4 траўня 2024, Субота, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь ператварылася ў Бермудскі трыкутнік

55
Беларусь ператварылася ў Бермудскі трыкутнік
КРЫНІЦА: CARTOON.KULICHKI.COM

Рэжым ліхаманкава шукае грошы - і не знаходзіць.

11 ліпеня стала вядома, што Лукашэнка прыняў канчатковую пастанову аб пераходзе ў дзяржуласнасць Аршанскага авіярамонтнага завода. Прадпрыемства, 60% акцый якога належалі ўкраінскай кампаніі «Матор Січ», было нацыяналізаванае.

«Уласніка ўжо тут няма. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня», - заявіў дыктатар сваім набліжаным, наведваючы завод.

Звяртае на сябе ўвагу і кантэкст, у якім адбылася экспрапрыяцыя завода: у краіне праз выплаты працэнтаў па дзяржаўнай запазычанасці рэзка скараціліся золата-валютныя рэзервы, а Еўразійскі фонд замарозіў выдачу чарговай раты Беларусі.

Да чаго прывядзе палітыка ўладаў у гэтых умовах? На пытанні Charter97.org адказваюць эканаміст Леў Марголін і адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

Два сігналы

Сама па сабе нацыяналізацыя прадпрыемства ў прававой дзяржаве - гэта не добра і не дрэнна, уважае Леў Марголін:

- Гэта азначае, што дзяржава задзейнічала юрыдычны механізм абароны работнікаў ад масавых скарачэнняў. Але гэта - не наш выпадак. Сітуацыю з Аршанскім заводам трэба разглядаць у кантэксце беларускай сістэмы. У нас, і гэта відавочна, быў задзейнічаны механізм не абароны працоўных, а адыманне прадпрыемства ў дзяржаўную ўласнасць. Прычым гэтым разам - у вельмі сур'ёзнага і буйнога інвестара. Таму наступствы могуць быць вельмі сур'ёзнымі.

Нацыяналізацыя Аршанскага завода - гэта два сігналы, мяркуе Яўген Афнагель:

- Першы сігнал - украінскаму бізнэсу і ўладам: афіцыйны Менск будзе, ёсць, і быў хаўруснікам Пуціна, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. І ад яго ў любы момант можна чакаць удару ў спіну.

Другі сігнал - больш важны. Ужо не першым разам Лукашэнка адціскае самыя «смачныя кавалкі» ў бізнэсу. У дыктатара неяк не склалася з фінансамі: гэтай уладзе сталі патрэбныя грошы. Таму беларускіх бізнэсоўцаў, нават якія ўваходзяць у атачэнне Лукашэнкі, заўсёды вырошчвалі, як бычкоў на забой. Хачу сказаць адну простую рэч: беларускі бізнэс павінен зразумець, што нашмат больш выгадна і бяспечна для яго будзе не чакаць, пакуль рэжым кіне іх турму для атрымання выкупу, а пачынаць падтрымліваць апазіцыю. Спадары, пры гэтай уладзе ў вас перспектыў няма.

«Кныровіч запаволенага дзеяння»

Інвестараў цікавяць не столькі законы краіны, колькі крымінальныя справы і прысуды, вынесеныя іх субратам у рамястве, перакананы Леў Марголін:

- «Нацыяналізацыя» Аршанскага завода і справа Кныровіча нанеслі велізарны ўдар па іміджы Беларусі. Гэта два бакі аднаго медаля - дэпрыватызацыя прадпрыемстваў і справы супраць бізнэсоўцаў. Пасля гэтага можна рабіць, што заўгодна, і сядзець ля берага мора ў чаканні інвестара - усё будзе без толку. «Кныровіч запаволенага дзеяння» будзе цікаць пад эканомікай, адпужваючы замежны капітал.

Кожная пасадка бізнэсоўца - гэта набліжэнне таго моманту, калі ў працягнутую руку Лукашэнку ўжо ніхто нічога не пакладзе, перакананы Яўген Афнагель:

- Практычна кожны патэнцыйны інвестар сёння ведае, што ў Беларусі ён можа папросту патрапіць у турму. Краіна ператварылася ў Бермудскі трыкутнік, дзе, вобразна кажучы, знікаюць галеоны з золатам і экіпажамі. Сёння «заплываць» сюды гатовыя толькі самыя адчайныя і беспрынцыповыя піраты, але і іх колькасць ідзе на адзінкі і хутка яны скончацца. Лукашэнка рэальна апынуўся ў нікчэмнай сітуацыі.

Відаць, што рэжым ліхаманкава шукае грошы - і не знаходзіць іх нідзе. Мы назіраем выразныя сігналы, што Лукашэнка жаданага не атрымаў і, хутчэй за ўсё, не атрымае. Пастанова Еўразійскага банка аб скасаванні раты на фоне падзення ЗВР - вельмі красамоўны паказчык. Фактычна, нават расейцы адправілі Лукашэнку на «поле цудаў» з апошнімі пяццю залатымі - закопваць іх і рабіць «крэкс, пэкс, фэкс» у надзеі, што дапаможа. А там, у «краіне дурняў», прыяцеля-дыктатара ўжо чакае Нікалас Мадура з гадавой інфляцыяй у 24500%. Тое ж будзе і ў нас пры такім стаўленні да бізнэсу і інвестараў.

Дэфолт на гарызонце

Развіццё эканомікі Беларусі без інвестыцый немагчымае, што б ні казаў Лукашэнка, канстатуе Леў Марголін:

- Гэта - трэці бок усё таго ж медалю. Таму мы і назіраем значнае скарачэнне золата-валютных рэзерваў. Не раз гаварылася пра тое, што гэтыя рэзервы павінны расці. Але на жаль - падушка бяспекі Беларусі высільваецца. Крэдыты, якія прыцягваюцца, не выводзяць эканоміку на новы ўзровень, а праядаюцца. Мы падышлі да рысы, за якой узяць новыя крэдыты стала практычна немагчыма.

Нават расейцы перасталі рабіць уліванні ў беларускую эканоміку. Наступствы будуць вельмі сумнымі. Цалкам магчыма дэфолт беларускай плацежнай сістэмы, за якім рушыць услед рэзкае падзенне курсу беларускага рубля - як у 2011 годзе. Асабліва дэфолт ударыць па заробках і пенсіях простых грамадзян Беларусі. І ў гэтым - асаблівы цынізм сітуацыі. Бо крэдыты бярэ ўлада, а расхлёбваць наступствы даводзіцца народу.

Укладайце грошы ў будучыню

Лепш інвесціруйце ў перамены, упэўнены Яўген Афнагель:

- Інвеставаць трэба ў будучыню Беларусі. Лукашэнка і ўсё, што яго акружае, безнадзейна састарэла. Усё, што можа прапанаваць гэтая ўлада, мы бачылі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Больш разумна і дальнабачна інвеставаць у тых, хто сучасны, нацэлены на будучыню і за гэту будучыню змагаецца. Таму я скажу прама і замежным інвестарам, і беларускім бізнэсоўцам: пакажыце, што валодаеце прадпрымальніцкай жылкай. Укладайце грошы і рабіце стаўкі на тых, хто ставіць на мэце змену ўлады і перамены ў краіне. Гэта куды больш мудрая інвестыцыя.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках