Створаная міжпарламенцкая асамблея Украіны, Малдовы і Грузіі
2- 9.06.2018, 20:19
- 10,242
Дэкларацыю пра стварэнне міжпарламенцкай асамблеі падпісалі ў Кіеве.
У сталічным гатэлі «Кіеў» адкрылася II Міжпарламенцкая канферэнцыя на тэму «Грузія, Малдова і Украіна: узмацненне міжпарламенцкага рэгіянальнага кампанента, супрацоўніцтва ў пытаннях бяспекі і развіцця ўзаемадзеяння з ЕЗ і NATO», паведамляе censor.net.ua.
У рамках канферэнцыі адбудзецца цырымонія падпісання заявы старшынём Вярхоўнай Рады Украіны Андрэем Парубіем, кіраўніком Парламента Грузіі Іракліем Кабахідзе і старшынём Парламента Рэспублікі Малдова Андрыянам Канду пра стварэнне Міжпарламенцкай асамблеі «Украіна-Малдова-Грузія».
Гэтая канферэнцыя з'яўляецца працягам трохбаковага міжпарламенцкага дыялогу, пачатага ў час афіцыйнага візіту Старшыні Вярхоўнай Рады Украіны Андрэя Парубія ў Рэспубліку Малдова сёлета ў сакавіку.
Стратэгічнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў, стварэнне і забеспячэнне агульнай сістэмы бяспекі, пабудова эканамічна стабільнага дзяржаўнага кіравання і рэфармаванне краін згодна з еўрапейскімі прававымі нормамі.
У рамках канферэнцыі пры ўдзеле парламентарыяў трох краін запланавана правядзенне панэльнай дыскусіі на тэму «Супрацьстаянне новым выклікам бяспекі».
«Згодна з пастановай і рэгламентам, гэты працэс (стварэнне Міжпарламенцкай асамблеі, - рэд.) - не аднамомантны, гэты працэс потым павінен быць зацверджаны рабочымі групамі, абранымі ад кожнага парламента, але павінен быць зроблены першы крок у абвяшчэнні Міжпарламенцкай асамблеі. Я маю надзею, што наша канчатковае пасяджэнне, пачатае ў Кішынёве і працягнутае ва Украіне, мы зможам правесці ў Тбілісі (Грузія), дзе ўжо будзе афіцыйнае стварэнне гэтай Міжпарламенцкай асамблеі. Я перакананы, гэтая пляцоўка дасць нам нашмат больш новых магчымасцяў для супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння», - сказаў старшыня ВРУ Андрэй Парубій.
Ён таксама нагадаў, што Украіна мае падобны досвед супрацоўніцтва з Польшчай і Літвой у Міжпарламенцкай асамблеі, у рамках якой зарадзілася шмат выдатных ідэй, напрыклад ідэя Плана Маршала.
«У мяне ёсць мара, што аднойчы мы збяромся двума міжпарламенцкімі асамблеямі для сумеснага пасяджэння, паказаўшы, што Балта-Чарнаморскі пояс і з'яўляецца шчытом Еўропы, які сёння абараняе каштоўнасці і ўвесь цывілізаваны свет», - дадаў спікер украінскага парламента.