не здагадваецеся, з якіх крыніцаў будзе фармавацца гэтая сума? У такім выпадку сачыце за рахункамі камуналкі і змесцівам свайго кашалька.

Кіраўнік з нагоды гэтых пазыкаў глыбакадумна сказаў: «Галоўны выклік, з якім трэба справіцца ўраду і Нацбанку ў найбліжэйшыя гады, – “перарасці” пазыковую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без пазыкаў».

Добра было б пакінуць яе яшчэ і без тых, хто не ўмее жыць са сродкаў і набірае безразважна такія вар'яцкія пазыкі. А ўвогуле ёсць іншая магчымасць паклапаціцца пра будучыя пакаленні. Не праспаць і не аддаць ашуканцам чарговыя выбары. І дапамагчы гэтай унікальнай кагорце, што праматала нацыянальны набытак краіны, убачыць вынікі сваёй бурнай дзейнасці ўжо з боку.

Інакш яшчэ дваццаць пяць гадоў гэтая няўрымслівая кампанія будзе абяцаць людзям усё тую ж «няшчасную тысячу». Упарта і настойліва. Нічога іншага ў іх няма і не будзе. Гэта тыя ж бальшавікі.

Толькі «са знакам якасці».

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org