26 верасня 2018, Серада, 2:49
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Мы назіраем крызісныя сімптомы ў Лукашэнкі

48
ЮРЫЙ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Дыктатар злуецца на сваю немач.

Учора на нарадзе аб комплексным развіцці Аршанскага раёна Лукашэнка заявіў, што заменіць на гэтым тыдні ўвесь урад. Прычынай дыктатар назваў «нядбайнае стаўленне да ягоных даручэнняў». Лукашэнка ўжо запатрабаваў унесці яму прапановы наконт новых міністраў прамысловасці і будаўніцтва.

Напярэдадні Лукашэнка пабываў з праверкай на прадпрыемствах Аршанскага раёна і застаўся вельмі незадаволены ўбачаным. Дыктатар эмацыйна рэагаваў на такія дэталі, як неадрамантаваны дах, няправільна пакладзены асфальт або беспарадак на працоўным месцы. У гэтым ён угледзеў падставу для таго, каб прыстрашыць міністра прамысловасці Віталя Воўка турмой.

Ці з'яўляецца такая рэакцыя адэкватнай для ўзроўню ўбачаных «праблем»? Ці дастатковая гэта падстава для адстаўкі ўсяго кабінета міністраў?

На пытанні Charter97.org адказвае вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі:

- Аляксандр Рыгоравіч, як заўсёды, не мае рацыі. Калі ён сёння нарэшце ўбачыў, што дзесьці паехаў дах, то нармальныя людзі ведаюць: дах паехаў амаль 25 гадоў таму. І пачаўся гэты «з’езд» даху ў краіне акурат з прыходу да ўлады галоўнага чалавека, у якога ён «паехаў». Так што, як гаворыцца, няма чаго на люстэрка наракаць.

Калі едзе самы адміністрацыйна значны дах – значыць, паедуць і астатнія. Лукашэнка прыстрашыў змяніць урад – і што гэта дасць? Будзе наступны ўрад, у якога сапраўды гэтак жа «паехаў дах». Таму што нармальных людзей ён не паставіць: яны ж пачнуць патрабаваць тых рэформаў, якія сапраўды патрэбныя краіне. І перш за ўсё – вяртанне да дэмакратычных інстытутаў, якія дзейнічаюць.

Таму навошта Лукашэнку здзіўляцца, што дзесьці ў Аршанскім раёне штосьці не так з асобна ўзятым дахам? Яно і будзе не так. Уся краіна сёння так сканструяваная, каб дах працякаў. І такім яго зрабіў сам Лукашэнка.

- Што напраўду можа азначаць такая істэрычная рэакцыя Лукашэнкі на вынікі ягонай «інспекцыі»?

- Я берагу сваю псіхіку і тэлевізар не гляджу – ні беларускі, ні расейскі. Таму я магу даволі дакладна ўявіць сабе, што адбываецца напраўду.

А адбываецца наступнае: гэта ўсё – сутаргавыя рухі Лукашэнкі. Усе гэтыя крыкі і пагрозы закліканы пераканаць народ і самога дыктатара ў тым, што ўсё той жа «неўтаймоўны кіраўнік» знаходзіцца ў поўным здароўі і ў сіле – каб працягваць сваё кіраванне да самай канчатковай фазы жыцця кожнага чалавека.

Вось таму Лукашэнка і злуецца. Злуецца на тое, што старэе. Злуецца на ўласную немач. На тое, што нічога не атрымалася. На тое, што вакол яго – суцэльныя карупцыянеры. Забываючы аб тым, што ўсё гэта закладзена ў ягонай уласнай ментальнасці, якая перадаецца ўсёй ягонай «вертыкалі»: калі ён цягне з народнага бюджэту на ўсе свае рэзідэнцыі, «Боінгі» і «Майбахі», то і падначаленыя будуць гэта рабіць.

Лукашэнка «змагаецца» з самім сабой. І гэта – натуральная барацьба для паджылага мужчыны. Бо ў яго ўжо крызіс сёмага дзясятка гадоў. Гэта многія праходзілі, але мала ў каго была такая «гарачка». Бо і рахункі за зробленае ў жыцці далёка на кожнаму выстаўляюцца ў такой цяжкай форме, як Лукашэнку.

Натуральна, яму трэба як мага больш крычаць на ўсіх і тупаць нагамі. Але ёсць адна сімвалічная дэталь, якая і засмучае і радуе адначасова.

Засмучае тое, што ён на сваім жыццёвым шляху ўжо пачаў вынішчаць «карупцыю» нават сярод патолагаанатамаў. Значыць, ён ужо прадчувае заканчэнне свайго зямнога жыцця і спрабуе «навесці парадак» у той установе, куды збіраецца патрапіць. Гэта, з аднаго боку, засмучае, бо нагадвае нам пра тое, што ў выніку чакае кожнага з нас.

Але гэта і радуе. Бо, з заканчэннем жыцця аднаго чалавека, хутка, у агляднай будучыні, скончыцца і ўся гэтая распачатая ў 1994 годзе «эпапея».

- Пра якія яшчэ важныя «сімптомы» можа казаць нарада аб выніках паездкі ў Аршанскі раён?

- Мы ўбачылі вельмі важны сімптом. Гэта – курчы. Гэта сударгавыя паводзіны. Пра тое, сімптомам чаго яны з'яўляецца, у свой час сказаў доктар Шчыгельскі. А цяпер гэтыя мазаічныя паводзіны ўвайшлі ў хранічную стадыю.

Я не спецыяліст, але, мабыць, мы назіраем адзін з апошніх, крызісных сімптомаў у Лукашэнкі. Мы назіраем курчы.

Спачатку былі размовы пра інсульт – і ў выніку мы на публіцы бачым курчы. Будзем глядзець далей.

- Глядзець – з аптымізмам?

- Усім, хто любіць жыццё і любіць за ім назіраць, гэта, вядома, не можа не спадабацца. Таму што мы жывём у вельмі цікавы час. Сумаваць нам няма калі: увесь час вакол адбываюцца вясёлыя падзеі – прыкладна, як у цырку.

Блазны ўсё тыя ж, жарты ў іх – усё тыя ж. Але па меры таго, як яны старэюць і спрабуюць паўтараць адну і тую ж штуку, становіцца ўсё больш і больш смешна.

Ведаеце, у кіно ёсць такі эфект паўтору. Уявіце сабе фільм, у якім чалавек ідзе і наступае на граблі. У першы раз – так сабе: ну наступіў хтосьці на граблі. У наступны раз ён ідзе па той жа сцежцы і на тым жа месцы наступае на граблі, якія даюць яму па галаве. Ужо хтосьці можа ўсміхнуцца. А калі гэта пакажуць незлічоную колькасць разоў – пачнецца дзікі рогат. Я ведаю гэта, як рэжысёр.

Так што я б казаў не пра аптымізм, а пра добрую клаунаду, якая дзеяцца вакол мяне. Я яе гляджу з цікавасцю і гумарам – як кожны чалавек, які любіць жыццё. Таму што гэта сапраўды смешна.