Легенда амерыканскай палітыкі
3- 26.08.2018, 16:42
- 11,313
Памяці Джона Маккейна.
Сенатар ЗША Джон Маккейн, шэсць разоў абраны на гэты пост ад штата Арызона, герой вайны, які амаль шэсць гадоў правёў у катаваннях і ў адзіночнай камеры турмы "Ханой Хілтан", памёр ва ўзросце 81 года, піша "Радыё Свабода".
За дзесяцігоддзі ў Сенаце і падчас дзвюх прэзідэнцкіх кампаній, у якіх ён зазнаў паразу, Маккейн паказаў сябе бескампрамісным палітыкам і чалавекам, які заўсёды наўпрост выказвае свае погляды на праблемы. Апошнія тыдні перад смерцю Маккейн правёў у асяродку сям'і і сяброў на ранча ў Арызоне, чакаючы выхаду ў свет кнігі мемуараў "Неспакойныя хвалі: добрыя часы, правыя справы, вялікія бітвы і астатнія падставы для ўдзячнасці", а таксама паказу дакументальнага фільма пра яго жыццё на HBO. Мемуары ён напісаў ужо пасля таго, як у яго дыягнаставалі рак мозгу ў ліпені 2017 года.
Ва ўрыўках з яго кнігі, якія былі апублікаваныя, Маккейн прызнаецца, што не ўяўляе, колькі часу яму яшчэ наканавана на гэтым свеце. Але гэта не спыніла яго ад крытыкі цяперашняга прэзідэнта Дональда Трампа, ад заўвагі, што ён шкадуе пра свой выбар губернатара Аляскі Сары Пэйлін у якасці кандыдаткі ў віцэ-прэзідэнты ЗША падчас прэзідэнцкай кампаніі 2008 года, і ад клопатаў пра рэпутацыю ЗША ў свеце. Ён мог гэта рабіць за куфлем Absolut Elyx гарэлкі з лёдам. Доўгі час кіраўнік Камітэта Сената ў справах узброеных сілаў Маккейн быў экспертам у пытаннях абароны і вонкавай палітыкі.

Маккейн нарадзіўся на ваеннай базе ў Панаме 29 жніўня 1936 года, у сям'і з глыбокай ваеннай гісторыяй. Пайшоўшы шляхам сваіх бацькі і дзеда (абодва былі адміраламі), ён у 1958 годзе скончыў Ваенна-марскую акадэмію ў Анапалiсе. Менш чым праз 10 гадоў яго накіравалі ў В'етнам. Ягоны самалёт быў збіты над Ханоем, і з гэтага моманту ён стаў чалавекам-легендай. Нягледзячы на тое, што яму зламалі абедзве рукі і калена, нягледзячы на катаванні і доўгія гады ў адзіночнай камеры, ён адмовіўся ад прапанаванай магчымасці выйсці на волю раней за іншых, заявіўшы, што вернецца толькі разам з апошнім амерыканскім ваеннапалонным.

"Я палюбіў сваю радзіму, калі сядзеў у палоне ў іншай краіне, – сказаў ён, выступаючы на з'ездзе Рэспубліканскай партыі ў 2008 годзе, калі яго вылучылі кандыдатам на пост прэзідэнта ЗША. – Я палюбіў яе не проста таму, што тут камфортна жыць. Я палюбіў яе за прыстойнасць, за веру ў розум, справядлівасць і дабрыню яе народа. Я палюбіў яе не толькі як геаграфічнае месца, але як ідэю, як справу, за якую варта змагацца. Я назаўжды змяніўся, я ўжо не належаў сабе, я належаў маёй краіне".
Ягоныя справы супярэчаць гэтым словам. Маккейн заўсёды заставаўся верным сабе таксама. Будучы сенатарам, ён уступаў у бескампрамісную палеміку з прэзідэнтамі, нават ад сваёй партыі, калі меркаваў, што іхняя палітыка не адпавядае ягоным поглядам. Ягоны вобраз у грамадскай думцы мяняўся ад героя вайны да палітычнай іконы і незалежнага палітыка.
Падчас першага тэрміну ў Кангрэсе ён працівіўся пастанове прэзідэнта Рональда Рэйгана, самага паважанага па гэты дзень рэспубліканскага прэзідэнта, размясціць у Бейруце міратворчую групу марскіх пяхотнікаў з абмежаванымі магчымасцямі для самаабароны. Жыццё пацвердзіла, што ягоны непакой быў апраўданым. У кастрычніку 1983 г. экстрэміст-самазабойца на загружаным выбухоўкай грузавіку заехаў у казармы марскіх пяхотнікаў, забіўшы 241 амерыканскага вайскоўца.
Ён стаў яшчэ большай легендай пасля таго, як неаднаразова выступаў супраць палітыкі іншага рэспубліканскага прэзідэнта – Джорджа Буша-малодшага – у сувязі са скарачэннем падаткаў, абвінавачваннямі ў катаваннях зняволеных на базе ў Гуантанама і амерыканскай стратэгіяй у Іраку. Крылатым стаў ягоны выраз з крытыкай Джорджа Буша-малодшага, які пасля першай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Любляне (Славенія) заявіў, што паглядзеў яму ў вочы і ўбачыў душу. "Ён паглядзеў яму ў вочы і павінен быў убачыць тры літары: КДБ", – адгукнуўся Маккейн.
Але і лідарам Дэмакратычнай партыі даставалася ад яго не менш. Ён быў адным з найбольш лютых крытыкаў вонкавай палітыкі прэзідэнта Барака Абамы, ставіў пад сумнеў пастанову вывесці войскі з Ірака, нежаданне падмацаваць сілай слова пра "чырвоную рысу", калі кіраўнік Башар Асад ужыў хімічную зброю супраць уласнага народа.
Мала што змянілася, калі ў 2017 годзе ў Белы дом увайшоў прэзідэнт-рэспубліканец Дональд Трамп. Маккейн прыняў на сябе нехарактэрную для вашынгтонскай палітыкі ролю галоўнага антаганіста прэзідэнта. Яны часта счапляліся публічна, асабліва праз Сірыю, Расею і Кітай.
Трамп не раз публічна зневажаў і рэспубліканцаў, і дэмакратаў, якія паўстаюць у яго на шляху, і назваў Маккейна "некампетэнтным". А падчас прэзідэнцкай кампаніі не менш публічна пасмяяўся з яго, сказаўшы, што Маккейн "стаў героем таму, што трапіў у палон", а Трамп, паводле ягоных словаў, любіць "людзей, якія не былі ў палоне".
Але і Маккейна абвінавачвалі ў тым, што ён за гады сваёй палітычнай кар'еры мяняў погляды – на іміграцыйную палітыку, на аборты, на падаткі. Ён падтрымаў вайну ў Іраку, з яго смяяліся за выбар губернатара Аляскі ў якасці кандыдата ў віцэ-прэзідэнты на выбарах 2008 года, на якіх ён саступіў Бараку Абаму.
У свеце Маккейн быў вядомы тым, што не саромеўся ў выразах – гладзіў некаторых палітыкаў "супраць поўсці" – і гаварыў даходліва словамі, якія рабілі простымі для разумення нават вельмі складаныя праблемы.
Ён быў актыўным прыхільнікам уступлення ўсходнееўрапейскіх краінаў у NATO. У красавіку 2017 года, прыехаўшы ў Чарнагорыю, ён заявіў, што ўступленне гэтай балканскай краіны ў заходні абарончы звяз – якое адбылося праз некалькі тыдняў – было жыццёва важным для стабільнасці рэгіёну і для супольных намаганняў заходніх хаўруснікаў супрацьстаяць росту ўмяшання Расеі.
У 2014 годзе, вярнуўшыся з Украіны, ён спарадзіў яшчэ адзін афарызм: "Расея – гэта бензакалонка, якая прыкідваецца краінай. Гэта клептакраты, гэта карупцыя". Не меншую вядомасць атрымала і ягоная фраза, што Пуцін уяўляе большую небяспеку для свету, чым Ісламская дзяржава.
А ў студзені 2017 года, будучы госцем праграмы "Немцова.Интервью" на Дойчэ Веле, Маккейн наўпрост назваў расейскага прэзідэнта "забойцам, бандытам і прадуктам КДБ, які імкнецца выкарыстоўваць любую сітуацыю на сваю карысць".
Пуцін у адказ у інтэрв'ю рэжысёру Оліверу Стоўну заявіў, што такія людзі, як Джон Маккейн, "жывуць у старым свеце і не хочуць зазірнуць у будучыню". "На самай справе ён мне нават трошкі сімпатычны, так-так-так, я не жартую цяпер, ён сімпатычны мне сваім патрыятызмам і паслядоўнасцю пры абароне інтарэсаў сваёй краіны", – сказаў Пуцін і адразу ж параўнаў Маккейна з Маркам Порцыем Катонам старэйшым , які ўсе свае прамовы сканчаў фразай "Карфаген павінен быць разбураны".
Маккейн не даваў Вашынгтону і свету забыцца пра загінулых за абарону дэмакратыі ў Расеі і пра лёсы расейскай апазіцыі. Вось ягоная малітва пра здароўе Уладзіміра Кара-Мурзы.
У Маккейна засталіся жонка Сіндзі, з якой яны пражылі без малога чатыры дзясяткі гадоў, пяцёра дзяцей і два прыёмныя дзіцяці ад папярэдняга шлюбу.