28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэкрэт №1 пачынае дзейнічаць

180
Дэкрэт №1 пачынае дзейнічаць

Праца за ежу будзе рэальнасцю ў Беларусі.

У Гомелі, Віцебску ды іншых гарадах Беларусі ўжо сфармавалі камісіі «дармаедаў», якія будуць вызначаць лёс значнай часткі беларусаў. Хто ўвайшоў у гэтыя камісіі, паводле якога прынцыпу яны будуць працаваць і як гэта адаб’ецца на нашым жыцці? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да вядомага праваабаронцы, прававога інспектара працы Незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці Леаніда Судаленкі.

- Вы спрабавалі трапіць у камісію «дармаедаў» у Гомелі, але вам адмовілі. На вашую думку - чаго спалохаліся ўлады?

- Калі я падаваў заяўку, я думаў, што мне, як «адвакату дармаедаў», было б нядрэнна прысутнічаць на пасяджэнні камісіі і бачыць яе працу знутры. Што там робіцца за кулісамі гэтай камісіі, як разглядаюцца лёсы «дармаедаў» - бо для адказаў на гэтыя пытанні няма ніякіх выразных крытэраў. Людзей будуць падзяляць на «чыстых» і «нячыстых», як Бог на душу пакладзе.

Асабліва гэта тычыцца пытання з «цяжкай жыццёвай сітуацыяй». Хтосьці не працуе пяць гадоў, а хтосьці тры дні - а чыноўнікі будуць разглядаць, зыходзячы з суб'ектыўных установак. Таму я хацеў быць «вачамі і вушамі» грамадзян у гэтай камісіі - каб перадаваць людзям інфармацыю аб тым, як напраўду яны працуюць.

Відаць, гэтага і баяцца ўлады. Не хочуць дапусціць празрыстасці і галоснасці ў справе прызначэння кагосьці «дармаедам». Я паглядзеў спіс тых, хто патрапіў у камісію: там спрэс - адборныя чыноўнікі. «Грамадскія арганізацыі» прадстаўленыя альбо афіцыйнымі прафсаюзамі, альбо «Чырвоным крыжам», альбо такімі адыёзнымі структурамі, як БРСМ і «Белая Русь».

- Як вы ацэньваеце ступень паўнамоцтваў камісіі? Наколькі іх дзейнасць законная?

- Паўнамоцтвы сябраў камісій досыць шырокія. Я б сказаў: дастатковыя для таго, каб ламаць людскія лёсы.

Камісіі будуць у надзвычайным парадку вызначаць, хто з'яўляецца «дармаедам», а хто не, хто будзе плаціць «камуналку» павышаным тарыфам і рызыкаваць сваёй маёмасцю, а хто - звычайным. Гэта значыць, некалькім чыноўнікам даюцца надзвычайныя паўнамоцтвы для разгляду пытанняў, якія могуць у корані змяніць жыццё чалавека і цэлай сям'і.

Другі момант: гэтыя паўнамоцтвы выцякаюць не з асноўнага закона краіны, а з дэкрэта Лукашэнкі.

І, мабыць, самае важнае: камісіі, прынцып іх працы, логіка прыняцця імі пастаноў для простага чалавека будуць закрытымі. Гэта будзе «суд усляпую».

- Хто, на вашую думку, больш за ўсё рызыкуе трапіць пад «дамоклаў меч» гэтых камісій?

- У камісіі выклічуць тых людзей, якія, з пункту гледжання ўлады, не маюць працы. Думаю, што галоўнымі «кліентамі» камісій стануць людзі, якія праз ўзрост і аб'ектыўныя прычыны доўга не могуць працаўладкавацца.

А для гэтага адкрывае дадатковыя магчымасці яшчэ адна ініцыятыва ўлады - падвышэнне пенсіённага ўзросту.

Вось уявіце: чалавек у 61 год страціў працу - што яму рабіць у нашай краіне? У яго практычна не застаецца іншых шляхоў, акрамя як патрапіць «на дыван» у камісію для «дармаедаў». У дзяржаўных СМІ крычаць: «Вакансіі, вакансіі! Працоўных месцаў больш, чым беспрацоўных». А што гэта за вакансіі? На 100-150 даляраў?

А што могуць прапанаваць у камісіях, якія ўлады горда назвалі «па садзейнічанні занятасці грамадзян»? Працу за ежу - не больш за тое. Праца за ежу будзе рэальнасцю ў Беларусі. Прынамсі, для многіх, хто звернецца ў «дармаедскія камісіі».

- Ці ёсць імавернасць, што камісіі будуць выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы для звядзенне рахункаў з непажаданымі для ўлады людзьмі і палітычнымі апанентамі?

- Калі такі чалавек не працуе - яго будуць выклікаць у камісію і «біць» па ім падвышанымі коштамі камунальных паслуг.

І гэта толькі тое, што мы на сённяшні дзень ведаем. А калі апынецца, што супраць такіх людзей ва ўладаў ёсць яшчэ цэлы арсенал сродкаў? Бо дагэтуль не разгледжанае пытанне, як «дармаеды» будуць аплачваць медыцынскія паслугі. Што, такога чалавека пакінуць паміраць з вострым апендыцытам, пакуль ён не аплаціць поўны кошт аперацыі? Гэта ж вялікія грошы.

У пытанні санкцый супраць «дармаедаў» калёсы запрэглі наперадзе каня. Улады сказалі «А», але не кажуць «Б».

Невядома, што ў іх яшчэ «прыхавана» супраць нас. Але не гэта важна. Галоўнае для нас - не праграмаваць сябе на паразу, ведаць свае правы, бараніць іх і ісці ў гэтай барацьбе да канца.

Напісаць каментар 180

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках