26 красавiка 2024, Пятніца, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне выбіраюць начных мэраў

У Нямеччыне выбіраюць начных мэраў

Цяпер інтарэсы тусоўшчыкаў у нямецкіх гарадах прадстаўленыя на новым узроўні.

Жыхары размешчаных блізка дамоў увесь час канфліктуюць праз шум з уладальнікамі бара. Аднымі адміністрацыйна-забароннымі захадамі гэты канфлікт не развязаць. Іншая праблема: мясцовыя ўлады хочуць зрабіць начное жыццё свайго горада больш прывабным для турыстаў, але не ведаюць, з чаго пачаць. Хто павінен развязваць падобныя пытанні? У буйных нямецкіх гарадах гэтым будуць займацца начныя мэры, паведамляе "Нямецкая хваля".

Не першы начны

Хендрыка Мэера (Hendrik Meier) называюць першым начным мэрам краіны: з жніўня ён будзе 50 працоўных гадзінаў на месяц займацца развязваннем канфліктаў, падобных да згаданага, і развіццём інтарэсаў начных рэстаранаў Мангейма. Але, увогуле, пасада начнога мэра ў Нямеччыне існуе ўжо даўно. У Берліне, да прыкладу, такія абавязкі выконвае Луц Ляйхзенрынг (Lutz Leichsenring), спікер клубнай камісіі (так афіцыйна завецца ягоная пасада). Гэтая арганізацыя была створаная ў нямецкай сталіцы больш за 15 гадоў таму і аб'ядноўвае некалькі сотняў начных рэстаранаў. Шмат у чым дзякуючы менавіта яе працы Берлін ператварыўся ў прывабны для начных тусоўшчыкаў горад, куды прыязджаюць з іншых краінаў, каб патанчыць у знакамітых клубах.

НОЧНЫ МЭР МАНГЕЙМА ХЕНДРЫК МЭЕР
ФОТА: DPA

А першы пост начнога мэра з'явіўся ў Амстэрдаме ў 2013 годзе. Сёння такія мэры працуюць у многіх сусветных сталіцах: Лондане, Парыжы, Нью-Ёрку. У Мангейме, універсітэцкім горадзе на поўдні Нямеччыны з насельніцтвам 300 тысячаў чалавек начны мэр з'явіўся не выпадкова. "Наш горад ужо даўно робіць стаўку на творчыя і культурныя праекты. У Мангейме начное жыццё – гэта частка гарадскога асяроддзя", – сказаў у інтэрв'ю DW Маціяс Раух (Matthias Rauch), упаўнаважаны ў культурным развіцці Мангейма.

Конкурс для ўсіх ахвотных

Каб выбраць начнога мэра, у горадзе правялі конкурс, у якім маглі ўдзельнічаць усе ахвотныя. Заяўкі даслалі 40 чалавек, сярод якіх былі рэстаратары, мастакі і музыкі.

У "фінале" ўдзельнічалі дзесяць кандыдатаў ва ўзросце ад 24 да 53 гадоў. Чальцы журы – прадстаўнікі гарадскіх уладаў і начных клубаў горада – выбралі з іх 27-гадовага студэнта Хендрыка Мэера. У вольны ад вучобы час ён і раней арганізоўваў вечарынкі. Цяпер Мэер будзе з'яўляцца на тусоўках нашмат часцей.

На ягоную думку, значна больш эфектыўна хадзіць у клубы, стасункаваць з уладальнікамі ўстановаў і мясцовымі жыхарамі, чым увесь час сядзець на тэлефоне і фіксаваць скаргі. Мэер абяцае пазней прапанаваць свае ідэі гарадскім уладам. З адной праблемай ён амаль разабраўся: каб суседзі не сварыліся з нагоды пабітых бутэлек у дварах, ён прапанаваў усталяваць скрыні для шклотары ў ліхтарных слупах. Дробязь, але ўжо стала чысцей і цішэй.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках