26 красавiка 2024, Пятніца, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Жамчужны амаль бесперапынна знаходзіцца ў штрафным ізалятары

2
Палітвязень Жамчужны амаль бесперапынна знаходзіцца ў штрафным ізалятары
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

Абласны суд прызнаў гэта законным.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што ціск на палітвязня Міхаіла Жамчужнага з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №9 не спыняецца. Да папярэдніх спагнанняў у дачыненні да палітвязня дадаліся наступныя: 10 дзён у штрафным ізалятары ад 31 чэрвеня, 10 дзён - ад 10 жніўня; і зноў 10 дзён - 20 жніўня.

Такім чынам, палітвязень амаль бесперапынна працягвае знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Гэта 35-е спагнанне, вынесенае Жамчужнаму адміністрацыяй Горацкай калоніі са жніўня 2017 года.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо абскардзіў спагнанне, вынесеныя яму яшчэ ў лістападзе 2017 года: 10 дзён ад 1 лістапада, пяць дзён ад 11 лістапада, па 10 дзён ад 16 лістапада і 27 лістапада. Суд Горацкага раёна 20 ліпеня адмовіў у задавальненні скаргаў. Палітвязень абскардзіў гэтую пастанову судзе ў парадку касацыі, але Магілёўскі абласны суд 27 жніўня пакінуў без задавальнення скаргу на пастанову суда.

Адпаведна ў яго прысутнічаюць праблемы з атрыманнем і адпраўленнем карэспандэнцыі. Праз сталае знаходжанне ў штрафным ізалятары ў Міхаіла Жамчужнага адсутнічае магчымасць пісаць лісты. Але падчас "перазагрузкі" (ён так называе прамежак часу паміж заканчэннем і прызначэннем чарговага арышту) яму часам аддаюць дасланыя лісты і газеты, г.зн. бывае магчымасць з імі азнаёміцца. Разлічвае, што ў верасні-кастрычніку атрымае магчымасць трапіць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ), бо яму трэба адседзець не менш за 100 дзён у штрафным ізалятары (у калоніі такая практыка) і будзе магчымасць усім адправіць лісты.

Але пры ўсім пры гэтым Жамчужны адзначае некаторыя паляпшэнні ў дачыненнях з адміністрацыяй калоніі. Пасля чарговага спагнання даюць паперу і асадку для напісання пісьмовых тлумачэнняў (раней, здаралася, не давалі), даюць магчымасць напісаць і адправіць скаргу на пастанову суда (аб спагнаннях), сочаць за наяўнасцю ў яго "мыльных" прылад. Даецца магчымасць рэгулярна назірацца ў медычнай частцы, на скаргі аб стане здароўя медыцынскі персанал рэагуе своечасова. Напрыклад, адзін час у Міхаіла Жамчужнага балела спіна, яе вылечылі таблеткамі. Агулам, на здароўе не скардзіцца.

Тым не менш, сітуацыя са "статусам" пакуль не мяняецца. Але зняволеныя паводзяць сябе больш стрымана, многія ставяцца з разуменнем. Паўторныя звароты ў назіральную камісію не адпраўляў. Па-першае, няма магчымасці, а па-другое, хоча дачакацца ПКТ.

Нагадаем, Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне - шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.

Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся з часу пераводу ў калонію №9, дзе з папушчальніцтва адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізаваная кампанія цкавання, звязаная з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных стасункаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках