У «справе медыкаў» затрыманы віцебскі бізнэсовец Леанід Томчын
6- 26.08.2018, 20:04
- 29,047
ФОТА: TUT.BY
З'явіліся новыя драбніцы гучнай справы.
Навіна пра затрыманне старшыні рады дырэктараў найбуйнейшай прыватнай аптэчнай сеткі «Аптэка груп» Леаніда Томчына разляцелася 23 жніўня. Хоць чуткі хадзілі па Віцебску даўно.
Казалі пра тое, што ў панядзелак, 20 жніўня, «людзі ў пагонах» наляцелі на кантору медыцынскай кампаніі. У выніку ператрусу, які працягваўся некалькі гадзін, былі сканфіскаваныя ўсе кампутары. Пра гэта ж у размове з «Віцебскім кур'ерам» распавяла і крыніца з асяроддзя бізнэсоўца.
Іншы суразмоўца, блізкі да кампаніі «ВітФармМаркет», адзначыў, што ператрус праводзілі «людзі са сталіцы», а самога «Леаніда Томчына няма ў Беларусі, ён з'ехаў у Ізраіль».
Да такога павароту падзей тут былі гатовыя з таго дня, як быў затрыманы галоўны лекар Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Анатоль Аладзька, дадаў спадар.
Тым часам паводле інфармацыі tut.by, Томчын быў затрыманы ў панядзелак за даванне хабару.
У КДБ Беларусі не пацвердзілі і не зняпраўдзілі затрыманне прадпрымальніка.
Нагадаем, Леанід Томчын жанаты, мае дзвюх дачок. Жонка - Анжэла Томчына - галоўная лекарка Віцебскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера, дэпутатка Віцебскага абласнога Савета.
Паводле версіі «Ежедневніка» Томчын займае 33-ю пазіцыю ў топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў.
Холдынг «Аптэка груп» зарадзіўся больш за 20 гадоў таму ў Віцебску. У 1995 годзе кампанія «Фарммаркет» занялася пастаўкамі лекавых прэпаратаў у Беларусь і адкрыла першыя чатыры аптэкі ў горадзе над Дзвіной.
Цяпер у холдынг «Аптэка Груп» уваходзяць: 6 раздробных кампаній, два медцэнтры, ІТ-служба, падраздзяленне кантрактнага вырабу лекаў, гуртовая кампанія «ВітФармМаркет», 260 аптэк пад брэндамі ADEL і «Добрыя лекі», 201 гандлёвы аб'ект.