23 красавiка 2024, aўторак, 19:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Беларусь страчвае расейскі рынак

3
Леанід Злотнікаў: Беларусь страчвае расейскі рынак
ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ

Развязання «малочнага канфлікту» не атрымалася.

У расейска-беларускіх эканамічных стасунках не варта шукаць палітыку, Беларусь імкліва страчвае канкурэнтаздольнасць паўсюль, у тым ліку і на рынку галоўнага хаўрусніка.

На пасяджэнні Найвышэйшай дзяржрады «саюзнай дзяржавы» развязаць эканамічныя спрэчкі не атрымалася, мяркуючы паводле сціслага паведамлення афіцыйных крыніцаў. Лукашэнка раптам заявіў, што гэта Расея павялічвае харчовую прысутнасць на беларускім рынку, а не Беларусь на суседскім. Уладзімір Пуцін разгледзеў перспектыву павелічэння таваразвароту да 50 мільярдаў за год, замест 33 у 2017 годзе.

Развязання «малочнага канфлікту» не атрымалася, мабыць, перамовы прадоўжацца на ўзроўні ўстановаў. Расея, падобна, не мае намеру адыходзіць ад абвешчанага ў красавіку міністрам сельскай гаспадаркі Аляксандрам Ткачовым папярэджання: «Беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, таму што ў нас сур'ёзныя намеры напаіць расейцаў айчынным малаком».

Апошнія казыры выбіваюць з рук

«Расея даволі хутка нарошчвае аб'ём уласнай сельскагаспадарчай вытворчасці. Мясцовы вытворца ўжо абышоў Беларусь у прапанове свініны, птушкі, яек, пакуль за намі яшчэ застаецца ялавічына і малочныя прадукты, – сказаў у інтэрв'ю Thinktanks.by вядомы беларускі навуковец-эканаміст Леанід Злотнікаў. – Хоць калі казаць пра ялавічыну, то мы яе практычна сабе ў страту вырабляем. Са сметанковым маслам – такая самая сітуацыя.

Пакуль прыбытак прадаўжаюць прыносіць сыр і цэльнае малако. Але сутнасць усёй гэтай сітуацыі ў тым, што некалі прынятая Расеяй праграма развіцця сельскай гаспадаркі з мэтай напаўнення свайго рынку сваёй прадукцыяй пачынае паказваць вынікі. Гэта самая паспяховая на гэты момант галіна ў Расеі – і столькі беларускага малака там ужо не трэба».

Другая прычына эканамічных трэнняў, як мяркуе эканаміст, гэта відавочны абыход Беларуссю расейскіх санкцый, «усе мы ведаем пра беларускую стронгу, ківі, вустрыцы на расейскім рынку». «Гэта, вядома, таксама згуляла сваю ролю. Пуцін не кажа нічога публічна пра гэта, але мне здаецца, што ён незадаволены. Гэта значыць, яшчэ менш застаецца падставаў для рэзкага павелічэння паставак на расейскі рынак беларускіх прадуктаў харчавання. А на іншых рынках мы яшчэ больш неканкурэнтаздольныя», – мяркуе Леанід Злотнікаў.

Цікавасць у субсідыях

Навошта прадаўжаць інтэграцыйныя праекты, калі Менск увесь час кажа пра перашкоды ў працы на агульнай эканамічнай прасторы? «Лукашэнка быў зацікаўлены ў агульным рынку ў першую чаргу з прычыны танных расейскіх энэрганосьбітаў. Расея вельмі дапамагала датацыямі, якія, паводле маіх прыкідак, склалі з моманту ўтварэння Мытнага звязу ў канцы 1995 года не менш за 90 мільярдаў даляраў толькі праз энэрганосьбіты, бо ў 90-я гады былі і іншыя каналы паступлення расейскіх субсідый. У 2015 годзе толькі розніца паміж сусветнымі коштамі на вуглевадароды і коштамі для Беларусі дала нашаму бюджэту не менш за 5 мільярдаў даляраў – гэта вельмі вялікая дапамога. І за апошнія два гады мы атрымалі экспартныя расейскія мыты – гэта 1,5–2 мільярды за год. Гэта была сапраўдная падтрымка.

Але ў іх ідзе павышэнне коштаў – у нафце і нафтапрадуктах ужо блізка да агульнасусветных, у газе пакуль застаюцца нізкімі, з паступовым ростам. Плюс паступовае скасаванне экспартных мытаў – расейскія субсідыі няўмольна скарачаюцца», – падкрэслівае Леанід Злотнікаў.

Прагноз – страты за стратамі

Прапанова Пуціна пра павелічэнне таваразвароту была б актуальнай некалькі гадоў таму, «тады ў Расеі быў добры попыт на нашу складаную тэхніку, цяпер усё больш плугі і культыватары набываюць, а складаную закупляюць у Кітаі ці збіраюць у сябе на замежных заводах». «Мы саступілі ў апошняй пяцігодцы на расейскім рынку. Тут нават справа не ў нейкіх палітычных прычынах, краіна страчвае канкурэнтаздольнасць ужо і там. А ў Расеі ў гады перад абвастрэннем стасункаў з заходнім светам усё ж атрымалася прывабіць нямала замежных інвестыцый, – сказаў Леанід Злотнікаў.

– Акрамя таго, думаю, у Маскве яшчэ выклікаюць напружанне нашы кантакты з Кітаем. Ён і сам спрабуе прарвацца на расейскі рынак, адкрыць там вытворчасці, а тут яшчэ мы са сваім стратэгічным партнёрствам з Кітаем – Расеі гэта не падабаецца».

«Беларуская эканоміка ідзе да стану беспрасвецця. Не дапамагае ўжо нічога, у тым ліку вельмі нядрэнная кан'юнктура на сусветным рынку, якая склалася пару гадоў таму. Вонкавая пазыка толькі вырасла на 2,5 мільярда ў гэты самы спрыяльны перыяд – гэта значыць у нас не атрымалася выкарыстаць ні адзін спрыяльны чыннік на сваю карысць.

Мы трапляем у вельмі цяжкую сітуацыю – пазыкі не змяншаюцца, іх разам з адсоткамі трэба ўвесь час выплачваць, новыя пазыкі традыцыйна праядаюцца, насельніцтва будзе яшчэ больш насцярожана ставіцца да эканамічнай сітуацыі», – мяркуе Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках