Сом Лукашэнкі «усох» на тры кілаграмы
- 15.08.2026, 16:05
- 1,264
Дыктатар завраўся ў сваёй гісторыі пра рыбалку на Прыпяці.
Падчас урачыстай цэрэмоніі адкрыцця фестывалю «Кліч Палесся» дыктатар Аляксандр Лукашэнка зноў успомніў пра сваю рыбалку на сома на Прыпяці. Але гісторыя заграла новымі фарбамі, піша «Салідарнасць».
— Я аднойчы ў вас рыбачыў на сома. Злавіў сома — 54 кг. Цэлую гадзіну вылаўліваў. Выцягнулі яго багром, паклалі ў лодку, а ён сумнымі вачыма глядзіць. І пасля гэтага я на сома больш не рыбачу — перад вачыма стаяць гэтыя вочы. Шкада вялікую рыбу, — перадае словы кіраўніка яго прэс-служба.
А вось што Лукашэнка распавядаў пра тую ж рыбалку ў 2013 годзе:
— Я асабіста сома на 57 кг выцягнуў. 57, 24 і 7 кг — траіх сомаў злавіў, — заявіў тады кіраўнік і дадаў. — Навялі парадак. Цяпер там палец сунеш — і за палец рыба хапае.
Увогуле атрымліваецца, што за гэты час і ўлоў паменшыўся, і сом усох. Хоць і надалей глядзіць на ўвесь гэты цырк «сумнымі вачыма».