26 красавiка 2024, Пятніца, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь не будзе экспартаваць нафтапрадукты праз Расею

10
Беларусь не будзе экспартаваць нафтапрадукты праз Расею

Ці адаб'ецца гэта на ўзаемастасунках дзвюх краін?

Эксклюзіўны трэйдар беларускіх НПЗ ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» (БНК) захавае існую структуру лагістыкі экспарту нафтапрадуктаў праз балтыйскія парты. Кошт паставак праз расейскія парты даражэйшы, паведаміў журналістам у чацвер у Менску камерцыйны дырэктар БНК Сяргей Грыб у кулуарах міжнароднай канферэнцыі ў гандлі нафтапрадуктамі, якую арганізавала ВА «Беларуснафта», паведамляе «Інтэрфакс».

«Неабходна глядзець тарыфную палітыку як чыгункі, так і тэрміналаў па перавалцы. Калі складаць у комплексе як перавалку, так і транспартаванне, то цяпер выдаткі на пастаўкі вышэйшыя ў Расеі, чым у краінах Балтыі», - сказаў С.Грыб.

Аднак, ён падкрэсліў, што «мы даем пакупнікам магчымасць выбару партоў пастаўкі і гатовыя выканаць іх пажаданні». У той жа час, на практыцы для пакупнікоў «кошты пастаўкі праз балтыйскія парты лепшыя, чым праз расейскія», канстатаваў прадстаўнік БНК.

Са слоў С.Грыба, сёлета праз расейскія парты БНК пераправіла амаль 40 тысяч тон. Ён паведаміў, што праз парты Латвіі за 8 месяцаў БНК экспартавала 2,94 млн тонаў нафтапрадуктаў (рост на 1,5% да аналагічнага перыяду 2017 года), праз літоўскія парты - 1,06 млн тонаў (на 2,8% менш), праз парты Эстоніі транспартаванне беларускіх нафтапрадуктаў вырасла ў 9,3 разы да 444 тысяч тон.

С.Грыб таксама адзначыў, што налета «структура перапраўкі праз балтыйскія парты, хутчэй за ўсё, не зменіцца».

У 2018 годзе БНК захавае экспарт нафтапрадуктаў на леташнім узроўні 11 млн тон, паведаміў камерцыйны дырэктар. З ягоных слоў, асноўнымі рынкамі БНК для пастаўкі светлых нафтапрадуктаў з'яўляюцца Украіна, краіны Балтыі, Польшча.

Як паведамлялася, расейскі бок неаднаразова заяўляў аб зацікаўленасці пераарыентаваць перапраўку экспарту беларускіх нафтапрадуктаў з балтыйскіх партоў на парты ў РФ.

Летась прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прапанаваў абавязаць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы выкарыстоўваць расейскія чыгункі і парты для экспарту нафтапрадуктаў. Ён падкрэсліваў неабходнасць звязаць пытанне атрымання «нашай нафты з выкарыстаннем нашай інфраструктуры».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках