26 красавiка 2024, Пятніца, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«А калі «грамадзяне» не захочуць бачыць помнік Леніну?»

31
«А калі «грамадзяне» не захочуць бачыць помнік Леніну?»
Фота: «Радыё Свабода»

Старшыня Саюза мастакоў Беларусі задаў Менгарвыканкаму нязручнае пытанне.

У Менгарвыканкаме патлумачылі, чаму памятную дошку да 100-годдзя БНР дагэтуль не могуць усталяваць. Прычына - зварот «шэрагу грамадзян з негатыўным стаўленнем», паведамляе «Белсат».

Як вынікае з афіцыйнага адказу Менгарвыканкама, які атрымала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), шыльду пакуль не ўсталёўваюць на просьбу грамадзян «Быў шэраг зваротаў ад грамадзян Беларусі і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўсталявання памятнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9. Пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця пастановы Менгарвыканкама для ўсталявання мемарыяльнай дошкі знаходзіцца на разглядзе», - гаворыцца ў лісце ад намесніка старшыні Менгарвыканкама Ігара Юркевіча, які цытуе nn.by.

Сёлета ў сакавіку гарадскія ўлады дазвол далі - нават была прызначаная дата ўрачыстага адкрыцця. Людзі сабралі грошы на выраб шыльды за некалькі гадзін. Праз краўдфандынгавую платформу «Талака» ахвяравалі 7500 рублёў (хоць неабходна было толькі 6000). Дошку вылілі ў бронзе, працаваў над ёй скульптар Ігар Засімовіч.

Але раптам, незадоўга да ўсталявання, улады перадумалі. Пасяджэнне мастацкага камітэта пры выканкаме некалькі разоў пераносілі на розныя прычыны (напрыклад, спасылаліся на адпачынкі функцыянераў). У выніку пытанне засталося адкрытым. Перапіску з Менгарвыканкамам вёў старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца.

- Яны - гаспадары свайго слова, я бачу, самі слова далі - самі забралі. Са свайго боку мы зрабілі ўсё паводле закону, за паводзіны чыноўнікаў адказваць не магу. Гэтая «група грамадзян» проста вызначыла скасаваць гістарычны факт. Скажыце, а калі грамадзяне напішуць зварот, што не жадаюць бачыць помнік Леніну на галоўнай плошчы - яго што, не будзе, прыбяруць? Я думаю, за гэта выступаюць тыя, каму страшна не падабаецца беларуская гісторыя і дзяржаўнасць. «На просьбу працоўных» можна зрабіць усё, што заўгодна, - сказаў Сітніца ў каментары belsat.eu

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках