26 красавiка 2024, Пятніца, 5:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Штурхнуў шарагоўца ў яму, кідаў у яго рыдлёўкамі»

14
«Штурхнуў шарагоўца ў яму, кідаў у яго рыдлёўкамі»
ФОТА: TUT.BY

Дапыталі яшчэ аднаго абвінавачанага паводле справы Коржыча.

Суд паводле гучнай справы аб гібелі ў Печах Аляксандра Коржыча працягваецца. У працэсе ўжо дапыталі сяржантаў Яўгена Бараноўскага і Ягора Скуратовіча. У чацвер свае пытанні пракурор задаў апошняму з абвінавачаных - Антону Вяжэвічу, паведамляе tut.by.

Антону 22 гады, 9 класаў адукацыі. Разам з жонкай яны выхоўваюць 5-гадовага сына.

ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА

У войска яго прызвалі ў траўні 2016-га. У красавіку 201-га стаў сяржантам і атрымаў пасаду намесніка камандзіра ўзвода.

Антон Вяжэвіч кажа гучна і ўпэўнена. У руках трымае лісты, дзе пералічаныя эпізоды, у якіх яго абвінавачваюць. Пачынае з прадуктовай платы за наведванне крамаў. Шмат разоў ён паўтарае: ад шарагоўцаў нічога не патрабаваў. Хабарам гэта не лічыць.

- Гэта гучала так: купі пакуначак кавы, але адсоткаў 70 ішло камандзіру роты, - тлумачыць сваю пазіцыю Антон Вяжэвіч.

ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА

Аднак пракурор зачытвае немалы спіс выпадкаў, калі салдаты вярталіся з крамы з «прэзентамі» для сяржанта. У гэтым пераліку - вафлі, пірожныя, кола, цыгарэты, кава. Абвінавачаны прызнае не ўсе эпізоды.

- З шарагоўцам К. у нас не было стасункаў! - ён эмацыйна рэагуе на чарговы выпадак. - Я ведаў, што ў яго бацька палкоўнік, і не чапаў. Хутчэй за ўсё ён хлусіць! - запэўнівае Вяжэвіч, што нічога ў К. не браў, а пазней дапаўняе: толькі ўзяў у пазыку 15 рублёў.

Абагульняючы гэтыя эпізоды, Вяжэвіч яшчэ раз паўторыць: ён не патрабаваў, прасіў.

- Калі яны казалі: «Мала грошай», я казаў: «Не лёс», - рэзюмаваў Вяжэвіч. У такіх выпадках, успамінае, ён сам браў у пазыку грошы і купляў прадукты для камандзіра роты. На пытанне, ці ведалі жаўнеры, што прадукты ідуць афіцэру, абвінавачаны адказаў:

- Калі ніхто не хацеў ісці ў чыпок, я казаў, што трэба купіць для Сукавенкі, а то ў мяне няма сродкаў.

«Прадуктовыя гісторыі» здараліся і кожную нядзелю, калі да шарагоўцаў прыязджалі родныя і прывозілі ежу. Вяжэвіч зноў гаворыць, што нічога ў гэты дзень у салдатаў не патрабаваў і не забіраў.

- Цікавіўся, ці маглі яны падзяліцца. Мэта была - сабраць «пайку» для Сукавенкі на панядзелак, - распавядае Вяжэвіч. - Ён патрабаваў, каб кожны панядзелак мы прыносілі яму прадукты ў канцылярыю.

«Пайка», адзначае, збіралася немаленькая.

ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА

Нагадаем, Вяжэвіч праходзіць пацярпелым у справах старэйшага лейтэнанта Сукавенкі і прапаршчыка Вірбала аб нестатутных узаемаадносінах.

Таксама Антон Вяжэвіч не адмаўляе, што ўзяў ад двух шарагоўцаў грошы за карыстанне мабільнікамі. Свой учынак ён тлумачыць тым, што яго цікавіла купіць берцы, якія ў належны тэрмін не выдаў прапаршчык Вірбал.

- У мяне было 15 рублёў, а берцы каштавалі 50, - распавядае ён. - Таму мне давялося ўзяць грошы за карыстанне мабільнікамі.

За гэта сяржант «не заўважаў» у салдатаў мабільнікі.

Пасля адбою, успамінае, быў выпадак, калі ён прымусіў шарагоўцаў адціскацца.

- Гэта для выхавання асабовага складу, - тлумачыць ён свой учынак. - Яны шумелі, на мае заўвагі не звярталі ўвагу. Я падняў, сказаў прыняць ўпор лежачы. Яны раз дзесяць адціснуліся - і цішыня.

Вяжэвіч распавядае, што мог ударыць салдата, напрыклад, па шыі ці па назе, прымусіць адціскацца і прысядаць. Аднак з колькасцю раз, якія агучвалі шарагоўцы, часта не згодны.

- Максімум 10 раз, - удакладняе ён момант з прысяданнямі і адцісканнямі і тлумачыць, што рабіў так толькі, калі на тое была прычына.

Напрыклад, калі чалавек адмаўляўся вучыць тэхніку бяспекі ў танку ці не слухаўся. Так, адзін з шараговец «мог рабіць, што хацеў», казаў: «У мяне тата палкоўнік, усё вырашыць». За гэта, уласна, і прысядаў.

- У мяне не было мэты зняважыць, - адказвае Вяжэвіч. - Віну сваю прызнаю, але рабіў гэта не без прычыны. Згодны, што мае дзеянні былі незаконныя, у сваіх дзеяннях раскайваюся.

Далей пракурор агучвае пакаранні, якія ў сваёй практыцы выкарыстоўваў Вяжэвіч. Напрыклад, аднаго шарагоўца ён некалькі разоў прымусіў рассцілаць свой ложак. Іншаму за брудныя берцы выціснуў на рукі абутковы крэм і прымусіў чысціць. Трэцяга прышпіліў наручнікамі. Была і сітуацыя з Коржычам. Паводле версіі абвінавачвання, сяржант сапхнуў шарагоўца ў яму і кінуў у яго пяць рыдлёвак. Аднак Антон апісвае гэтую сітуацыю па-іншаму:

- Я яго не штурхаў, у яму ён сам саскочыў. Рыдлёўкі я кідаў дзесьці за метр, паўтара ад яго. Мэты зняважыць і прычыніць боль у мяне не было.

- Ці можаце сказаць, што вашы дзеянні пацягнулі цяжкія наступствы - самагубства Коржыча? - звярнуўся да Вяжэвіча пракурор.

- Я не згодны, што нашы дзеянні маглі прывесці да таго, што чалавек павесіўся, - адказаў абвінавачаны. - Мы не стваралі ўмоў, у якіх было цяжка служыць.

ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА

Нагадаем, у давядзенні да самагубства шарагоўца Аляксандра Коржыча абвінавачваюць траіх сяржантаў: Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча, Антона Вяжэвіча. Ім ставяць у віну ч. 3 арт. 455 КК (Злоўжыванне ўладай, якое пацягнула цяжкія наступствы), ч. 1, 2 арт. 430 (Атрыманне хабару), Бараноўскаму яшчэ і ч. 1 арт. 205 (Крадзеж). Максімальны тэрмін - 12 гадоў пазбаўлення волі.

Працэс паводле справы аб гібелі салдата Коржыча вядзе суддзя Алег Лапека, дзяржабвінаваўца - Юры Шарснёў.

Цела Аляксандра Коржыча з майкай на галаве і з чаравікамі, звязанымі шнуркамі, было знойдзена 3 кастрычніка 2017 года.

Маці салдата працягвае настойваць на версіі забойства сына, сцвярджаючы: у сына не было суіцыдальных думак, ён хацеў вярнуцца на «грамадзянку» і будаваў планы на будучыню. Псіхіятры падчас працэсу распавялі, што гутарылі з Коржычам і паставілі яму дыягназ «здаровы». Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках