Што мае на ўвазе Пуцін, калі гаворыць «пра хуткае завяршэнне вайны»
- 13.05.2026, 0:35
Растлумачыў Віталь Портнікаў.
Пуцін цалкам можа жадаць скончыць вайну, але толькі на сваіх умовах, паведаміў вядомы ўкраінскі палітолаг і публіцыст Віталь Портнікаў
Пра гэта Віталь Портнікаў расказаў на сваім YouTube-канале.
- Пяскоў не здолеў прывесці ніякай канкрэтнасці, якая б растлумачыла словы Пуціна адносна магчымага завяршэння расійска-ўкраінскай вайны. Скажу болей, Пяскоў, падзякаваўшы Злучаным Штатам за намаганні ў пасярэдніцтве, фактычна прызнаў, што ніякай канкрэтнасці няма, але зрабіў акцэнт на тым, што вайна можа скончыцца ў любы момант, калі прэзідэнт Украіны Зяленскі і ўкраінскае кіраўніцтва прымуць неабходныя рашэнні, пра якія яны самі ведаюць, - праінфармаваў сваіх гледачоў палітычны аналітык.
Таксама публіцыст растлумачыў, на якіх умовах Расія пагодзіцца скончыць вайну ва Украіне:
- Ёсць рэальнасць, якая не абяцае Пуціну хуткай і сапраўднай перамогі, і ёсць пуцінскія «прыхамаці», якія ён і агучвае на сваіх прэс-канферэнцыях, калі гаворыць пра магчымасць завяршэння расійска-ўкраінскай вайны ў хуткім часе. Мы павінны арыентавацца менавіта на змест чаканняў Пуціна і памятаць, што, калі ён кажа, што хутка ўкраінска-расійская вайна скончыцца, ён мае на ўвазе менавіта капітуляцыю краіны і яе знікненне, а зусім не пошук шляхоў для дамоўленасцяў з Украінай або хаця б для спынення агню па лініі сутыкнення войскаў дзвюх варожых краін.