27 красавiка 2024, Субота, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сітуацыя зменіцца і людзі, якія ілжыва сведчылі, не павінны ў будучыні быць у дзяржструктурах

14
Сітуацыя зменіцца і людзі, якія ілжыва сведчылі, не павінны ў будучыні быць у дзяржструктурах
ТАМАРА СЯРГЕЙ

Трох беларусак аштрафавалі за пікет і з пенсій у іх будуць вылічваць $860.

Такое пакаранне прысудзілі Тамары Сяргей, Валянціне Каваленцы і Любові Санкевіч за пікет, які адбыўся 24 красавіка на плошчы Свабоды ў Менску, піша «Салідарнасць».

У той дзень актывісткі грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» паспрабавалі прайсці ў дом ўрада, дзе было запланаванае пасланне Лукашэнкі «народу і парламенту».

На подступах да будынка жанчын сустрэлі хлопцы ў цывільным і не далі прайсці. Актывісткі адправіліся на плошчу Свабоды і правялі пікет супраць адпісак чыноўнікаў.

Юрыстка і праваабаронца Тамара Сяргей распавяла, што актывісты загадзя падавалі заяву аб правядзенні акцыі ў Менгарвыканкам на гэты дзень, але атрымалі адмову - у сувязі з правядзеннем рамонтных работ.

- Калі мы прыйшлі на плошчу Свабоды, ніякіх рамонтных работ там не было. Там былі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, без апазнавальных знакаў, з камерамі ў руках.

Паўгадзінны пікет пад лозунгам «У Канстытуцыі правы на паперы — нам патрэбныя ў жыцці нашы правы» супрацоўнікі міліцыі здымалі на відэа.

Са слоў Тамары Сяргей, ніякіх прэтэнзій удзельніцам не выстаўлялі, а праз два тыдні ім даслалі пратаколы.

- Нас не выклікалі ў міліцыю, з нас не бралі ніякія тлумачэнні, як гэта павінна быць паводле закона. Акрамя таго, не былі складзеныя пратаколы на месцы.

Мы напісалі заявы пра тое, што, па-першае, не парушалі Канстытуцыю і закон, а па-другое, нас ніхто не паставіў у вядомасць аб тым, што супраць нас вядзецца адміністрацыйны працэс. Нягледзячы на гэта, суд Цэнтральнага раёну Менску прыцягнуў нас да адміністрацыйнай адказнасці.

Як адзначае юрыстка, на судзе былі толькі супрацоўнікі РУУС Цэнтральнага раёна, якія заявілі, што яны выклікалі ўдзельніц пікету для дачы паказанняў, але яны не прыйшлі.

Актывісткі напісалі скаргу генпракурору, каб правялі праверку і прыцягнулі гэтых супрацоўнікаў да адказнасці за ілжывыя паказанні ў судзе. Генпракурор адправіў скаргу ў ГУУС Менгарвыканкама, а адтуль яна была накіраваная ў РУУС Цэнтральнага раёна. Кола замкнулася - скарга вярнулася ў аддзяленне міліцыі, супрацоўнікі якога, на думку актывістак, парушылі закон.

- Такая практыка стала заганнай традыцыяй у Беларусі. Я не ведаю, колькі намаганняў трэба прыкласці народу, каб яе разбурыць. У нас у краіне склалася дзяржаўная сістэма падаўлення іншадумцаў. Яна працуе выразна. І калі ў часы СССР мы гаварылі пра існаванне тэлефоннага права, то цяпер кожная службовая асоба, кожны вінцік гэтай сістэмы атрымлівае інструкцыі і ведае, як яму зрабіць, каб гэтая сістэма захоўвалася і функцыянавала.

17 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў без змены пастанову суду Цэнтральнага раёну Менску. Гэта значыць, што найбліжэйшым часам з удзельніц пікету (усе яны - пенсіянеркі) пачнуць спаганяць штрафы, агульная сума якіх складае 860 даляраў у эквіваленце.

- Мы звярнуліся да Лукашэнкі публічна - і ўлада на чале з ім пакарала нас. Як правіла, ён звяртаецца да народа, гаворыць з экранаў тэлевізараў, але не хоча чуць нас. А калі народ звяртаецца да яго, ён карае яго штрафамі.

Тамара Сяргей заявіла, што актывісты патрабуюць ад генпракурора прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС, якія сфальсіфікавалі паказанні ў судзе Цэнтральнага раёна.

- Сітуацыя зменіцца, і гэтыя людзі, якія давалі ілжывыя паказанні і спрыялі пакаранню невінаватых людзей, не павінны ў будучыні быць у дзяржструктурах.

Тамара Сяргей і іншыя актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» часта прыходзяць у прыёмную Лукашэнкі на вуліцы Маркса, 38, але кажуць, што не могуць дастукацца да кіраўніка дзяржавы.

- Калі мы спрабуем зрабіць гэта публічна - нас штрафуюць. Людзі выходзяць на вуліцу, таму што ў іх ёсць праблемы, і яны не могуць іх вырашыць. Калі б усё вырашалася шляхам звароту да службовых асоб, у суд і пракуратуру, калі б дзяржаўная сістэма функцыянавала так, як прапісана ў законах, людзі не выходзілі б на публічныя акцыі, - упэўненая Тамара Сяргей.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках