Гомельскія журналісты салідарныя з Ларысай Шчыраковай
1- 5.08.2018, 21:53
- 9,426
Яны патрабуюць ад уладаў спыніць пераслед журналісткі.
Актывісты гомельскай філіі БАЖ (Беларуская асацыяцыя журналістаў) падпісалі калектыўны зварот у Буда-Кашалёўскі і Гомельскі РАУС у падтрымку сябра арганізацыі журналісткі - фрылансеркі Ларысы Шчыраковай, паведамляе гомельская «Весна».

У дачыненні да яе ў чэрвені гэтага года супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 22.9 «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Журналістку абвінавацілі ў вырабе сюжэтаў для тэлеканала «Белсат».

Сябры журналісцкай арганізацыі выказалі занепакоенасць у сувязі з адміністрацыйным пераследам незалежнай журналісткі і заклікалі кіраўнікоў Буда-Кашалёўскага РАУС Віталя Падаруна і кіраўніка РАУС Гомельскага раёна Васіля Краўцова «садзейнічаць спыненню неабгрунтаванага ўмяшання падпарадкаваных вам супрацоўнікаў РАУС у права журналістаў на свабоднае атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, гарантаваныя арт 33, 34 Канстытуцыі Беларусі».

Нагадаем, сёлета ў дачыненні да журналісткі было складзена звыш 10 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 22.9. 5 з іх трапілі ў суд, журналістка была аштрафаваная на буйныя сумы.



