25 красавiка 2024, Чацвер, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вярблюд» за 20 даляраў: як беларусы вязуць самаходы з ЕЗ

3
«Вярблюд» за 20 даляраў: як беларусы вязуць самаходы з ЕЗ

Беларусы ўдзельнічаюць у «шэрай» схеме ўвозу аўтамабіляў з Еўропы на тэрыторыю Украіны.

Так нашы суседзі абыходзяць высокія мыты на замежныя маркі. Самым танным звяном ланцужка з'яўляюцца так званыя «вярблюды» - беларусы, якія за 20-40 даляраў ахвочыя зарэгістраваць на сябе часовы ўвоз на тэрыторыю Украіны. Паводле неафіцыйнай версіі, нашы суайчыннікі, якія трапілі ў страшнае ДТЗ пад Адэсай, апынуліся ў Украіне менавіта ў рамках гэтай схемы. Auto.tut.by нагадаў, у чым існасць гэтых аперацый і якімі праблемамі з законам яны могуць абярнуцца.

Схема на практыцы выглядае проста. Украінец купляе ў Польшчы або Літве аўтамабіль на замежных нумарах. Вядомая рэч, што ніводзін разумны еўрапеец не прадасць самаход, не зняты з уліку. Таму такія аўто рэгіструюцца на фальшывыя фірмы, пакупнік (найчасцей проста перагоншчык) атрымлівае даручэнне на права кіравання і едзе на такім самаходзе ў Беларусь, а потым - да ўкраінскай мяжы.

Вось тут ужо і патрэбныя «вярблюды» - на іх рэгіструецца часовы ўвоз. Беларус на самаходзе з еўрапейскімі нумарамі ўязджае ва Украіну, бярэ свае 20 даляраў і пешшу адпраўляецца дадому. А прыгнаны аўтамабіль з нумарамі Еўразвязу едзе да шчаслівага пакупца.

Як у гэтай схеме апынуліся беларусы? Рэч у тым, што нерэзідэнты Украіны могуць карыстацца аўтамабілем на тэрыторыі гэтай краіны на працягу года. Потым трэба паўтарыць працэдуру - вывезці аўтамабіль і завезці яго зноў. Але ёсць яшчэ адзін нюанс. Ездзіць на аўтамабілі, што знаходзіцца ў рэжыме часовага ўвозу, можа толькі той, хто на ім у краіну заехаў. Але на такія дробязі ўкраінскія пакупнікі ўвагі не звяртаюць. У выпадку праблем з паліцыяй можна прадаць самаход на дэталі або нават проста кінуць. Бо праз нумары ЕЗ уладальніка не вызначыш. Танныя аўтамабілі, увезеныя паводле такой схеме, адпраўляюцца на разбор.

Штраф для беларуса за такія справы можа даходзіць амаль да тысячы даляраў. 600 - за пратэрмінаваны на 10 дзён часовы ўвоз і блізу 320 даляраў - за перадачу кіравання аўтамабіля на часовым увозе іншай асобе. Але, зноў жа, пра такія «дробязі» наймальнікі беларусаў не папярэджваюць, абяцаючы, што ніякіх праблем не будзе.

У некаторых выпадках за ўжо больш высокую суму прапануюць здзейсніць працэдуру паўторнага ўвозу, каб «уладальнік» ва Украіне мог ездзіць яшчэ адзін год. Паводле звестак Дзяржаўнай фіскальнай службы Украіны, толькі за 2017 год было ўвезена такім чынам 236 тысяч аўтамабіляў.

Украінскія ўлады сур'ёзна ўстурбаваныя праблемай і яшчэ летась Кабінет міністраў прапанаваў увесці абавязковую рэгістрацыю для аўтамабіляў на замежных нумарах і падаў адпаведны закон на разгляд Вярхоўнай Рады.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках