26 красавiка 2024, Пятніца, 6:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка стаў на абарону чарговай ахвяры працоўнага кантракту

1
Леанід Судаленка стаў на абарону чарговай ахвяры працоўнага кантракту
ВОЛЬГА БАНДАРЭНКА

Крама «Алмі» не звальняе прадаўца.

Кіраўніцтва крамы «Алмі» гандлёвай сеткі ЗАТ «Юніфуд» у Гомелі адмаўляецца да заканчэння працоўнага кантракту звольніць з працы прадавачку Вольгу Бандарэнку. Дзяўчына звярнулася па дапамогу ў незалежны прафзвяз РЭП, піша гомельская «Вясна».

На прыёме ў прававога інспектара працы Леаніда Судаленкі чарговая ахвяра працоўнага кантракту распавяла, як пасля дэкрэтнага адпачынку выйшла на ранейшае месца працы - у краму «Алмі», якая знаходзіцца на вуліцы Сухога, 2 абласнога цэнтра. З яе слоў, графік працы крамы не дазваляе паўнавартасна займацца выхаваннем дзіцяці, у тым ліку прыводзіць і забіраць яго з дзіцячага садка і з гэтай прычыны яна наважыла звольніцца.

«Маё начальства адмаўляецца нават прыняць заяву на звальненне, заяўляючы, што ў краме няма каму працаваць. Працоўны кантракт заканчваецца толькі ў наступным годзе, я хачу звольніцца сёння, але мяне ніхто не слухае», - з трывогай у голасе распавяла гісторыю ўзаемаадносін з наймальнікам прадавец.

Яна таксама дадала, што плацяць у краме 300-350 рублёў і за такія грошы ніхто не жадае працаваць. Акрамя таго, прадаўцоў пастаянна прымушаюць аплачваць тавары з прамінулымі тэрмінамі прыдатнасці. У выніку не стае прадаўцоў, яе нават у выходныя дні часта адклікалі ў краму на работу.

«15 ліпеня ў нядзелю ў мяне быў выходны, патэлефанавала загадчыца аддзела Вольга Шулякова і ў загадным парадку заявіла, што я павінна выйсці на працу. Пачуўшы маю адмову, яна ў грубай форме нецэнзурна аблаяла мяне як той апошні шавец. У мяне захаваўся запіс гэтай тэлефоннай размовы. Я пастаўленая ў стан адчаю і безвыходнасці», - дадала прадавец.

З дапамогай прафсаюзнага юрыста падрыхтаваная заява на звальненне на пагадненне бакоў і адпраўленая заказным лістом па пошце ў сталічны галаўны офіс намесніку дырэктара па персаналу Святлане Красоўскай. Паводле факта абраз у нецэнзурнай форме дзяўчына сёння накіравала заяву ў тэрытарыяльнае аддзяленне міліцыі з просьбай пачаць у дачыненні да начальніцы, якая абразіла яе адміністрацыйны працэс.

Таксама накіраваная заява ў гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі з просьбай правесці праверку крамы, бо са слоў прадаўца яны вымушаная прадаваць і ўтылізаваць сапсаваныя тавары, а ў агароднінным аддзеле вельмі часта можна назіраць пакусаную грызунамі гародніну і садавіну.

Прафзвязны інспектар працы таксама заявіў, калі прынятыя захады будуць не дастатковымі для звальнення, наступным крокам будзе зварот у дзяржаўную інспекцыю працы пра пацвярджэнне невыканання працадаўцам умоў працоўнага кантракту, што дасць права запатрабаваць спынення працоўных стасункаў з уласнай ініцыятывы з выплатай на карысць работніка трох сярэднемесячных заробкаў.

Тым часам, афіцыйны сайт гандлёвай сеткі «Алмі» ў рубрыцы «Перавагі працы ў нас» піша «У нас створаны ўмовы працы, у якіх камфортна любому супрацоўніку».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках