Супрацоўнік рэстарацыі напаў на абаронцаў Курапатаў
40- 7.06.2018, 14:42
- 46,916
Са слоў актывістаў, супрацоўнік рэстарацыі «Поедем поедим» знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
На сценах вакол забаўляльнага комплексу, раней вядомага як «Бульбаш-хол», у якім адкрылася рэстарацыя «Поедем поедим», актывісты вывешваюць партрэты людзей, расстраляных у Курапатах - мемарыяле, тэрыторыя якога пачынаецца ў 50 метрах ад комплексу, паведамляе «Радыё Свабода». .
Супрацоўнік рэстарацыі Дзмітрый пачаў зрываць плакаты, завязалася бойка з абаронцамі Курапатаў. Актывісты сцвярджаюць, што Дзмітрый напаў на іх у стане алкагольнага ап'янення, спрабавалі затрымаць яго, каб перадаць міліцыі, але нарэшце адпусцілі.
Рэжысёр Аляксей Туровіч пайшоў пісаць заяву на работніка рэстарацыі, але адмовіўся садзіцца ў міліцэйскі аўтамабіль - без гэтага міліцыянты адмовіліся прымаць заяву аб нападзе.
Актывісты не прапускаюць машыны, што вязуць у рэстарацыю прадукты. Супрацоўнік ДАІ патрабуе, каб актывісты сышлі з праезнай часткі - актывісты адказваюць, што гэта не праезная частка, а «дваровая тэрыторыя незаконнай пабудовы».
Работнікі рэстарацыі сарвалі некалькі плакатаў, што развесілі пратэстоўцы, але абаронцы Курапатаў не далі сарваць астатнія плакаты. Міліцыянты не ўмешваліся ў сутычку.
