20 верасня 2018, Чацвер, 14:35
На маршы
Рубрыкі

Бізнэсмэн Кныровіч: Няўжо я, Аляксандр Станіслававіч, уцёк бы некуды?

10
АЛЯКСАНДР КНЫРОВІЧ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Для любога замежнага інвестара сітуацыя ў Беларусі абсалютна непрадказальная.

«БелГазета» падрыхтавала вытрымкі з амаль гадзіннага выступу бізнэсмэна ў судзе 28 чэрвеня:

«Мая справа пачалася 25 студзеня 2017 г. са словаў супрацоўнікаў КДБ: “А да вас, Аляксандр Станіслававіч, у нас няма пытанняў, вашыя мэнэджары апавялі ўсё, што яны ведаюць”. Праз чатыры гадзіны мне задалі пытанне: “Скажыце, вы ў курсе, што ў офісе "Сармата" ёсць пячатка "СТЫ-Трэйдынг"?” Сказаў, што сам яе не бачыў, але разумеў, што яна ў офісе, я не бачу ніякага злачынства, дазвольце мне растлумачыць... На што мне сказалі: “Нам гэтага дастаткова”. Гэтага было дастаткова для майго арышту.

У той жа вечар СМІ ўсёй краіны вылілі на мяне вядро памыяў. Нейкім чынам законна заробленыя ў Расеі сродкі, з якіх у РФ і Беларусі заплачаныя падаткі, раптам сталі злачыннымі! Таксама ў прэсу быў укінуты фантастычна абсурдны тэзіс пра тое, што сумы незаконных узнагароджанняў службовым асобам закладваліся ў сабекошт прадукцыі, а насельніцтва Беларусі потым усё гэта аплачвала. З майго пункту гледжання, гэта вар'яцтва, якое доўжыцца вось ужо 17 месяцаў.

...Я вельмі стаміўся, але прывык, дзень за днём у досыць інтэлігентнай кампаніі, няма забойцаў і наркаманаў. Паводле 431-га артыкула ўсё было так, як апавялі мае калегі, я не ведаў Жура і іншых, не ведаў, як называюцца іх арганізацыі. Я, безумоўна, прызнаю сваю віну ў тым, што, калі да мяне звярнуўся Папоўскі, што патрэбныя грошы на незаконнае ўзнагароджанне, я яму не адмовіў, прадпрыемства сапраўды было ў складаным становішчы, якое я звязваў з нявыплачанымі запазычанасцямі. Я хацеў адзін раз развязаць гэтае пытанне і больш да яго не вяртацца. У яўцы з пакаяннем я напісаў усё, што ведаў.

У выніку праведзенай следствам працы, у тым ліку з прысудаў усіх без выключэння хабарнікаў, пэўна вызначана, што ў выніку гэтых дзеянняў ніякай матэрыяльнай страты дзяржаве не нанесена. Ніякай матэрыяльнай страты дзяржаве і прэтэнзій ад дзяржавы да гэтых грамадзянаў не было. Не было ніякай схемы, якая дазваляла б з дапамогай гэтых асобаў завышаць неяк паслугі [ЖКГ] асобна або ў дзелях. У матэрыялах справы два чалавекі падавалі інфармацыю, адзін чалавек патрабаваў грошы за тое, каб ён своечасова заплаціў, проста патрабаваў грошы, яшчэ адзін – бярозаўскі – ён таксама патрабаваў грошы за тое, каб ягоная арганізацыя разлічылася з кампаніяй. З аднаго боку, дзеянні супрацоўнікаў “СарматТэрма-Інжынірынг” злачынныя, а з другога – гэтыя грошы [даваліся], каб асобы выконвалі свае службовыя абавязкі.

З матэрыялаў справы відаць, што ў 2016 г. ініцыятыва перадачы грошай зыходзіла не ад супрацоўнікаў “СарматТэрма-Інжынірынг”, а ад саміх хабарнікаў. Менавіта гэтыя людзі настойліва тэлефанавалі супрацоўнікам кампаніі і патрабавалі, каб ім заплацілі. Вы гэта чулі [з праслушкі], гэта было не адзін і не два разы, яны тэлефанавалі і тэлефанавалі...

Я прызнаю сваю віну ў тым, што аднаразова даў згоду Папоўскаму на перадачу грошай. Усё, што рабіў я, у гэтым раскайваюся, але я не магу сябе агаварыць. Так было б лепш, і тэрмін быў бы меншы...

