20 лютага 2019, Серада, 13:41
Заклік Рады БНР
Рубрыкі

Новыя дарожныя знакі: чаму іх няма ў ПДР і дзе іх будуць усталёўваць

3

Новыя знакі былі прынятыя з 1 студзеня.

«Практычна ўсе «новыя», прынятыя з 1 студзеня, дарожныя знакі мы ўжо рабілі раней», - распавядаюць спецыялісты ЗАТ «Фабрыка знакаў», якія не адзін дзясятак гадоў вырабляюць гэтую прадукцыю. А ў Мінтрансе tut.by ўдакладнілі: «Дададзеныя ў стандарт знакі носяць рэкамендацыйны характар - іх няма ў ПДР, а значыць, усталёўваць іх можна на жаданне».

У абноўленым з 2019 года СТБ 1140-2013 «Тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху. Знакі дарожныя. Агульныя тэхнічныя ўмовы» з'явіліся новыя дарожныя знакі. Аднак вытворцы адзначаюць, што, вывучыўшы дакумент, яны зразумелі: «Новага ў ім вельмі мала».

- Пралісталі гэтую кнігу, паглядзелі: новыя знакі абазначаныя тут цёмна-сінім колерам - для нагляднасці і для таго, каб іх можна было адрозніць ад тых, што ўжо выкарыстоўваюцца. Фактычна, да новых мы аднеслі ўсяго два знакі: аплата праезду транспарту на платных дарогах і мама з дзіцем, які правільна называецца 7.24 «Служыце прыкладам свайму дзіцяці», - кажа спецыяліст па продажах ЗАТ «Фабрыка знакаў» Іван Паляк.

Знак «Мама з дзіцем» будзе ўсталёўвацца паблізу пешаходных пераходаў, якія знаходзяцца каля дзіцячых устаноў, але не на ўсіх, а там, дзе найбольш інтэнсіўная транспартная плынь.

- Некаторыя пытанні ў нас узніклі паводле схемы руху да пункта аплаты праезду платнымі дарогамі: чорная стрэлка паказвае, дзе знаходзіцца пункт BelToll. Нам знак здаўся незразумелым для ўспрымання. Хоць, магчыма, на вялікім указальніку відаць будзе лепш...

- Усе астатнія дарожныя знакі: пачатак і канец сумешчаных веласіпедных і пешаходных дарожак, фотакантроль, сумешчаныя АЗС - мы ўжо выраблялі і раней, у якасці доследных узораў, хоць у СТБ яны не былі ўключаныя. Нам даслалі спецыяльную маштабную сетку-схему, з указаннем памераў знакаў, колеру і іншых нюансаў - па ёй мы працавалі, - кажа Іван Паляк. - Цяпер проста ўсё прывялі ў парадак - гэтыя знакі ўключаныя ў дзейны стандарт.

Паводле новых патрабаванняў знак «Кантроль рэжыму руху» будзе дублявацца на падзяляльнай паласе, бо ў варунках інтэнсіўнай транспартнай плыні не ўсе кіроўцы яго заўважалі.

Акрамя таго, высветлілася, што цяпер згодна з абноўленым стандартам трэба будзе вырабляць знак, які інфармуе пра пад'езд да аднарэйкавай і шматрэйкавай чыгункі, меншага памеру, чым раней.

- Ніякіх асаблівых змяненняў у прынятым што да дарожных знакаў СТБ чакаць не варта, - растлумачыў начальнік галоўнай управы аўтамабільных дарог Мінтранса Аляксандр Галаўнёў. - Цяпер развязваецца толькі адно пытанне, звязанае з гэтым СТБ: уважаць знак фотафіксацыі за папераджальны ці інфармацыйны. Але для карыстальніка гэта пытанне не галоўнае, для людзей важней, каб гэтыя знакі былі ўсталяваныя. Ну, а больш нічога мяняцца не будзе.

Аляксандр Галаўнёў растлумачыў, што з ініцыятывай аб распрацоўцы новых дарожных знакаў выступала ДАІ, таму дапаўненні і былі ўнесеныя.

- Хоць, на маю думку, уносіць гэтыя дапаўненні было яшчэ рана - бо цяпер яны носяць рэкамендацыйны характар. Усё таму, што яны не ўнесеныя ў дзейныя Правілы дарожнага руху - дакумент, які з'яўляецца абавязковым.

Галоўны дарожнік растлумачыў таксама, чаму знакі «аднарэйкавай чыгункі» і «шматрэйкавай чыгункі» будуць цяпер меншага тыпаразмеру, чым гэта было раней.

- Гэта зроблена для эканоміі сродкаў. Бо пры пад'ездзе да чыгуначнага пераезду гэтыя знакі дублююцца, да таго ж кіроўцы іх не праязджаюць на вялікай хуткасці. А для візуальнага ўспрымання гэтых указальнікаў дастаткова і прынятага цяпер тыпаразмеру.