26 красавiка 2024, Пятніца, 14:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Змітра Завадскага: Трэба браць сябе ў рукі і змагацца

3
Маці Змітра Завадскага: Трэба браць сябе ў рукі і змагацца
ВОЛЬГА ЗАВАДСКАЯ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Знікненне Змітра падзяліла яе жыццё на «да» і «пасля».

Вольга Завадская, маці выкрадзенага і забітага ў 2000-м журналіста Змітра Завадскага, апошнія два гады лечыцца ад цяжкай хваробы, паведамляе «Радыё Свабода».

Новы жыццёвы выклік

У 2016 годзе ў яе выявілі рак малочнай залозы і пухліну ў мозгу. Вольга Рыгораўна не ўтойвае свайго дыягназу і спакойна распавядае пра момант, які зноў, як раней знікненне Змітра, падзяліў яе жыццё на «да» і «пасля».

«Гэта было ў верасні 2016 года. Сталі турбаваць грудзі, і я сама вызначыла, што, магчыма, гэта пухліна. Я ж медык, хоць і па стаматалагічнай лініі. Са сваімі падазрэннямі звярнулася да лекараў, і яны ў снежні высветлілі, што ў мяне рак. Прычым, знайшлі яшчэ і пухліну ў мозгу. І цяпер нават невядома, гэта там пачалося або ў грудзях. Стала лячыцца».

Вольга Завадская кажа, што лячэнне пераносіць складана:

«Больш за 30 хіміятэрапій, моцныя прэпараты, адразу выпалі валасы, адымаюцца ногі, знізілася памяць, пагоршыўся зрок. Але трымаюся. Тут выбар просты: альбо пачнеш панікаваць - і тады едзь у псіхлякарню, альбо бяры сябе ў рукі і змагайся».

«Хіміятэрапія - гэта ж кропельніцы з рознымі лекамі. Цяжкая не сама хіміятэрапія, а што адчуваеш пасля, бо адбываецца інтаксікацыя ўсяго арганізма. Калі ўжо ведаеш гэтыя адчуванні, што яны паўторацца, то, вядома, цяжка сябе прымусіць ісці на гэта зноў. І тады думаеш: дзеля чаго, ці варта? Пра гэта кожны, відавочна, думае. Але я сабе сказала, што трэба, і трываю».

Лекары казалі Вользе Рыгораўне, што метастазы ў галаве ўдалося перамагчы.

«Але чаму тады адмаўляюцца працаваць ногі? Раней, да рака, я лячыла хрыбетнік, былі праблемы. Можа, гэта яшчэ тая хвароба дадалася да новай? Добра было б ведаць. Я прафесійны медык, ведаю, што дакладны дыягназ - вялікая частка справы. Не трэба казырыцца, але не трэба і панікаваць. Трэба быць да сябе ўважлівым і не апускаць рукі», - кажа Вольга Завадская.

Змагацца з хваробай Вользе Завадскай дапамагаюць дачка Алена і грамадзянскі муж Сяргей.

Сяргей успамінае, што адзін раз Вольгу Рыгораўну падчас агляду ў лякарні лекары пераблыталі з другой хворай.

«Пытаюся пасля агляду ў лекара: які стан у Завадскай? Лекар кажа: «А я Завадскай і не правяла агляд». Як не правялі, калі яна толькі што выйшла з вашага кабінета? «Ды я вось такую вось агледзела», - называе іншае прозвішча. А тая жанчына яшчэ ў калідоры сядзіць... Карткі пераблытала, але парады і ацэнкі давала. Ну што зробіш? У іх жа струмень з анкалагічнымі, а каб да кожнага свой падыход - няма часу», - кажа Сяргей.

У сувязі з хваробай Вольга Завадская атрымала другую групу інваліднасці.

Падрабязна расказваць пра сябе Сяргей адмаўляецца, кажа толькі, што знаёмы з Вольгай Завадскай шмат гадоў, не хоча ён і фатаграфавацца.

Вольга і Сяргей жывуць у аднапакаёвай кватэры ў менскім мікрараёне Сухарава. Абсталяваная яна сціпла: шафы з фотаздымкамі і кнігамі на паліцах, ложак, тэлевізар, столік і крэслы. Каля балкона інвалідны вазок, на якім Сяргей, калі добрае надвор'е, вывозіць Вольгу Рыгораўну на шпацыр.

«Улетку стараемся выязджаць часцей, але ўсё адно не заўсёды атрымліваецца. Праз дарогу лесапарк, але туды складана дабрацца. Яшчэ Сяргей вывозіць мяне на кропельніцу і агляды, гэта таксама ўсё складана, ён жа працуе».

Па кватэры Вольга Рыгораўна перасоўваецца на «хадунках» - спецыяльным прыстасаванні, якое падтрымлівае падчас руху.

«Мне важна зразумець, ад чаго я пачала падаць. Тройчы падала ў кватэры, адзін раз у калідоры. Іду - і раптам, як удар нейкі, падаю. Бывала, што і білася галавой, гузы набівала, шнар вось на лбе ад падзення застаўся. Тады стала гэтымі хадункі карыстацца. Але і яны ўжо мала дапамагаюць - сіл не стае абапірацца. Не толькі ногі, рукі таксама аслабелі. Нарэзаць прадукты ўжо не магу, гатаваць не магу. Імбрык рука не трымае, добра, што яшчэ на кубак гарбаты сіл стае».

На абед у Вольгі Рыгораўны былі смачныя бліны, якія прыгатаваў Сяргей. Напярэдадні ён паспеў наварыць і разліць малінавае варэнне.

«Тры разы даводзіў да кіпення, як павінна быць», - хваліцца дакладнасцю выканання рэцэпту Сяргей.

На 13 ліпеня ў Вольгі Завадскай запланаваны чарговы прыём у лекара. «Я да ўсяго гатовая», - кажа Вольга Рыгораўна.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках