19 траўня 2024, Нядзеля, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус набыў акцыі завода, але дывідэнды ён не атрымае

11
Беларус набыў акцыі завода, але дывідэнды ён не атрымае

Укладанне было зробленае яшчэ ў 90-я

Васіль яшчэ ў 1990-я набыў акцыі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Дывідэнды былі невялікія, блізу пяці рублёў за год, але цяпер мужчына не атрымлівае і гэтых грошай – камбінат стаў унітарным прадпрыемствам, і ўсе мінарытарыі раптоўна апынуліся акцыянерамі іншага завода. Тое прадпрыемства працуе са стратамі і не мае сілы выплачваць узнагароду, піша tut.by.

Юрысты кампаніі REVERA Мікіта Талканіца і Кацярына Педо дапамаглі разабрацца, як акцыянеру ў ААТ з дзеллю дзяржавы абараніць свае правы.

У 1990-я гады вялікая колькасць дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі прайшлі прыватызацыю і сталі акцыянернымі таварыствамі. Іх суўладальнікамі часта станавіліся супрацоўнікі – набываючы акцыі на льготных умовах або ў абмен на чэкі «Маёмасць». Шмат у каго такія актывы засталіся да гэтага часу, але што з імі рабіць, як атрымліваць дывідэнды і ці можна ўдзельнічаць у прыманні карпаратыўных пастановаў, мала хто ведае.

У цэлым, акцыянер-мінарытарый не можа глабальна паўплываць на дзейнасць прадпрыемства, асабліва калі ў ААТ буйны пакет акцый належыць дзяржаве. Разам з тым заканадаўства Беларусі дае шэраг інструментаў, якімі мінарытарый можа скарыстацца для таго, каб адстаяць свае інтарэсы. Для гэтага важна ведаць свае правы і аб'яднацца з астатнімі мінарытарыямі для супольнага адстойвання інтарэсаў.

Але неабходна разумець, што ўсе правы магчыма рэалізаваць толькі ў тым выпадку, калі свае пастановы ААТ прымае падчас агульных сходаў. Калі ж непрыемныя наступствы ўзнікаюць з прычыны іншых абставінаў (напрыклад прыманне дзяржаўнымі органамі нейкіх пастановаў «зверху»), то ва ўладальніка невялікай колькасці акцый практычна знікаюць магчымасці для абароны.

Акцыянер павінен ведаць свае правы

У кожнага ўладальніка акцый ёсць базавыя правы ў дачыненні да ААТ:

– атрымліваць частку прыбытку ААТ у выглядзе дывідэндаў;

– галасаваць на агульных сходах акцыянераў (за выключэннем прывілеяваных акцый, якія даюць прыярытэт у атрыманні дывідэндаў, але абмяжоўваюць магчымасць галасаваць).

Для гэтага можна мець на руках прынамсі адну акцыю – не абавязкова быць уладальнікам буйнога пакета: мажарытарыем з магчымасцю вызначаць дзейнасць прадпрыемства.

Права на дывідэнды

ААТ можа выплачваць дывідэнды акцыянерам, толькі калі ў яго ёсць прыбытак. Пастанова пра размеркаванне і выплату дывідэндаў прымаецца не кіраўніцтвам прадпрыемства, а сходам акцыянераў.

Акцыянеру-мінарытарыю, які валодае невялікай колькасцю акцый, для атрымання адсотка ад прыбытку неабходна:

– пераканацца, што ААТ не працуе ў страту: адсочваць гэтую інфармацыю можна на адзіным партале фінансавага рынку, на сайце кампаніі ці ў СМІ;

– рэгулярна наведваць агульныя сходы акцыянераў: на іх можна даведацца, ці будуць выплачаныя дывідэнды за мінулы год і калі не, то чаму (стратнасць прадпрыемства, пастанова акцыянера-мажарытарыя, іншыя прычыны).

Права на галасаванне

За выключэннем уладальнікаў прывілеяваных акцый (у іх ёсць прыярытэт у атрыманні дывідэндаў, але няма магчымасці галасаваць у большасці выпадкаў), усе астатнія суўладальнікі маюць права ўдзельнічаць у агульных сходах акцыянераў і галасаваць на іх.

Перад правядзеннем кожнага сходу ААТ абавязанае:

– сфармаваць рэестр акцыянераў і апублікаваць інфармацыю пра гэта (а значыць інфармацыю пра падрыхтоўку сходу можна адсачыць на адзіным партале фінансавага рынку, на сайце кампаніі альбо ў СМІ);

– загадзя паведаміць асобам з рэестру пра дату і месца правядзення сходу: праз свой сайт, СМІ і г.д.

На практыцы мінарытарый часцяком не можа нейкім чынам паўплываць на пастановы, што прымаюцца, бо ягоная дзель – гэта мізэрны адсотак у параўнанні з актывам асноўнага ўладальніка, якім выступае дзяржава.

Дадатковыя правы для абароны

Акрамя двух базавых правоў – на дывідэнды і на галасаванне – у мінарытарыя таксама ёсць магчымасць патрабаваць ад ААТ выкуп ягоных акцый.

Такі выкуп адбываецца, калі мажарытарый прымае пастанову, якая можа паўплываць на дзейнасць ААТ, а мінарытарый галасуе супраць:

– аб рэарганізацыі (напрыклад, пераўтварэнні ў ТАА або далучэнні да іншага ААТ);

– аб змене статута ААТ у частцы ўшчамлення правоў акцыянераў;

– аб правядзенні ўгоды з больш як 20% маёмасці ААТ (напрыклад, аб продажы маёмасці іншаму дзяржаўнаму прадпрыемству).

У апошнім выпадку кошт выкупу акцый у мінарытарыяў зацвярджаецца на агульным сходзе. Відавочна, што ў такім выпадку акцыянер-мажарытарый можа прагаласаваць за прыніжэнне кошту. Каб гэтага пазбегнуць, неабходна патрабаваць незалежнай ацэнкі выкупаных акцый.

Для прад'яўлення такіх патрабаванняў мінарытарыям, якія ў суме валодаюць дзеллю мінімум 2%, трэба скааперавацца. Аплачваць паслугі незалежнага ацэншчыка давядзецца самому ААТ. Каб скааперавацца, мінарытарыі могуць заключыць акцыянернае пагадненне і ўжо разам адстойваць свае правы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках