Увесь экспарт беларускай свініны – пад пагрозай
6- 8.09.2018, 18:32
- 16,609
Практычна кожны тыдзень Рассельгаснагляд «радуе» нас навінамі.
Не стаў выключэннем і гэты тыдзень. Але калі ў сераду, 5 верасня, на сайце расейскай нагляднай установы было размешчанае ўжо звыклае паведамленне, што яна вымушаная ўзмацніць кантроль прадукцыі яшчэ чатырох сельгаспрадпрыемстваў Беларусі праз парушэнні санітарна-ветэрынарных патрабаванняў, то ў чацвер, 6 верасня тут з'явілася сапраўдная «бомба», піша «Экономическая газета».
Аднак пра ўсё па парадку. Паводле першага паведамлення «пад раздачу» з боку расейцаў патрапілі кампаніі «Брэсцкія традыцыі» і «Старфуд», Жыткавіцкае райпа і птушкафабрыка «Світанак». У асноўным ім інкрымінуецца спроба пастаўкі мясной прадукцыі, вырабленай з мяса птушкі, якая змяшчае кокцыдыастатыкі – ветэрынарныя прэпараты, якія лечаць жывёлаў, але зніжаюць імунітэт і выклікаюць дызбактэрыёз у чалавека. Натуральна, іх наяўнасць у мясной прадукцыі забароненая. Асабліва вылучыліся вытворцы з Жыткавічаў – яны спрабавалі ўвезці ў Расею ялавічыну, якая ўтрымлівае кішачную палачку.
У падобных выпадках дзеянні кантралёраў строга рэгламентаваныя – прадукцыя «заварочваецца» на мяжы, а яе вытворца трапляе ў «чорныя спісы» Рассельгаснагляду і потым доўга павінен даказваць, што ён «не вярблюд».
Падобныя навіны апошнім часам сталі настолькі звыклымі, што на гэты ліст можна было б увогуле не звяртаць увагу, калі б на наступны дзень не здарылася значна больш страшнае. Як паведаміў расейскі бок, у гатовых мясных вырабах, якія паступілі з беларускага прадпрыемства ААТ «Гродзенскі мясакамбінат», была выяўленая ДНК вірусу афрыканскай чумы свіней (АЧС).
АЧС хвароба звышзаразная, ветэрынары баяцца яе, як агню, краіны (раёны), дзе яна выяўленая, становяцца ізгоямі і застаюцца такімі, пакуль цалкам не знішчаць пагалоўе свіней. Беручы пад увагу ўсё сказанае, Рассельгаснаглядам прынятая пастанова з 7 верасня 2018 года ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі з названага прадпрыемства ў Расею.
Сітуацыю пагаршае той факт, што раней Гродзенскі мясакамбінат ужо «засвяціўся» са сваёй мясапрадукцыяй, атрымаў «чорную пазнаку», але пад гарантыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча абмежаванні былі знятыя з 16 ліпеня 2018 г. Не прайшло і месяца, як следам чарговы «пракол». Вось кошт нашым гарантыям.
У выніку Рассельгаснагляд абвесціў, што пакідае за сабой права ўвесці абмежаванні на ўсю гатовую мясную прадукцыю, якая ўтрымлівае свініну, што паступае ў Расею з Беларусі. Такім чынам, адзін нядобрасумленны пастаўшчык паставіў пад пагрозу экспарт прадукцыі ўсёй краіны.