26 красавiка 2024, Пятніца, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Welt: Пуцін і цень ЧС-2018

5
Die Welt: Пуцін і цень ЧС-2018

Футбол ператварыўся ў ідэальныя кулісы для Крамля.

Расейскі прэзідэнт выкарыстоўвае футбольны турнір, каб цішком прыняць непапулярныя рэформы і абясшкодзіць апанентаў. Пратэст немагчымы: ва ўсіх гарадах, дзе праходзяць матчы чэмпіянату, дзейнічае забарона на правядзенне якіх бы там ні было акцый, канстатуе маскоўскі карэспандэнт Die Welt (пераклад – inopressa.ru) Павел Лакшын.

ЧС-2018 становіцца для Крамля "ідэальнымі кулісамі для правядзення грубых палітычных акцый", піша журналіст. "Прэзідэнт Пуцін відавочна не першы, хто дадумаўся ўкараняць непапулярныя ў народзе новаўвядзенні, прыкрываючыся спартыўнымі падзеямі такога маштабу. Аднак тое, пра што ягоны ўрад абвесціў у дзень адкрыцця ЧС-2018, вартае, мабыць, звання самых рызыкоўных унутрыпалітычных рэформаў за апошнія некалькі гадоў", – заўважае Лакшын.

Гаворка ідзе пра падвышэнне падатку на даданую вартасць на 2 адсоткавыя пункты, да 20%, а таксама ўзросту выхаду расейцаў на пенсію – паступова, пачынаючы з 2019 года.

"Павышэнне падатку на даданую вартасць, якое на фоне спадальных рэальных прыбыткаў павялічыць выдаткі расейцаў, стаічна настроеныя грамадзяне яшчэ маглі б праігнараваць. Але вось пенсійная рэформа абурыла народ нават нягледзячы на футбольны чэмпіянат, бо яна ставіць крыж на звычках расейцаў і сацыяльна-прававых перажытках савецкіх часоў", – гаворыцца ў артыкуле.

Усяго за тыдзень рэйтынг Пуціна, паводле ацэнак УЦДГМ, скараціўся да 42% – самы нізкі вынік пачынаючы з 2013 года, паведамляе выданне.

Павышэнне пенсійнага ўзросту – для жанчынаў з 55 да 63 гадоў, для мужчынаў з 60 да 65 – "чакана аргументуецца скарачэннем колькасці працоўных грамадзянаў і павышэннем даўжыні жыцця расейцаў", піша Лакшын.

"Даўно зразумела, што пенсійная сістэма мае патрэбу ў рэфармаванні, аднак Крэмль увесь час марудзіў з прынцыповымі зменамі. Нядзіўна, што, паводле апытанняў, больш за 80% расейцаў выказваліся супраць павышэння ўзросту выхаду на пенсію. Многія прадстаўнікі ліберальнага эканамічнага крыла становяцца на іхні бок, у тым ліку эканаміст Андрэй Моўчан з Маскоўскага цэнтра Карнэгі", – паведамляе карэспандэнт.

На думку эксперта, сапраўдная рэформа праводзіцца не будзе, замест гэтага непрацоўная сістэма, якая не прапануе ніякіх імпульсаў для самастойнага забеспячэння старасці, будзе ўсяго толькі закансерваваная.

Акрамя таго, эксперт кажа пра рызыку павышэння ўзроўню беспрацоўя сярод тых, хто дасягне перадпенсійнага ўзросту: Крэмль не прапануе ніякіх захадаў для падтрымкі пажылых супрацоўнікаў. Праз 10–15 гадоў стане неабходна зноў павышаць пенсійны ўзрост, мяркуе Моўчан.

"Для многіх расейцаў галоўнай прычынай незадаволенасці рэформай становіцца той факт, што многія расейскія мужчыны ўвогуле не дажывуць да пенсіі. У Расеі толькі 56% мужчынаў дажывае да 65-гадовага ўзросту (у Нямеччыне – 85%)", – піша Лакшын.

Многія не разумеюць, чаму дзяржава проста не папоўніць пенсійны фонд за кошт прыбыткаў ад продажу нафты і газу, гаворыцца ў артыкуле.

"Пракрамлёўскія тэлеканалы называюць рэформу неўнікнёнай і запрашаюць у ток-шоу бяззубых крытыкаў, якіх перакрыкваюць прыхільнікі рэформаў", – паведамляе аўтар артыкула.

Аднак у некаторых левых апазіцыйных дэпутатаў, незалежных прафзвязаў і пазапарламенцкай апазіцыі атрымалася пазначыць сваю незадаволенасць рэформай. Пад онлайн-петыцыяй цягам некалькіх дзён паставілі подпісы больш за 2 млн чалавек. Гэтая незадаволенасць, зазначае журналіст, не можа выліцца на вуліцы – прынамсі не ў расейскай сталіцы. Да 25 ліпеня дзейнічае забарона на публічныя мерапрыемствы ў месцах правядзення матчаў ЧС-2018.

"У цені ЧС Крэмль пастанавіў таксама зрабіць захады супраць расейска-брытанскай Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук, – прадаўжае Лакшын. – Неўзабаве пасля таго, як Расея перамагла ў Егіпта з лікам 3:1, навучальнай установе было адмоўлена ў дзяржаўнай акрэдытацыі".

Як паведамляе карэспандэнт са спасылкай на інтэрнэт-партал The Bell, расейскія спецслужбы ўважаюць прыватны ўніверсітэт "апорай лібералізму".

Нядаўна прэс-сакратар Пуціна абвясціў, што прэзідэнт "не ўдзельнічае ў распрацоўцы пенсійнай рэформы".

"Многія эксперты трактуюць (гэтыя заявы) як падрыхтоўку да таго, што Пуцін можа зваліць усю віну на ўрад Мядзведзева, які і так не на добрым рахунку ў народа. Трохі змяніўшы пенсійную рэформу, гаспадар Крамля мог бы прэзентаваць сябе ў ролі дабрадзея, пазбавіўшы ветру ветразі блізкага пратэсту. Бракуе толькі выхаду расейскай зборнай у чвэрцьфінал", – рэзюмуе Лакшын.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках