23 красавiка 2024, aўторак, 20:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фінскія кампаніі маюць вострую патрэбу ў рабочых руках

1
Фінскія кампаніі маюць вострую патрэбу ў рабочых руках

Гэта звязана з агульным эканамічным ростам у краіне.

Блізу паловы фінскіх кампаній заяўляюць, што сутыкаліся з праблемамі пры запаўненні вакантных месцаў. Гэта звязана з агульным эканамічным ростам у краіне.

Пра гэта піша Yle.

Паводле звестак апытання, праведзенага кампаніяй Manpower, якая займаецца арэндай працоўнай сілы, назіраецца недахоп кіроўцаў, абслуговага персаналу і прыбіральшчыкаў.

Сетка раздробных крамаў Lidl гэтым летам правяла рэкламную кампанію, з дапамогай якой прыцягвала новых супрацоўнікаў узроўнем заробку. Кампанія абяцала плаціць на 10 працэнтаў вышэй, чым вызначана калектыўнай працоўнай дамовай.

«Мы з самага пачатку выплачваем супрацоўнікам больш, чым указана ў калектыўнай дамове. Мы наважылі распавесці пра гэта публічна, хоць у Фінляндыі пра гэта не прынята гаварыць», - кажа выканаўчы дырэктар Lidl Лаўры Сіпонен.

Са слоў Сіпонена, Lidl штогод наймае сотні новых работнікаў. На гэты момант новы лагістычны цэнтр у Ярвенпяя мае патрэбу ў 300 дадатковых супрацоўніках.

Канкурэнты адкрыта не адрэагавалі на рэкламную кампанію Lidl. У сетцы крамаў «K» заявілі, што заробкі супрацоўнікаў, як правіла, адпавядаюць узроўню, які вызначаецца калектыўнымі дамовамі, але асобныя прадпрымальнікі могуць плаціць больш, калі лічаць гэта мэтазгодным. SOK адмовіўся каментаваць узровень заробкаў.

Lidl адкрыў сваю першую краму ў Фінляндыі 16 гадоў таму. З тых часоў кампанія неаднаразова крытыкавалася з боку прафзвязаў, але цяпер прафесійныя аб'яднанні задаволены рашэннем нямецкай сеткі.

«У нас склалася такая праблема, што ў прыватным сектары ў сферы гандлю і паслуг мінімальны ўзровень заробкаў, вызначаны ў калектыўнай дамове, на практыцы таксама з'яўляецца максімальным», - кажа старшыня прафзвязу сферы паслуг Анн Селін.

Узровень заробкаў уплывае на канкурэнтаздольнасць фінскай прамысловасці. У апошнія гады заробкі фінскіх работнікаў практычна не павышаліся, што спрыяла аднаўленню фінскай экспартнай прамысловасці. У сувязі з ажыўленнем эканомікі павялічыўся попыт на працоўныя рукі, што ў сваю чаргу можа прывесці да выплаты розных надбавак да заробку.

У той жа час Даследчы інстытут фінскай эканомікі ETLA, блізкі да арганізацый працадаўцаў, папярэджвае пра пагрозу перагрэву эканомікі. Хуткае павышэнне ўзроўню заробкаў прывяло б да пагаршэння сітуацыі з занятасцю і канкурэнтаздольнасцю прамысловасці.

«З пункту гледжання захавання балансу публічнага сектара эканомікі было б добра істотна знізіць беспрацоўе. Калі пачнецца масавае павышэнне заробкаў, гэта не дапаможа ў барацьбе з беспрацоўем», - кажа дырэктар даследаванняў ETLA Міка Маліранта.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках