Памёр лідар гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч
61- 4.08.2018, 12:27
- 103,663
Музыка памёр у рэанімацыі адной з менскіх лякарняў.
Пра гэта сайту Charter97.org паведаміў музычны крытык Сяргей Будкін.
Паводле ягоных словаў, інфармацыю пра смерць Аляксандра Кулінковіча яму пацвердзілі музыкі гурта «Нейра Дзюбель».
Гэтую ж інфармацыю размесціў у Фэйсбуку калега Кулінковіча Андрэй Сцепанюк.
Паводле словаў Будкіна, учора саліст «Нейра Дзюбеля» трапіў у рэанімацыю. Папярэдняя прычына смерці – вострая форма запалення лёгкіх.
Бубнач «Нейра Дзюбеля» Андрэй Сцепанюк расказаў Charter97.org:
– Яшчэ ў сераду рэпетавалі, рыхтаваліся да фестывалю «Рок за баброў», Саша быў у выдатнай форме, як агурок, тэмпературы не было, піць – не піў, ён увогуле піць не мог апошнім часам. Учора яго нечакана забрала «хуткая дапамога». Ён мне напісаў смс з 3-й клінічнай лякарні Менска, маўляў, у грудзях балюча, быццам там кол... Я паехаў у лякарню, сказалі, што стан цяжкі, нестабільны. Паўтары гадзіны таму паведамілі, што «шырокая параза лёгкавай тканкі і шанцаў не было», – паведаміў Андрэй Сцепанюк Charter97.org.
Андрэй Сцепанюк даслаў Charter97.org апошняе смс Аляксандра Кулінковіча:
Аляксандр Кулінковіч нарадзіўся 18 траўня 1972 годзе ў Смалявічах. У 1989 годзе стварыў панк-рок гурт «Нейра Дзюбель», які з'яўляецца легендай беларускага року. Выпусціў 16 альбомаў.
Музыка быў сябрам заснавальніка сайта Charter97.org Алега Бябеніна. Пасля гібелі журналіста ў 2010 годзе ён прысвяціў яму песню.
Пра дату і месцы развітання будзе паведамлена пазней.
Charter97.org прыносіць спачуванні родным і блізкім Аляксандра Кулінковіча.