З нагоды стварэння ў Расеі кампаніі “СТЫ-Трэйдынг”. Ніхто ніколі не абмяркоўваў выгоду ад продажу прадукцыі праз гэтую кампанію, таму што атрымаць якую-небудзь выгоду практычна немагчыма. Падаткі на прыбытак і дывідэнды ў Расеі вышэйшыя, чым у Беларусі, гэта значыць з падатковага пункту гледжання прадпрыемства наносіць асабіста мне шкоду. Я афіцыйна атрымліваў у Беларусі дывідэнды і іх дэклараваў, пасля гісторыі 2008 г. у мяне думкі не ўзнікала, каб не заплаціць падаткі. У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, 20 гадоў досведу працы, навошта мне ісці паводле гэтага артыкула другі раз? У разгляданым злачынстве адсутнічае сам матыў.

Прызнаваць сам факт рэгістрацыі расейскай кампаніі злачынным намерам? Тады трэба прызнаваць злачынным намерам рэгістрацыі такіх кампаній у Расеі дзяржпрадпрыемствамі Беларусі, напрыклад, “Атлантам”, МАЗам і іншымі, якія маюць свае гандлёвыя дамы або прадстаўніцтвы на тэрыторыі РФ.

Ні адзін чалавек не паведаміў, што тавару не было, нават правяральнікі пацвердзілі – тавар быў. У нашым выпадку няма ні аднаго доказу, што ўгоды былі фіктыўнымі.

Да 5 верасня 2016г. я не ажыццяўляў ні фактычнага, ні юрыдычнага кіраўніцтва кампаніяй. З паказанняў Дашкевіча, з якім я непасрэдна кантактаваў, вынікае, што пытанні арганізацыі дзейнасці “СТЫ-Трэйдынг” і “Сармат Тэрма-Інжынірынг” я з ім ніколі не абмяркоўваў, ён наўпрост заявіў пра гэта ў допыце.

Нягледзячы на абставіны, я як кіраўнік нясу адказнасць за тое, што адбылося за тыя чатыры месяцы, калі я займаў пасаду дырэктара.

...У чым я вінаваты? Першае: даў згоду на рэгістрацыю кампаніі, другое – узгадніў першага дырэктара Грушко, але не намінальнага. Ва ўсім астатнім іншых абвінавачванняў паводле арт.243 проста няма.

...Я кажу пра інвестыцыйны клімат у Рэспубліцы Беларусь, маючы на ўвазе нашу справу. Любы замежны інвестар, перш чым увайсці ў РБ, спачатку пачытае арт.243 “Наўмыснае ўнясенне заведама непраўдзівых звестак”, потым пачытае 488-ы ўказ пра тое, што накладная будзе прызнаная несапраўднай у выпадку адсутнасці факту перамяшчэння тавару. Усё зразумела, а потым ён убачыць рэальную законаўжывальную практыку, убачыць, што гэтая практыка зусім не такая і, вядома, уявіць будучыя наступствы. Сёння расейская кампанія з прычыны таго, што яна адпраўляла дакументы, у сутнасці, прызнаная лжэпрадпрымальніцкай без вынясення пастановы, а яе накладныя прызнаныя несапраўднымі. Для любога замежнага інвестара такая сітуацыя абсалютна непрадказальная. Ён паглядзіць і скажа: “Я не магу прадказаць наступствы сваіх дзеянняў, значыць, я не магу мець справу з гэтай краінай”.

Месі [форвард “Барселоны” і зборнай Аргенціны] праз афшоры ўхіліўся ад падаткаў. Натуральна, гішпанская паліцыя яму: так нельга! Але яго не пацягнулі ў турму. Ён заплаціў штраф, падаткі, атрымаў паўтара года ўмоўна і паехаў на Чэмпіянат свету. Я гэта да чаго. Адзін лёс Кныровіча – гэта прыватны выпадак. Ды і мне жыццё дарагое як памяць, але сталае прадаўжэнне выклікае адток вонкавых інвестыцый. У нас застаюцца толькі спекулянты, выпадковыя людзі. Я пра сённяшнюю практыку. Няўжо я супраць таго, каб заплаціць падаткі?! Няўжо я, Аляксандр Станіслававіч, уцёк бы некуды да ядрэнай фені? Навошта трэба было хаваць прадпрыемства? Чаму не сказаць: тут вы няправільна зрабілі, вось вам падаткі, працуйце, заплаціце. Прыйшла інфармацыя, што санацыі не будзе, будзе ліквідацыя [“СарматТэрма-Інжынірынг”]... Можна было зрабіць інакш.

...Чаго я хачу? Я ўсё жыццё працаваў, займаўся грамадскай дзейнасцю, мне здавалася, што гэта каштоўна для Беларусі. Я хацеў бы вярнуцца, але калі трэба, каб я сядзеў 6 гадоў у турме, значыць, я буду сядзець».