25 жнiўня 2019, Нядзеля, 5:00
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Засталіся без заробкаў працаўнікі бізнэсоўца, якога Лукашэнка ставіў усім у прыклад

3
Засталіся без заробкаў працаўнікі бізнэсоўца, якога Лукашэнка ставіў усім у прыклад

Чатыры фірмы Сяргея Русака праходзяць працэдуру банкруцтва.

Чатыры кампаніі, якія ўваходзяць у нефармальны холдынг «Унібокс» бізнэсоўца Сяргея Русака, прызнаныя судом устойліва неплатаздольнымі і ў дачыненні да іх пачатая працэдура банкруцтва. Гэта вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестру звестак аб банкруцтве, паведамляе tut.by.

Група кампаній «Унібокс» спецыялізавалася на вырабе кронэн-коркаў, ацяпляльнага абсталявання, металічнай тары для лакафарбавай і хімічнай прамысловасці, а таксама абсталявання для малочна-таварных фермаў.

7 чэрвеня эканамічны суд Менска распачаў справу аб эканамічнай неплатаздольнасці (банкруцтве) і конкурсную справу ў дачыненні да СТАА «Альфа-Калор». Прадпрыемства было створанае ў 2000 годзе і займалася вырабам рознага ацяпляльнага абсталявання.

Раней стала вядома, што заяву ў суд падаў "Прыёрбанк".

Як вынікае з матэрыялаў справы, крэдыторская запазычанасць «Альфа-Калора» перасягае 2,9 млн беларускіх рублёў, з якіх запазычанасць у заробках — 324,7 тысячы рублёў; амаль 600 тысяч расейскіх рублёў і 4,3 млн еўраў.

Агульны кошт маёмасці «Альфа-Калора» складае амаль 5,8 млн беларускіх рублёў, з якіх дэбіторская запазычанасць амаль 2 млн, асноўныя сродкі — 3 млн.

Колькасць працоўных на прадпрыемстве — 24 чалавекі.

На канец ліпеня прызначаны разгляд у судзе у справе «Ферабокса», конкурсная справа да якога была пачатая ў сакавіку. Крэдыторамі выступаюць падатковая інспекцыя і Беларусбанк. Агульная сума завінавачанасці «Ферабокса» складае 4,6 млн рублёў. Пры гэтым прадпрыемства мае «запасы і дэбіторскую запазычанасць 3,4 млн. рублёў».

Ліквідацыя вытворча-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «ТэхБокс» мае закончыцца да 28 жніўня. Цяпер распрадаецца маёмасць.

У канцы мінулага года таксама паводле заявы ўсё таго ж Прыёрбанка Эканамічным судом Менска была распачатая справа аб банкруцтве ключавога актыву Сяргея Русака — кампаніі «Унібокс». Яна была створаная ў 1993 годзе, і стала адным з першых камерцыйных прадпрыемстваў Менска і рэзідэнтаў СЭЗ «Мінск». Суінвестарамі выступалі італійскія кампаніі.

Згодна з даведкай управы прымусовага выканання пры Менскім гарвыканкаме ад 12 ліпеня 2017 года, у аддзеле знаходзіліся 1219 выканаўчых спраў, пачатых у дачыненні да дэбітораў на суму амаль 23 млн рублёў, 65,6 тысячы даляраў, 5 млн еўраў і 3,7 млн расейскіх рублёў.

Прадстаўнік «Унибокса» пярэчыў у судзе з нагоды прыняцця заявы крэдытора. Ён зазначыў, што «Унібокс» з'яўляецца платажаздольнай арганізацыяй і «рэалізуе праект залучэння замежных інвестыцый на суму блізу 100 млн даляраў, першая рата якіх дазволіць сплаціць крэдыторскую запазычанасць». У якасці прычын неплатаздольнасці Сяргей Русак адзначыў нявыплаты з боку дэбітораў «Унібокса», змену падатковага заканадаўства і кан'юнктуры рынку.

Але абяцаныя Русаком рэсурсы не паступілі і па заканчэнні ахоўнага перыяду ў лістападзе 2017 года судом было пачатая конкурсная справа і пачалася падрыхтоўка да судовага разбору. Першы сход крэдытораў супольнага прадпрыемства меў адбыцца 13 лютага 2018 года.

Незадоўга да гэтай даты прайшлі перамовы пры ўдзеле намесніка старшыні Менскага гарвыканкама, кіраўнікоў італійскай кампаніі, якая з'яўляецца адным з заснавальнікаў «Унібокса», пасольства Італіі ў Беларусі, МЗС, іншых дзяржаўных органаў і Прыёрбанка, вынікае з матэрыялаў справы.

Антыкрызісны кіраўнік у справе Алег Заяц папрасіў перанесці сход у сувязі з тым, што італійскі сузаснавальнік «Унібокса» «ў мэтах захавання далейшага функцыянавання СП „Унібокс“ ТАА і забеспячэння ім бягучых выплат у бюджэт разглядае магчымасць дадатковага фінансавання бягучай дзейнасці прадпрыемства да развязання сітуацыі з вяртаннем пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і стабілізацыі фінансавага становішча». У выпадку, калі б італійцы выказаліся на карысць падтрымкі прадпрыемства, то меў быць прыняты план санацыі «Унібокса».

У канцы лютага ў Эканамічны суд Менска паступіла хадайніцтва Менскага гарвыканкама аб пераносе даты разгляду плана санацыі або ліквідацыі на 27 красавіка ў сувязі з дадатковым разглядам італійскім заснавальнікам і антыкрызісным кіраўніком магчымасці дадатковага фінансавання.

На сайце дзяржаўнага рэестру звестак аб банкруцтве пазначана, што справа знаходзіцца ў працэдуры «санацыі». Аднак іншай інфармацыі не змешчана.

У Менскім гарвыканкаме і «Унібоксе» не выпала атрымаць каментары. Заяц не адказаў на тэлефанаванне і запыт на электронную пошту.

Былыя работнікі холдынгу Сяргея Русака засмучаныя гэтымі весткамі, бо становіцца ўсё менш шанцаў атрымаць запазычанасць у заробках.

— Ужо столькі часу прамінула, напісаная процьма заяў, але воз і цяпер тамака. Мы ўжо два гады не можа атрымаць уласныя заробленыя грошы. Тым часам у бізнэсоўца з'яўляюцца новыя кампаніі, і ад іх асобы вядзецца бізнэс з чыстага аркуша. Нам кажуць, што пасля банкруцтва з усімі разлічацца, але мы ў гэта ўжо мала верым. Хіба толькі калі хто-небудзь з кіраўніцтва краіны ўмяшаецца. Пракуратура абяцала разабрацца, але далей за словы справа не пайшла, — напісалі былыя падначаленыя Сяргея Русака.

Невыгоды ў кампаніі Русака, якога Лукашэнка ў 2011-2012 гадах паставіў усім у прыклад, узніклі ў 2013 годзе, пасля ўдзелу «Унібокса» у буйным тэндэры дзяржаўнага «Белаграсэрвісу» на пастаўку сельскагаспадарчым арганізацыям 225 даільных залаў на агульную суму 500,15 млрд недэнамінаваных рублёў. Але «Унібоксу» аплацілі толькі 60% замовы. У Менсельгасхарчы тлумачылі няпоўны разлік тым, што былі пастаўленыя даільныя залы паводле эканомнай схемы камплектацыі «Свінговер» замест замоўленай больш дарагой «Паралелі». У выніку на «Унібоксе» перасталі плаціць заробак, пачаліся звальненні і суды, кампанія таксама стала хранічна завінавачанай перад бюджэтам.