27 красавiка 2024, Субота, 7:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сейме Польшчы адбыліся слуханні аб Беларусі

16
У Сейме Польшчы адбыліся слуханні аб Беларусі

Сітуацыю ў Беларусі абмеркавалі ў Камісіі замежных спраў польскага парламенту.

У слуханнях аб Беларусі ўзялі ўдзел кіраўнік Камісіі ў замежных справах Гжэгаж Схетына, ягоныя намеснікі Малгажата Гасеўска і Роберт Тышкевіч, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі, былы міністр замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі, былы намеснік міністра замежных справаў Павал Коваль, кіраўнік Дэпартамента ўсходняй палітыкі МЗС Польшчы Ян Хофмокл, прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці Мацей Фалькоўскі, дэпутаты Сейма Польшчы ад партыі "Права і справядлівасць" і "Грамадзянская платформа", аналітыкі і журналісты.

Ад Беларусі ў слуханнях бралі ўдзел адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў, сустаршыня партыі "Беларуская Хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, намеснік дырэктара тэлеканала "Белсат" Аляксей Дзікавіцкі, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Стральцоў, адна з кіраўніц Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і іншыя.

У пачатку пасяджэння і арганізатары, і ўдзельнікі слуханняў асудзілі арышты ў Менску лідара Беларускага Нацыянальнага кангрэсу Мікалая Статкевіча і старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якія павінны былі ўзяць удзел у слуханнях у Сейме. Мікалай Статкевіч, нагадаем, быў арыштаваны напярэдадні правядзення ў Менску 3 ліпеня акцыі салідарнасці з палітвязнямі.

Таксама ў Сейме Польшчы асудзілі арышты дзясяткаў актывістаў апазіцыі за ўдзел у акцыі 3 ліпеня і акцыі ў Курапатах, у тым ліку Паўла Севярынца, Вольгі Нікалайчык, Максіма Вінярскага, Вячаслава Сіўчыка, Мікалая Саляніка, Аляксандра Лаўрэнцьева.

Кіраўнік Камісіі ў замежных справах Гжэгаж Схетана адзначыў, што тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, нагадвае сітуацыю ў Польшчы ў 1970-1980 гадах пад савецкай акупацыяй і заявіў, што польскія ўлады маюць намер падтрымліваць беларускую апазіцыю на шляху да свабоды і дэмакратыі іх краіны.

Адзін з лідараў БНК Уладзімір Някляеў заявіў пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, заклікаў польскіх дэпутатаў не верыць у апавяданні аб нейкім "паляпшэнні сітуацыі", бо не можа быць нічога добрага, калі парушаюцца правы чалавека. Дыялог Еўразвяза з рэжымам Лукашэнкі, са слоў Някляева, стаў падтрымкай дыктатарскага рэжыму і спосабам яго кансервацыі. Аднак, падкрэсліў палітык, Беларускі Народны Кангрэс заклікаў і будзе заклікаць беларусаў выходзіць на адкрытыя акцыі пратэсту, бо іншага шляху да свабоды няма.

Андрэй Саннікаў заявіў, што сёння дэмакратычны свет павінен рашуча пратэставаць супраць пагаршэння сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі. З ягоных слоў, адсутнасць адэкватнай рэакцыі прывяла да таго, што пасля блакавання найбуйнейшага незалежнага сайта Charter97.org былі прынятыя папраўкі ў Закон аб СМІ, якія ўзмацняюць цэнзуру, пасля пераследу лідараў прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць актывістаў незалежных прафзвязаў, а пасля прыняцце дэкрэта "аб дармаедах" з'явіліся сталінскія "тройкі". Са слоў лідара "Еўрапейскай Беларусі", дыялог сёння павінен адбывацца не паміж ЕЗ і дыктатурай, а паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ўладамі Беларусі з удзелам або без удзелу Лукашэнкі. Сітуацыя сёння для гэтага спрыяльная, упэўнены Саннікаў, бо ў дыктатара скончыліся грошы.

Такі дыялог цалкам магчымы, але толькі пасля поўнага спынення рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а самым дзейсным інструментам для спынення рэпрэсій з'яўляюцца санкцыі.

Наталля Радзіна распавяла пра блакаванне сайта Charter97.org, папраўкі ў Закон аб СМІ, якія ўводзяць рэпрэсіі не толькі супраць незалежных журналістаў, але і супраць чытачоў незалежных сайтаў, пераслед фрылансераў і журналістаў, якія працуюць на тэлеканал "Белсат" і "Радыё Рацыя", што вяшчаюць з-за мяжы, крымінальныя справы супраць відэаблогераў і высілкі пазіцый расейскай прапаганды ў Беларусі. Пры гэтым галоўная рэдактарка Charter97.org таксама адзначыла, што беларускім незалежным журналістам сёння бракуе салідарнасці міжнароднай супольнасці. Больш таго, на гэтым фоне скарачаецца фінансаванне незалежных СМІ, у тым ліку сайта "Хартыя-97", які ў крытычнай сітуацыі ні на адзін дзень не спыняе сваю працу. Сітуацыя з незалежнымі СМІ, грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй у Беларусі, з яе слоў, сёння гэта не толькі пытанне каштоўнасцяў і прынцыпаў, але і пытанне еўрапейскай бяспекі, гарантыяй якой можа быць толькі свабодная дэмакратычная Беларусь.

Віталь Рымашэўскі заявіў, што адкрытасць Еўразвязу для Беларусі павінна мець канкрэтную мэту – правядзенне ў краіне палітычных і эканамічных рэформаў і свабодных выбараў. Сёння ж, з ягоных слоў, еўрапейскія палітыкі "заплюшчваюць вочы" на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, ідзе скарачэнне падтрымкі незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, што прыводзіць да прыходу ў Беларусь "расейскага свету".

Анатоль Лябедзька адзначыў, што сёння неабходна вярнуць беларусам права выбараў, і найважнейшай задачай для апазіцыйных палітычных партый сёння з'яўляецца стварэнне міжнароднай кааліцыі для правядзення ў Беларусі свабодных выбараў.

Пасля слуханняў Камісія ў замежных справах Сейма Польшчы прыняла рэзалюцыю, у якой асудзіла "хвалю рэпрэсій" у Беларусі і заклікала беларускія ўлады выконваць правы чалавека і прытрымлівацца прынцыпаў свабоды і дэмакратыі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках