Маці салдата Коржыча: Я не згодная з высновамі крымінальнай справы
12- 4.06.2018, 21:14
- 17,105
ФОТА: MEDIA-POLESYE.BY
Справа пра гібель салдата Коржыча дагэтуль не накіраваная ў суд.
Паўтара месяца таму Следчы камітэт паведаміў: расследаванне справы шарагоўца Аляксандра Коржыча завершаная. У ведамстве прыйшлі да высновы - калегі давялі маладога чалавека да самагубства. У пятніцу, 1 чэрвеня, мама загінулага салдата Святлана Коржыч напісала заяву ў СК, што не згодна з вынікамі расследавання. Жанчына запатрабавала эксгумацыю сына, а таксама допыт дадатковых сведак.
- 1 чэрвеня скончыла знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, у ёй 32 тамы. Я не згодна з яе высновамі, з тым, што гэта было давядзенне да самагубства. Засталося занадта шмат пытанняў, на якія няма адказу. Таму адразу ж напісала ліст у СК, чакаю адказу. Пра сваю пазіцыі таксама паведаміла ў адміністрацыю Лукашэнкі, - распавядае tut.by Святлана Коржыч.
Расследаванне гібелі 21-гадовага салдата доўжылася паўгода. Увесь гэты час следства адпрацоўвала тры версіі здарэння ў Печах: забойства, давядзенне да самагубства і самагубства. 19 красавіка Следчы паведаміў, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства калегі. Трое сяржантаў прызнаныя абвінавачанымі, віну яны прызналі часткова.
- Я папрасіла правесці эксгумацыю цела, апытаць дадатковых сведак з Пінска, тых людзей, хто ведаў Сашу з дзяцінства, - удакладняе Cвятлана Коржыч.
Высвятляецца, яшчэ месяц таму, азнаёміўшыся з першымі тамамі справы, жанчына пісала ў СК іншае хадайніцтва. У ім яна намагала на правядзенні дадатковых следчых дзеянняў, прызначэнняў экспертыз. Стала пытанне аб працягу расследавання, але Святлана Коржыч «адмовілася ад гэтага хадайніцтва» і прыязджала ў Менск для азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы.
- Удзельнікі крымінальнага працэсу працягваюць азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы, расследаванне гібелі Коржыча завершанае, раней мы пра гэта заяўлялі, - пракаментаваў Сяргей Кабаковіч, кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта.
Паводле закона на азнаямленне ёсць месяц. У выпадку, калі ўдзельнікі заявілі нейкае хадайніцтва, то могуць быць прызначаныя дадатковыя следчыя дзеянні, і тады тэрміны для азнаямлення з крымінальнай справай павялічваюцца яшчэ на месяц.
Нагадаем, цела радавога Коржыча знайшлі 3 кастрычніка 2017 года ў склепе медыцынскай роты вайсковай часткі. Крыху пазней міністр абароны Андрэй Раўкоў скажа: «самым непрыемным» для яго стала тое, што войска «страціла» салдата на 7 дзён.
- Ён 7 дзён правісеў у пятлі... Я разумею, што салдат можа згубіцца на ноч, на некалькі гадзін, але не на 7 дзён! Таму без шкадаванняў мы адхілілі ад пасады тых, хто павінен быў весці ўлік, давялося вырашыць кадравыя пытанні, - казаў Раўкоў.
Сяржантам выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 455 «Перавышэнне ўлады, што пацягнула цяжкія наступствы - давядзенне да самагубства». Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.