Гамяльчанка распавяла пра рабаванне на трасе «Гомель-Адэса»
21- 8.09.2018, 13:49
- 39,273
Выпадак не адзінкавы.
Кампанія гамяльчукоў, якія учатырох ехалі на аўтамабілі ў Адэсу, зведала рабаўніцтва за 70 км ад канчатковага пункта падарожжа.
Чытачка «Сильных новостей» распавяла пра напад. З ейных слоў, 3 верасня за 70 кіламетраў ад Адэсы кампанія спынілася на прывал, каб падрамаць у аўто. Каля пяці раніцы пачуўся грукат, ад якога падарожнікі прачнуліся. Яны паспелі пабачыць толькі, як невядомыя за лічаныя секунды дасталі з багажніка заплечнікі турыстаў і пусты кашалёк, заскочылі ў аўтамабіль і памчаліся.
Аўтамабіль турыстаў стаяў на паркоўцы каля заправачнай станцыі пад святлом ліхтара і відэакамерамі. Супрацоўнікі АЗС і кавярні, якія знаходзіліся там жа, распавялі, што гамяльчукам яшчэ пашанцавала. Звычайна рабаўнікі рэжуць колы і разбіваюць бакавыя вокны аўто. Са слоў мясцовых, гэта адбываецца ўжо шмат гадоў і ўсе пра гэта ведаюць. Паліцыя на месца здарэння дабіралася блізу двух гадзін, што супрацоўнікаў запраўкі таксама не здзівіла.
Як распавялі паліцэйскія, яны старанна спрабуюць злавіць рабаўнікоў: ловяць «на жыўца», стаяць у засадах, патрулююць трасу, але пакуль усё безвынікова. З іх слоў, рабаўнікі валодаюць не усходнееўрапейскай знешнасцю, а ахвярамі часцей за ўсё становяцца турысты.
Праўда, украінцы, як высветлілася таксама становяцца ахвярамі такога рабавання. Як паведамляе сайт «Культурометр Одессы», 1 верасня на АЗС каля пасёлка Шарын у Уманскім раёне чацвёра кіяўлян, якія ехалі ў Адэсу на пазадарожніку «Фольксваген», спыніліся адпачыць. Але як толькі ўсе заснулі, невядомыя напалі на джып, выбілі шкло і выкралі сумкі. Мужчына паспрабаваў прадухіліць рабаванне і схапіўся за сумкі знутры машыны. Праўда, гэта не вельмі дапамагло - рабаўнікі апынуліся дужымі хлопцамі і проста выцягнулі яго разам з нарабаваным праз акно. Бандыты выйшлі на «вялікую дарогу» без масак ці балаклаў, а «працавалі» проста ў кофтах з капюшонам. Калі на месца злачынства прыбыла паліцыя, то турысты змаглі пачуць па рацыі, што за 15 км ад іх адбыўся аналагічны напад.