15 жнiўня 2026, Субота, 17:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін трапіў у гістарычную пастку

1
Пуцін трапіў у гістарычную пастку

Спыніць яго могуць толькі дзве рэчы.

Паездка Пуціна на Курыльскія астравы чарговы раз паказала галоўную праблему будучага міру паміж Украінай і Расіяй: ніякай мірнай дамовы не будзе.

Паўднёвыя Курылы былі акупаваныя СССР пасля Другой сусветнай вайны. Гэта незаконная акупацыя, і расійская юрысдыкцыя над імі не прызнаецца практычна ўсімі краінамі свету, у прыватнасці Украінай, ЗША, ЕС і Кітаем. Менавіта таму паміж Японіяй і Расіяй так і не была заключаная мірная дамова, бо яна патрабуе ўзаемнай згоды адносна межаў і суверэнітэту.

Гэты прыклад паказвае, чаму паміж Украінай і Расіяй не можа быць ніякага мірнага пагаднення. Пры дзеючым палітычным рэжыме Расія не вызваліць акупаваныя тэрыторыі і не прызнае суверэнітэт Украіны. Украіна ж нават тэарэтычна не зможа адмовіцца ад сваіх тэрыторый, бо гэта наўпрост забаронена Канстытуцыяй. Такім чынам, да поўнага спынення расійскай акупацыі мірная дамова паміж Украінай і Расіяй немагчымая. Паколькі мірная дамова недасягальная, максімальны вынік, якога можа дасягнуць дыпламатыя, – гэта пагадненне аб часовым перамір’і і спыненні агню. Нешта падобнае да фіналу вайны паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі або паміж Турцыяй і Кіпрам. І гэта – якраз тое, ад чаго Расія катэгарычна адмаўляецца з першага дня поўнамаштабнага ўварвання. Літаральна сёння гэта чарговы раз пацвердзіў Сяргей Лаўроў.

Іншымі словамі, да змены палітычнага рэжыму ў Маскве афіцыйна вайна паміж Украінай і Расіяй не скончыцца. Паколькі Уладзімір Пуцін не губляе аптымізму адносна дасягнення сваіх стратэгічных мэтаў ваенным шляхам, спыніць яго могуць толькі дзве рэчы: перакананасць Пуціна, што мэты вайны ўжо дасягнутыя, або ўсведамленне, што іх немагчыма дасягнуць наяўнымі рэсурсамі, а прыцягнуць новыя нельга з-за іх адсутнасці або занадта высокага кошту.

Як можна заўважыць, стратэгія перамоў адміністрацыі ЗША накіраваная менавіта на першы фактар. З пачатку 2025 года амерыканцы прапануюць розныя бонусы, якія ў сукупнасці могуць быць вытлумачаныя Пуціным як «перамога». Арсенал прапаноў – ад зняцця санкцый да афіцыйнага прызнання расійскай юрысдыкцыі над Крымам – настолькі шырокі, што нават поўная вайсковая перамога і ператварэнне Украіны ў вялікую «ДНР» не далі б Расіі таго, што Данальд Трамп прапануе проста за спыненне агню.

Пры гэтым стратэгія Украіны і нашых еўрапейскіх саюзнікаў зводзіцца да рэалізацыі другога фактару. Ідзе гаворка пра спыненне прасоўвання ворага на лініі фронту і пра маштабаванне ваенных дзеянняў на тэрыторыі РФ. Пад такім ціскам Пуцін павінен усвядоміць немагчымасць дасягнення сваіх мэтаў, калі кошт далейшай агрэсіі стане непрымальным.

Праблема ў тым, што абодва фактары маюць суб’ектыўны характар і дзейнічаюць выключна ў галаве аднаго чалавека ў Крамлі. Стратэгічнай мэтай Пуціна застаецца знішчэнне незалежнай Украіны, і менавіта за гэта ён і ваюе. Ён лічыць гэта сваёй гістарычнай місіяй, таму не лічыцца з коштам, які плаціць Расія, і працягвае павышаць стаўкі.

З іншага боку, Расіі ўсё цяжэй весці вайну такой інтэнсіўнасці і знаходзіць для гэтага рэсурсы. У рэсурсным супрацьстаянні з усёй Еўропай, як гэта фактычна адбываецца цяпер, шанцы РФ далёка не бездакорныя, тым больш што яна паступова ператвараецца ў «вялікую ДНР», і не факт, што гэты працэс можна спыніць.

Напрыканцы варта ўзгадаць цытату Сяргея Лаўрова: «Калісьці гэтая вайна скончыцца. Мы ўсё роўна адстаім сваю праўду. Але як далей жыць, я пакуль не ўяўляю сабе». Гэта значыць, расійскія вярхі насамрэч поўнасцю ўсведамляюць, што пытанне ўжо не толькі ў тым, калі скончыцца гэтая вайна. Пытанне ў тым, калі сама Расія перастане лічыць сваю катастрофу перамогай. Бо толькі тады ў Крамля з’явіцца сапраўдны стымул спыніць вайну.

Мікалай Княжыцкі, Facebook

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках