3 траўня 2024, Пятніца, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было

7
Генадзь Фядыніч: Такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было
Генадзь Фядыніч

За «справай прафзвязаў» сочаць замежныя праваабаронцы і міжнародныя прафзвязы.

30 ліпеня аб 11:30 у судзе Ленінскага раёна Менска (Сямашка, 33) пройдзе першае судовае паседжанне паводле «справы прафзвязаў». Суд адкрыты; прыйсці могуць усе ахвочыя. Працэс будзе весці суддзя суда Савецкага раёна М. Фёдарава, паведамляе praca-by.info.

«Выглядае на тое, што і суд разглядае нашу справу як не зусім звычайную: магчымы наплыў наведвальнікаў, які маленькія судовыя залы суда Савецкага раёна проста не змесцяць», - так патлумачыў разгляд справы ў судзе іншага раёна старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

8 траўня старшыні прафзвязу РЭП Генадзю Фядынічу і кіраўніку Менскай гарадской арганізацыі РЭП Ігару Комліку выстаўленае канчатковае абвінавачванне: нявыплата падаткаў у асабліва значнай суме (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Лідары прафзвязу абвінавачваюцца ў тым, што з іх віны прафзвяз РЭП «не заплацiў у дзяржбюджэт падаткаў» на суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Дзяржаўнае абвінавачанне падало пазоўную заяву аб спагнанні маёмаснай шкоды ў суме 2286710 рублёў.

- Спадзяемся на лепшае, але рыхтуемся да горшага. Дзякуй суду, дзякуй уладам, якія падрыхтавалі шыкоўны «падарунак» да майго дня нараджэння - 31 ліпеня мне спаўняецца 61 год. У нашай краіне рэдка бываюць незапланаваныя выпадковасці, - адзначыў Генадзь Фядыніч.

Лідар прафзвязу РЭП не мае ілюзій аб справядлівым разглядзе справы. Пры гэтым Генадзь Фядыніч падкрэслівае, што сам прэцэдэнт можа мець дрэнныя наступствы для ўсяго грамадзянскага сектара Беларусі:

- Стварыць фальшывую электронную скрыню, нашпігаваць яе падробленымі дакументамі, а затым легалізаваць іх праз пракуратуру і суд - такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было. Але я ўпэўнены, што за ходам судовага працэсу будуць сачыць і замежныя праваабаронцы, прадстаўнікі Глабальнага саюза IndustriAll і іншых міжнародных прафзвязаў. Суд адкрыты, - сказаў Генадзь Фядыніч.

Фігуранты «справы прафзвязу» адмаўляюць сваю віну цалкам.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках