26 красавiка 2024, Пятніца, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Два гады таму забілі Паўла Шарамета

3
Два гады таму забілі Паўла Шарамета
ПАВЕЛ ШАРАМЕТ

Следства ў справе за гэты час практычна не прасунулася.

20 ліпеня 2016 года ў Кіеве загінуў вядомы беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павел Шарамет, піша baj.by.

Прафесійная супольнасць страціла выдатнага, адважнага калегу. Сябры і родныя - блізкага чалавека. Следства ў справе за гэты час практычна не прасунулася - не названыя падазраваныя, няма абвінавачаных.

Аўтамабіль, у якім Павел ехаў на працу, выбухнуў на скрыжаванні цэнтральных вуліц Кіева. Уратаваць Паўла было немагчыма - атрыманыя траўмы былі несумяшчальныя з жыццём. Паліцыя паведаміла, што пад аўтамабіль была закладзеная выбухоўка магутнасцю да 600 грамаў у тратылавым эквіваленце, якая кіравалася дыстанцыйна.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка патрабаваў ад праваахоўнікаў справаздачы аб расследаванні.

Следчыя высветлілі, што бомбу заклалі пад самаход мужчына і жанчына. Яны трапілі на відэа з камер назірання. За дапамогу ў пошуку паліцыя Кіева, а таксама былы мэр сталіцы аб'явілі ўзнагароду. Але следства і дагэтуль практычна не прасунулася - не названыя падазраваныя, няма абвінавачаных.

Следчыя называюць пяць версій матыву забойства Паўла Шарамета:

- Журналіста маглі забіць праз прафесійную дзейнасць у Расейскай Федэрацыі і Беларусі.

- Забойцы маглі рыхтаваць забойства ўладальніцы выдання "Украінская праўда", аднак памыліліся.

- Шарамета маглі забіць праз ягоныя крытычныя публікацыі ў выданні «Украінская праўда» і выступы на радыё «Весці».

- У якасці версіі забойства таксама разглядаецца дэстабілізацыя сітуацыі ў дзяржаве з мэтай фармавання фальшывага адмоўнага ўспрымання грамадска-палітычнай сітуацыі ва Украіне.

- Таксама гэта могуць быць канфлікты ў асабістым жыцці Шарамета ў сувязі з ягоным сямейным, камерцыйным і фінансавым становішчам.

Намеснік начальніка Галоўнай следчай управы Нацыянальнай паліцыі Украіны Аляксандр Коўтун заяўляў, што падчас расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета дапытаныя больш за тры тысячы сведак, аднак падазраваныя дагэтуль не выяўленыя.

У чэрвені сёлета падчас канферэнцыі ў Кіеве Прадстаўнік АБСЕ ў свабодзе СМІ Арлем Дэзірэ заклікаў украінскія ўлады да хутчэйшага заканчэння расследавання забойства Паўла Шарамета.

Паўла Шарамета пахавалі 23 ліпеня 2016 года ў Менску.

«Павел быў чалавекам, які верыў, што праўда можа змяніць свет. Нам таксама як ніколі патрэбная праўда. Пра тых замоўцаў, аўтараў выканання гэтага нахабнага злачынства. Не толькі для Паўла, але і ўсёй журналістыкі. Калі мы любім Паўла, пошук гэтай праўды мае быць справай гонару кожнага з нас», - казала Жанна Літвіна, экс-старшыня ГА «Беларускай асацыяцыя журналістаў» падчас вечарыны памяці Паўла Шарамета ў Менску.

У гадавіну забойства Паўла Шарамета сваякі і калегі наведаюць магілу журналіста на Паўночных могілках пад Менскам а 12-й гадзіне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках