КДБ распавёў пра новых фігурантаў у «справе медыкаў»
30- 11.07.2018, 19:15
- 28,104
Сілавікі затрымалі за хабар намесніка міністра аховы здароўя Ласіцкага і яшчэ дзясяткі службовых асоб.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі затрымаў за хабар намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага. Пра гэта сёння журналістам паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык і распавёў пра іншых фігурантаў справы аб карупцыі ў ахове здароўя, паведамляе БелТА.
Намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі затрыманы і змешчаны пад варту за спрыяльнае развязанне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю ў арганізацыі дзяржаўнай рэгістрацыі вырабаў медыцынскага прызначэння, а таксама лаяльнае стаўленне пры выбары пастаўшчыкоў медыцынскай тэхнікі. «Сумы хабараў вар'іраваліся ад $2,5 тысяч да $10 тысяч», - паінфармаваў Валерый Вакульчык.
Сярод затрыманых таксама генеральны дырэктар прадпрыемства «Белфармацыя» Вячаслаў Гніці, які атрымліваў хабар за арганізацыю першачарговых разлікаў з камерцыйнымі структурамі, а таксама за выбар «патрэбных» пастаўшчыкоў медыцынскай прадукцыі.
Акрамя таго, 23 чэрвеня пры атрыманні чарговага хабару $5 тысяч на гарачым затрыманы дырэктар ААТ «Экзон» Валер Васкевіч, які на працягу доўгага часу атрымліваў незаконныя грашовыя ўзнагароды за ўкладання дамоў на пастаўку прадукцыі ў адрас ААТ і паступовы пераход па сутнасці дзяржаўнага прадпрыемства пад кантроль камерцыйнай структуры. Усяго ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра суму не менш як $25 тысяч.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі таксама затрымаў за хабар дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага, у яго схованках выяўлена блізу $500 тысяч у эквіваленце.
Нягледзячы на следчыя дзеянні і прафілактычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца, у сферы аховы здароўя выяўляюцца новыя факты карупцыі, канстатаваў Валерый Вакульчык. «Аляксандр Бялецкі затрыманы і ўзяты пад варту за арганізацыю правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медыцынскага абсталявання з боку камерцыйных структур і своечасовую плату за аказаныя паслугі. Пры правядзенні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена $500 тысяч у эквіваленце», - адзначыў старшыня КДБ.
Сярод фігурантаў крымінальных спраў таксама галоўны лекар 1-й гарадской клінічнай бальніцы Менска Алег Фамін. Ён затрыманы за садзейнічанне ў арганізацыі закупак медыцынскага абсталявання для патрэб бальніцы. Пры правядзенні ператрусу па месцы пражывання Алега Фаміна выяўлена блізу $140 тысяч у эквіваленце.
Крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да галоўных лекараў 9-й гарадской клінічнай бальніцы сталіцы Валерыя Кушнярэнкі, Менскай абласной клінічнай бальніцы Андрэя Каралько і Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Анатоля Аладзькі. Затрыманы таксама галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька.
На гэты момант за ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных арт. 430 «Атрыманне хабару», арт. 431 «Даванне хабару» і арт. 243 «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў» КК, Камітэтам дзяржбяспекі затрыманыя, узятыя пад варту, а таксама ўжытыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 37 службовых асоб, а ўсяго - больш за 60 фігурантаў.
«Усе яны шматкроць атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за аказанне садзейнічання на пастаўку медабсталявання і медыцынскіх прэпаратаў па завышаных коштах, што пацвярджаецца вынікамі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, што праводзіліся працяглы час, паказаннямі сведкаў і саміх абвінавачаных, а таксама вынікамі ператрусаў і канфіскацый. Усім прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, за выключэннем затрыманых учора, выстаўленыя абвінавачанні паводле названых артыкулаў Крымінальнага кодэкса», - сказаў старшыня КДБ.
У дачыненні да 22 службовых асоб і прадпрымальнікаў, якія раскаяліся, чыстасардэчна прызналі сваю віну і прынялі захады да выплаты незаконна атрыманых грашовых сродкаў, меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай не ўжываліся або былі змененыя на не звязаныя з абмежаваннем волі.
Нагадаем, 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў пра тое, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх - дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
Пазней стала вядома пра затрыманне намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага, галоўнага лекара Менскай абласной бальніцы Андрэя Каралько, дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага, галоўнага лекара 9-й бальніцы Валерыя Кушнярэнкі і загадчыка эндаскапічным аддзяленнем Андрэя Саўчанкі.